— Ага, бачылі.
— І дзіця было там?
— Мусіць, было, бо нештачка ўсярэдзіне траслося.
— Шчыра дзякуем!
— Едзьце здаровы!.. Яно ваша?
— Не маё... гэтай пані! — адказаў арганіст, паказваючы пугаўём назад.
— Пан арганіст, — азвалася каваліха.
— Чаго?
— Пусціце мяне з брычкі... Я пехатой пайду, бо мне здаецца, што хутчэй зайду...
— Не балбачыце, пані, дарма... Эй, малы!
— Ой, божа мой, божачка!.. Ці ж знайду я яго!.. — шаптала каваліха, укленчыўшы на дрыготкім дне брычкі.
Конь імчаўся галопам. Можа, з вярсту ад маёнтка арганіст заўважыў нешта шэрае, што хутка кацілася ад аднаго краю дарогі да другога. Калі пад'ехалі бліжэй, ён пазнаў сабаку, які з апушчанай галавой бег перад брычкай.
— Курта! — гукнуў арганіст. — Глядзі, пані, ваш Курта тут!
Сабака, убачыўшы каваліху, заякатаў, загаўкаў, пачаў скакаць то да брычкі, то да храпы каня, які пырхаў ды абганяўся як мог. Верны сабака, выпушчаны з хлява, прыбег следам Стасевага вазка ажно сюды.
— Усё ідзе добра! — сказаў арганіст, напяўшы лейцы.
Брычка спынілася каля дваровай брамы.
Каваліха саскочыла з брычкі, ступіла некалькі крокаў і раптам абаперлася аб шула брамы — так закружылася галава. Арганіст узяў яе за руку, і так яны пайшлі да дома ўслед за Куртам, які ўсё гаўкаў, скакаў і круціўся вакол самога сябе.
Усе паны якраз сядзелі на верандзе, абедалі. Падарожныя затрымаліся каля плота, нясмела гледзячы туды, дзе панства, а Курта раптам ірвануўся ў той бок.
За ім пабегла каваліха. Задыханая, з узнятымі рукамі яна ўпала на калені пры канцы стала, дзе на прыполе ў ключніцы сядзеў Стась — жывы, выспаўся і ўсміхаецца.
— Пайшоў прэч ты, нягоднік! — перапалохана крычала ключніца на Курту, які намагаўся ўскочыць на яе прыпол.
— Маці! Маці! — загаманілі паны, гледзячы, як жанчына, паваліўшыся на зямлю, з крыкам цалавала пухкія Стасевы ножкі.
Перапынілі абед, паўставалі і падышлі да таго канца стала, дзе адбывалася пацешная сцэна: дзве жанчыны сварыліся за дзіця.
Шарачыха хацела забраць сваё, а ключніца не аддавала.
— Гэта мой сын! Мой Стасічак! — крычала маці.
— Ды хто вы такая? — крычала, мацуючыся з ёю, ключніца. — Таксама... нахабства!.. Хапае такое далікатнае дзіця, нібы аполец сала!
— Бо гэта маё!..
— Што ваша?.. Гэта сын нашага пана, тут усе вам скажуць!.. Такі прыгожанькі... Во, бачыце... Пан прыйшоў... Аддай пану хлопца!..
Усе госці адкрыта смяяліся.
— На табе, паны смяюцца, — не супакойвалася ключніца, — а гэта ж панаў сын!.. Падобненькі!.. Пайшоў прэч, сабачая морда! — зноў закрычала яна на Курту.
Шарачыха, не ўстаючы з каленяў, павярнула галаву і здзіўлена паглядзела на таго, каго назвалі Стасевым бацькам. Паглядзела і сказала з наіўнаю прастатой: