Я стрымаўся, каб не пакрытыкаваць яго этымалагічныя разважанні, але і мне ў сваю чаргу хацелася паказаць сваю праніклівасць, і я сказаў:
— Пачакайце, пане. Мірон прысвяціў нейкую рэч, але мне зусім не здаецца, што гэта была вось гэтая статуя.
— Ды як жа! — закрычаў ён.— Хіба Мірон не быў славутым грэчаскім скульптарам? Талент перадаўся дзецям і ўнукам, і адзін з нашчадкаў стварыў гэтую статую. Усё вельмі проста.
— Але,— запярэчыў я,— тут на руцэ ёсць невялікая адтуліна. Я думаю, яна зроблена на тое, каб нешта замацаваць, напрыклад бранзалет, які гэты Мірон падараваў Венеры ў якасці пакаяльнай ахвяры. Мірон быў нешчаслівым каханкам. Венера раззлавалася на яго, і ён улагодзіў яе, падараваўшы ёй залаты бранзалет. Заўважце, што fecit, зрабіў, часта ўжываецца замест consecravit, падараваў. Гэта сінанімічныя словы. Я б вам прывёў болей прыкладаў, калі б меў пад рукой Грутэра[58] або Орэлі[59]. Цалкам натуральна, што закаханы прысніў Венеру, яму падалося, што яна загадвае падараваць залаты бранзалет яе статуі. Мірон даруе ёй бранзалет... Пасля варвары або які святакрадца...
— А! Адразу відаць, што вы пішаце раманы! — закрычаў мой гаспадар і падаў мне руку, дапамагаючы спусціцца.— Не, пане, гэта твор Міронавай школы. Вы толькі паглядзіце на працу, і вы пераканаецеся самі.
Узяўшы сабе за правіла ніколі не спрачацца з упартымі аматарамі старажытнасцяў, я схіліў галаву і згадзіўся:
— Гэта выдатны твор.
— А Божа! — закрычаў пан дэ Пэрарад.— Яшчэ адзін след вандалізму! У маю статую кінулі камень!
Ён заўважыў белы след каменя над самымі грудзьмі Венеры. Я ўбачыў падобны знак на пальцах правай рукі і падумаў тады, што камень, ляцеўшы, зачапіў і пальцы або кавалачак каменя адкалоўся ад удару і адскочыў па руцэ. Я расказаў майму гаспадару пра спробу абразы, якой я быў сведкам, і пра неадкладнае пакаранне. Ён доўга смяяўся і, параўнаўшы чалядніка з Дыямедам[60], пажадаў яму, каб ён, як і гэты грэчаскі герой, убачыў, як усе яго сябры перакінуцца ў белых птушак.
Зазваніў звон да снядання, перапыніўшы нашу гутарку на класічныя тэмы, і, як і напярэдадні, мне прыйшлося есці за чацвярых. Пасля да пана дэ Пэрарада прыйшлі фермеры, і пакуль ён з імі размаўляў, яго сын павёў мяне паказаць экіпаж, які ён купіў для сваёй нявесты ў Тулузе і які, натуральна, прывёў мяне ў захапленне. Пасля я зайшоў з ім у стайню, дзе ён паўгадзіны расхвальваў мне сваіх коней, расказваў мне іх радавод, пералічваў прызы, што яны выйгралі на дэпартаменцкіх спаборніцтвах. Пасля ён пачаў гаварыць мне пра сваю будучую жонку, перайшоўшы да яе ад расказаў пра шэрую кабылу, што ён для яе рыхтаваў.
— Сёння мы яе пабачым,— сказаў ён.— Не ведаю, ці здасца яна вам прыгожай. Вы там, у Парыжы, занадта пераборлівыя, але тут, у Перпіньяне, усе лічаць яе чароўнай. А галоўнае — яна вельмі багатая. Яе цётка з Прада пакінула ёй сваю маёмасць. О, які я буду шчаслівы!
Я быў глыбока абураны, што хлопца значна болей цікавіць пасаг, чым прыгожыя вочкі маладой.
— Вы знаецеся на каштоўнасцях,— працягваў пан Альфонс,— як вам падабаецца вось гэта? Гэта пярсцёнак, што я ёй заўтра падарую.
Сказаўшы гэта, ён зняў з першай костачкі свайго мезенца тоўсты пярсцёнак, упрыгожаны брыльянтамі, у форме дзвюх пераплеценых рук — вобраз, што падаўся мне незвычайна паэтычным. Даўнейшай работы, але мне здалося, што яго перарабілі, каб уставіць брыльянты. Унутры пярсцёнка можна было прачытаць надпіс гатычнымі літарамі: Sempr'ab ti, гэта значыць: «Назаўсёды з табою».
— Прыгожы пярсцёнак,— сказаў я,— але з-за гэтых брыльянтаў ён трошкі страціў сваю адметнасць.
— О, так ён значна прыгажэйшы,— сказаў ён з усмешкай.— Тут брыльянтаў на тысячу дзвесце франкаў. Мне дала яго маці. Гэта вельмі старажытны фамільны пярсцёнак... яшчэ з рыцарскіх часоў. Яго насіла мая бабуля, а яна атрымала яго ад сваёй бабулі. Бог ведае, калі ён быў зроблены.
— У Парыжы,— зазначыў я,— звычайна даруюць просты пярсцёнак, часцей за ўсё зроблены з двух розных металаў, напрыклад з золата і плаціны. Вось, дарэчы, гэты пярсцёнак на вашым пальцы падышоў бы куды больш. А гэты з брыльянтамі такі вялікі, што з ім на руку і пальчатку не надзенеш.
— Ат, нічога. Мая будучая жонка сама вырашыць, што з ім рабіць. Думаю, што яна ў любым выпадку будзе рада яго атрымаць. Тысяча дзвесце франкаў на пальцы — гэта прыемна. А гэты маленькі пярсцёнак,— дадаў ён, задаволена паглядзеўшы на просценькі пярсцёначак, што быў у яго на руцэ,— падаравала мне ў Парыжы адна жанчына падчас карнавалу. Ах, як я пагуляў, калі быў у Парыжы два гады таму! Во дзе людзі весяляцца!..— уздыхнуў ён з жалем.
Таго дня мы мусілі абедаць у Пюігарыгу, у бацькоў маладой. Мы селі ў экіпаж і накіраваліся ў замак, што быў прыблізна за паўтара лье ад Іля. Мяне прадставілі і сустрэлі як старога сябра. Я не буду казаць пра абед і пра гутарку, якая пасля завязалася і ў якой я амаль не браў удзелу. Пан Альфонс, што сядзеў побач са сваёй нявестай, праз кожныя чвэрць гадзіны шаптаў ёй нешта на вуха. Што да яе, яна не паднімала вачэй і кожнага разу, як будучы муж нешта ёй казаў, сціпла чырванела, але адказвала без замяшання.
Панне дэ Пюігарыг было васемнаццаць гадоў, яе танклявая і зграбная постаць вельмі кантраставала з мажной фігураю яе дужага жаніха. Яна была не проста прыгожая, але прывабная, спакуслівая. Я дзівіўся дасканалай простасці ўсіх яе адказаў. А яе добры твар, у якім праглядалася трошкі хітрасці, мімаволі нагадаў мне гаспадарову Венеру. Зрабіўшы ў думках гэткае параўнанне, я задумаўся, ці перавага ў прыгажосці, якую ўсё ж належала аддаць статуі, не тлумачылася галоўным чынам драпежнасцю ў выразе яе твару? Бо сіла, нават у благіх праявах, заўсёды выклікае ў нас здзіўленне і нейкае міжвольнае захапленне.
«Як шкада,— падумаў я, пакідаючы Пюігарыг,— што такая прывабная дзяўчына багатая і што дзеля яе пасагу яе выбірае чалавек, які яе няварты!»
Вярнуўшыся ў Іль і не знайшоўшы што сказаць пані дэ Пэрарад, да якой я час ад часу лічыў прыстойным звяртацца, я зазначыў:
— Вы тут у Русільёне проста вальнадумцы! Як жа вы, пані, ладзіце вяселле ў пятніцу? У нас у Парыжы болей забабонаў, ніхто б не наважыўся ажаніцца ў гэты дзень.
— Ай, не кажыце мне,— адказала яна.— Калі б вырашала я, дык, вядома ж, выбралі б іншы дзень. Але ж так захацеў Пэрарад, і мы мусілі яму саступіць. Аднак мяне гэта непакоіць. А раптам здарыцца якое няшчасце? Нешта ў гэтым ёсць, бо інакш чаму ўсе так баяцца пятніцы?
— Пятніца, Veneris dies — гэта дзень Венеры! — закрычаў яе муж.— Найлепшы дзень для вяселля! Бачыце, мой дарагі калега, я толькі і думаю што пра маю Венеру. Слова гонару, менавіта дзеля яе я і выбраў пятніцу. Заўтра перад вяселлем, калі хочаце, мы складзем ёй маленькую ахвяру, мы ахвяруем ёй дзвюх галубак, а калі б я ведаў, дзе ўзяць кадзідла...
— Ты, Пэрарад, ужо зусім даўся! — перапыніла яго абураная жонка.— Кадзіць стодзіву! Такая ганьба! Што пра нас будуць казаць у наваколлі!
— Ну, тады,— сказаў пан дэ Пэрарад,— ты хоць бы дазволіш мне ўскласці ёй на галаву вянок з лілей і руж:
Бачыце, пане, «Канстытуцыя» — пустое слова. У нас няма свабоды веравызнанняў!
Парадак на другі дзень быў вызначаны такі. Усе мусілі быць гатовыя і прыбраныя дакладна а дзесятай гадзіне. Выпіўшы шакаладу, усе сядалі ў экіпаж і выпраўляліся ў Пюігарыг. Цывільны шлюб меўся адбыцца ў мясцовай мэрыі, а рэлігійны абрад — у замкавай капліцы. Пасля ішло сняданне. Пасля снядання сяк-так бавілі час да сёмай гадзіны. А сёмай вярталіся ў Іль да пана дэ Пэрарада, дзе абедзве сям’і, сабраўшыся разам, вячэралі. Астатняе было само сабой зразумелае — не могучы танчыць, вырашылі як мага болей з’есці.
Ад восьмай гадзіны раніцы я сядзеў перад Венерай з алоўкам у руцэ і ўжо дваццаты раз пачынаў маляваць галаву статуі, не могучы ўлавіць выразу твару. Пан дэ Пэрарад хадзіў вакол мяне, даваў парады, паўтараў мне свае фінікійскія этымалогіі. Пасля ўсклаў бенгальскія ружы на п’едэстал статуі і трагікамічным голасам звярнуўся да яе з маленнем аб шчасці пары, што мелася жыць пад ягоным дахам. Каля дзевятай гадзіны ён вярнуўся ў дом, каб паклапаціцца пра ўбранне, і ў гэтую хвіліну з’явіўся пан Альфонс у шчыльна аблеглым новым сурдуце, белых пальчатках, лакаваных чаравіках, з тонкай работы запінкамі і з ружай у пятліцы.
[58] Грутэр, Ян (1560—1627) — галандскі філолаг-класік, аўтар капітальнай працы пра старажытнарымскія надпісы.
[59] Орэлі, Ёган-Каспар (1787—1849) — швейцарскі філолаг, аўтар каментаваных выданняў твораў Гарацыя, Цыцэрона і Тацыта, а таксама зводу старажытных лацінскіх надпісаў.
[60] Дыямед — адзін з герояў старажытнагрэчаскай міфалогіі, падчас Траянскай вайны ў разгар бою параніў Афрадыту. Пасля гэтага разлютаваная багіня доўга перашкаджала яму вярнуцца на радзіму. У «Метамарфозах» Авідзія ёсць апавяданне пра тое, як Венера (Афрадыта) ператварыла спадарожнікаў Дыямеда ў белых птушак.