— Не быў бы ён такі прыгожанькі, каб быў вашага пана. Гэта сын каваля... Юзафа Шарака!..
Тут азваўся арганіст і сваёй урачыстай мовай пацвердзіў, што згубленае дзіця, якое пры святым хрышчэнні атрымала імя Станіслаў, з'яўляецца законным сынам Юзафа і Малгажаты з дома Ставіньскіх-Шаракоў.
Вестку, якая выплыла з такой важнай крыніцы, пані Лоская ўспрыняла з вялікім задавальненнем; затое пан суддзя ўсміхнуўся, нібы з'еўшы мыла.
— Фью, фью! — свіснуў стары палкоўнік і дадаў: — Пайшло!..
Суддзя скрывіўся яшчэ больш і абыякава махнуў рукой.
— Я вельмі рад, — сказаў ён, — што бедны хлопец так хутка знайшоў сям'ю!..
— Гэта нагадвае мне байку пад назвай «Ліса і вінаград», — дадаў палкоўнік.
Жанчыны прыкусвалі губы, суддзя круціўся, як на шпільках, арганіст нічога не разумеў, а Шарачыха не чула, занятая Стасем.
Лішне было б гаварыць, што арганіста прымусілі яшчэ раз расказаць, як яно здарылася са Стасем.
Налітаваўшыся з маці, усе смяяліся цяпер са здарэння, за выключэннем ключніцы, якой вельмі забалела тое, што Стась — не сын яе пана.
— Ды такі ж разумны!.. Ды такі ж прыгожы!.. Нават з радзімкай на шыі, — мармытала старая.
Каб усё закончыць як найдакладней, скажам, што арганіст, уладзіўшы з суддзёй справу ягомасця ксяндза, завёз Шарачыху да бацькі і там трэці раз расказаў вядомую гісторыю перапалоханаму Ставіньскаму. Выехаўшы з млына ў той самы дзень, чацвёрты раз расказаў яе кавалю, а пяты — ксяндзу.
У нядзелю, пасля імшы, Ставіньскі з дачкой і ўнукам, а таксама ўсе парабкі высыпалі на мост, прыгледзецца да таго, як з боку горада ў аднаконнай брычцы — о, дзіва! — каваль Шарак сядзеў побач з арганістам Завадам, як родныя браты.
Стары млынар выступіў перад двума паміранымі ворагамі з доўгай і нуднай прамовай пра неабходнасць прабачыць адзін аднаму, што было тут ужо зусім лішнім. Пасля паклікаў усіх на абед, а затым уручыў арганісту пяцьсот злотых беспрацэнтнай пазыкі на тры гады. У выніку гэтага арганіст часта паўтараў людзям павучальную сентэнцыю:
— Дарагія браты! Калі я прыгадваю сваё жыццё, мне дакладна відно, як гэта літасцівы пан бог ніколі не пакідае людзей такіх, як я — добрасумленных і справядлівых. In saecula saeculorum!..[16]
У панядзелак арганіст быў ужо пры касцёле, Шарак у кузні, Стась забаўляўся з Куртам на двары, пад наглядам Магды, а каваліха працавала ў агародзе.
Каля поўдня перад іхнім домам спынілася фурманка, з якое нейкі нетутэйшы чалавек зняў прыгожае каштанавае цялятка з белай зорачкай на лбе. Паколькі малы чацвераногі выразна баяўся разгаўканага сабакі і не хацеў ісці, фурман узяў яго адной рукой за карак, другой за хвост і такім спосабам падвёў да здзіўленай Шарачыхі.
— Што гэта?.. Адкуль гэта?.. — спыталася гаспадыня.
— А гэта вам пані Лоская падарыла на пасаг для вашага хлопчыка, — адказаў чалавек.
— Юзік!.. Магда!.. Сюды хадзіце! У Стася будзе карова!.. З маёнтка яму прыслалі, — крычала захоплена жанчына, цалуючы цялятка, якому не менш захоплены Курта патрохі аскубаў хвост.
