Субота ў малых мястэчках бывае днём цішыні і адпачынку. Па гэтай прычыне пан бурмістр мястэчка X., пані бурмістрыха і натарыус, іхні прыяцель, папоўдні выйшлі на шпацыр.
Бурмістр, чалавек малы і пукаты, ішоў спераду. Правую руку, у якой трымаў палачку, залажыў за плечы; левую, сагнутую ў локці, нёс перад сабой такім чынам, як касцельны дзед пад час імшы нясе падносік, збіраючы ў прыхаджанаў грошы на храм. Да таго ж ён увесь час усміхаўся і прыплюшчваў вочы; людзі казалі, што ён робіць так, каб «не ведаць, адкуль падае», разумеецца, на тую працягнутую руку.
Крокаў некалькі ззаду ішоў натарыус, высокі, стараваты халасцяк, з паняй бурмістрыхай пад ручку. Мы вельмі сумняваемся, каб такі спосаб праходжвацца здзіўляў каго-небудзь у мястэчку. Усе прывыклі да яго, не выключаючы самога бурмістра, які быў заўсёды задаволены і думаў толькі пра тое, каб «густа падала».
У гонар гэтай тройкі мясцовых славутасцей каля драўляных дамоў рыначнага пляца пазяхала, спраўляючы шабас, некалькі жыдоў, а там, дзе стаяла сапсаваная помпа, лена чухаўся сабака, сухарэбрыца якога выразна сведчыла пра мясцовы дабрабыт.
У той момант, калі бурмістр, бурмістрыха і натарыус падыходзілі да канца рыначнага пляца, на іх ледзь не наляцела арганістава брычка. Пан бурмістр ажно ўбок адскочыў, а пан натарыус, відаць, ад хвалявання, паправіў свой каўнерык.
Якраз тады брычка спынілася насупраць натарыуса.
— Ягомасць звар'яцеў, ці што, чаго так разагнаўся?.. — спытаўся натарыус.
— Laudetur Jesus Christus![13] — адказаў арганіст, даткнуўшыся пугаўём да шапкі.
Бурмістр заўважыў заплаканую Шарачыху, падышоў да брычкі і, як заўсёды, з усмешкай спытаўся:
— А чаго ж гэта? Няшчасце якое здарылася? Памёр нехта?.. Пажар?..
— Як непрытомны! — працягваў сваё натарыус. — Ледзь не пабіў мяне і Ю..., значыцца, пані бурмістраву.
— Сыночак мой прапаў... Стасічак мой! — закрычала каваліха, зноў заліваючыся слязамі.
— Хто гэтая жанчына? — спыталася пані бурмістрыха.
— Здаецца, што гэта будзе дачка млынара Ставіньскага, — растлумачыў натарыус.
— Ага... Ставіньшчанка, а цяпер кавалёва. Ой, памажыце мне знайсці яго, паночкі мае залаценькія! — гаварыла Шарачыха, трасучыся ў брычцы ад плачу.
— Хі, хі, хі! — засмяяўся бурмістр. — Ёсць чаго плакаць!.. Ты ж такая маладая, дасць табе бог яшчэ з дзесяцёра!..
— Andre, soyer cinvenable![14] — асекла яго пані бурмістрыха, якая калісьці вучылася ў губернскім інстытуце.
— Ой, ратуйце мяне, паночкі мае залаценькія! — енчыла каваліха і, перахіліўшыся з брычкі, працягнула рукі, нібы хацела абняць спачатку пані бурмістрыху, а тады яе мужа.
Аднак пані бурмістрыха, што закончыла інстытут, з абурэннем адступілася, а не менш абражаны муж яе закрычаў:
— Што за панібрацтва, да ліха матары!.. Ты не ведаеш, хто я?..
— Ды ведаю, што вы — вяльможны бурмістр. Памажыце мне знайсці майго сыночка... Я ўжо і не ведаю, колькі яго не бачыла! Горачка маё, можа, дзе вываліўся з вазка і нехта наедзе на яго!
— А мне што да гэтага? — спытаўся бурмістр. — Ідзі сабе да стражніка!.. Яна думае, што я буду за яе галапупцам бегаць!.. Ты чуў, натарыус?
Слова «галапупец» абразіла каваліху. Вочы яе абсохлі, твар пачырванеў.
— А навошта ж вы бурмістр? — закрычала яна. — Можа, не дзеля таго, каб бедным людзям дапамагаць у няшчасці?.. Гэта мой Стасік галапупец?.. І пан жа быў такі самы, а ён калі-небудзь, абы знайшоўся...
У гэтым месцы плач заглушыў яе словы.
— Нявопытная жанчына! — мармытаў арганіст, відаць, думаючы пра тое, што бурмістр з працягнутай рукой існуе не для таго, каб памагаць бедным людзям у няшчасці.
Так ці інакш, але ў выніку злоснага выбуху каваліхі становішча стала б вельмі неспрыяльным, калі б не ўмяшаўся натарыус, у якога бывалі справы са Ставіньскім. Ён спыніў сварку і папрасіў арганіста расказаць, што адбылося са Стасем.
Тым часам вакол брычкі, як быццам з-пад зямлі, вырас цэлы натоўп жыдоў, і арганіст, як прапаведнік які, растлумачыў усім прысутным Стасеў выпадак. Калі ён ў канцы спытаўся ў прысутных узнёслым голасам, ці не ведае хто пана, у якога крытая рысорная двухколка, адзін жыд закрычаў:
— Я ведаю! Гэта пан Лоскі, суддзя...
— Божа моцны! — усклікнуў арганіст. — Дык я ж гэта да яго інтэрас меў і немаведама чаго сюды заехаў!..
[13] Пахвалёны Езус Хрыстус! (лац.).
[14] Анджэй, вядзіце сябе прыстойна! (франц.).