Лоскі спусціўся з брычкі і аслупянеў, убачыўшы, што дамы глядзяць на яго з двухсэнсавым выразам твараў, а жонка, светлая бландзінка, сапраўдны анёл дабрыні, усміхаецца неяк незразумела, з прыкметнымі слязінамі ў вялікіх, лагодных вачах.
— Завядзі каня ў канюшню! — сказаў слузе разгублены гаспадар.
— А з гэтым, пане, што будзем рабіць? — спытаўся стары франт, паказваючы сурвэткай на вазок.
Лоскі азірнуўся і ледзь не самлеў, убачыўшы рэч, што мела вельмі мала агульнага з яго становішчам мужа і абаронцы справядлівасці. Недарэчная справа яшчэ больш заблытвалася па той прычыне, што ў сям'і панства Лоскіх сваіх дзяцей не было.
— Віншуем са знаходкай! — крычалі мужчыны.
— Зрабіце вы мяне хоць засядацелем! — крычаў васьмідзесяцігадовы былы палкоўнік, стары халасцяк.
Дамы адразу ж абкружылі вазок, у якім Стась прачнуўся і пачаў плакаць.
— Цудоўнае дзіця! — гаварыла адна.
— Якое далікатнае!
— Відаць, з год ужо будзе, — дадала трэцяя.
— Дык жа суддзя якраз два гады працуе для агульнага дабра! — грымнуў палкоўнік.
— Але ж, панове, гэта памылка!.. — апраўдваўся як не сваім голасам няшчасны суддзя.
— У такім адрасе не павінна быць памылкі! — перапыніў яго непапраўны палкоўнік. — Ды што тут гаварыць, хлопец прыгожы, як на малюначку!
Выкарыстаўшы сумятню, пані Лоская шмыганула ў пакой. Праз некалькі хвілін яна выйшла адтуль з дужа чырвонымі вачыма, але спакайнейшая, нібы пагоджаная з лёсам. За ёю валюхалася старая, тоўстая ключніца.
Калі суддзіха дрыготкімі рукамі выняла Стася з вазка і аддала яго ключніцы, бедны муж незвычайна пакорлівым голасам спытаўся:
— Што ты з ім думаеш рабіць?
— Не аддам жа я яго парабкам... — адказала ціха жонка з адценнем дакору ў голасе.
Пачуўшы гэта, маладыя пані пачырванелі, старэйшыя пераглянуліся, нават мужчыны пасур'ёзнелі, а палкоўнік сказаў:
— Ну, дарагая пані Лоская, жарты жартамі, а вы добра зробіце, калі накорміце хлопца, які напэўна ж галодны. Само сабой, трэба будзе перадаць у прыход і войту, бо гэта ж відавочнае непаразуменне, а бацькі гэтага мальца павінны быць недзе ў страшэнным непакоі.
А тым часам ключніца, прыглядаючыся да малога, мармытала:
— Дальбожачка, наш пан, і ўсе крошкі пабраў!.. Наш пан быў такі самы, калі яму было адзін год!.. Я ж памятаю: нос, вочы, нават радзімка на шыі... Такі саменькі! Ну, гэта не мужыцкае дзіця...
Каб перапыніць прыкрую гамонку, суддзіха лёгка падштурхнула гаваркую кабеціну на ганак і загадала ёй дзіця накарміць і памыць. Госці ўжо адышлі ад першага ўражання, і ўсе пачалі наракаць на верагодную няўважлівасць нейкай нянькі, што прычапіла вазок да двухколкі, і спачуваць гору бацькоў. Суддзя падтакваў ім, намагаўся здагадацца, у якой вёсцы яму прычапілі малога, а калі гутарка перайшла на іншую тэму і жонка супакоілася, прынамсі, з выгляду, Лоскі пакінуў гасцей на хвілінку, а сам пабег у гардэробную.
Там ключніца, абагнаўшыся ад служанак, трымала хлопчыка на каленях і карміла яго булкай з малаком. Стась еў, а сам неспакойна азіраўся па незнаёмым пакоі, нібы шукаючы маці. Калі суддзя ўвайшоў, хлопец, убачыўшы мужчыну, працягнуў рукі і кінуўся раптам наперад, закрычаўшы пяшчотным голасам:
— Тата!.. Тата!..
— Голас крыві!.. Дальбожачка! — крыкнула ключніца. — Ах, што за разумнае дзіця... Увесь, як пан.
Суддзя наблізіўся да малога, уважліва паглядзеў на яго, далікатна дакрануўся да загарэлага тварыка, а потым, азірнуўшыся направа і налева, пацалаваў Стася. Ключніца амаль плакала ад замілавання, а сам ён выйшаў у сені.
У сэрцы яго прачыналася дзіўнае пачуццё. Ён быў расчулены, неспакойны, і, разам з тым, задаволены і горды. Стась падабаўся яму больш, чым якое-небудзь іншае дзіця.
На калідоры ён сустрэў жонку, аднак не смеў зірнуць ёй у вочы. Бачачы гэта, яна падала яму руку і ціха сказала:
— Я ўжо не злуюся.
Лоскі моцна прыціснуў яе да грудзей і раптам выйшаў на ганак, баючыся, каб яна не заўважыла яго ўзрушэння.