Такім эпілогам закончылася Стасева прыгода.
Цені
Калі на небе датляваюць сонечныя промні, з зямлі вынырвае змярканне. Змярканне — гэта вялікая армія ночы, тысячы нябачных калонаў, мільярды салдат. Магутная армія, што спакон веку змагаецца са святлом, разбягаецца кожнай раніцы, перамагае кожны вечар, пануе ад захаду да ўсходу сонца, а днём, разбітая, сядзіць у схованках і чакае.
Чакае ў горных безданях і гарадскіх сутарэннях, у лясным гушчары і ў глыбінях цёмных азёраў. Чакае, хаваючыся ў спрадвечных пячорах зямлі, у шахтах, у равах, у закутках дамоў, у шчылінах камяніц. Разгоненая і як быццам адсутная, яна напаўняе ўсе схованкі. Сядзіць у кожнай адтуліне кары на дрэвах, у складках чалавечай вопраткі, ляжыць пад найменшай пясчынкай, чапляецца за найтанчэйшую павуцінку — чакае. Выпуджаная з аднаго месца, імгненна пераносіцца на іншае, карыстаючыся кожнай нагодай, каб вярнуцца туды, адкуль яе прагналі, уціснуцца на незанятае месца і заліць сабою ўсю зямлю.
Калі згасае сонца, армія змяркання густымі шэрагамі высоўваецца са сваіх схованак, ціхая і асцярожная. Запаўняе калідоры дамоў, сені і дрэнна асветленыя лесвічныя пляцоўкі; з-пад шафаў і сталоў выпаўзае на сярэдзіну пакоя і абсядае фіранкі; праз акенцы сутарэнняў і вокны дамоў вылазіць на вуліцы, у глухім маўчанні штурмуе сцены і дахі, дзе, затаіўшыся ў шчытах, цярпліва чакае, калі на захадзе паблекнуць ружовыя аблокі.
Яшчэ хвіліна, і раптам сарвецца агромністы выбух цемры — ад зямлі і да неба. Звяры пахаваюцца ў логавах, чалавек уцячэ дахаты; жыццё, як расліна без вады, скурчыцца і пачне ўсыхаць. Барвы і формы расплывуцца ў небыцці; трывога, памылка і віна запануюць над светам.
У такія хвіліны на пусцеючых вуліцах Варшавы з'яўляецца дзіўная чалавечая постаць, над галавой якое — агеньчык. Хутка бяжыць па тратуары, як быццам цемра гоніцца за ім, пры кожным ліхтары спыняецца на момант і, запаліўшы вясёлае святло, знікае, як цень.
І так вось кожны дзень. Ці на палях вясна, духмяная ад кветак, ці хмарыцца ліпеньская навальніца, ці разгуляныя па асенніх вуліцах вятры ганяюць едкі пыл, ці зіма завірушыць снягамі — ён заўсёды, абы звечарэла, бяжыць са сваім агеньчыкам па тратуарах, запальвае агні, а потым, як цень, знікае.
Адкуль ты з'яўляешся, чалавеча, і дзе хаваешся так, што мы не бачым тваіх рысаў, не чуем твайго голасу? Ці ёсць у цябе жонка або маці, што чакае, калі ты вернешся? Або дзеці, якія, паставіўшы ў кут твой ліхтарык, узлазяць на твае калені і абдымаюць цябе за шыю? Ці ёсць у цябе сябры, якім ты расказваеш пра свае радасці і беды, або хоць знаёмыя, з якімі ты мог бы пагутарыць пра штодзённыя навіны?
Ці ёсць наогул які-небудзь дом, дзе цябе можна было б знайсці? Ці ёсць імя, якім цябе можна было б аклікнуць? Ці ёсць патрэбы і пачуцці, якія рабілі б цябе такім самым, як мы, чалавекам? Ці ты і сапраўды істота бясформенная, маўклівая і няўлоўная, што з'яўляецца толькі на змярканні, запальвае святло, а потым знікае, як цень?
[16] На векі вякоў!.. (лац.)