Кажучы гэта, ён павярнуў каня.
— Хутчэй, хутчэй жа, кумочак сардэчны! — гаварыла каваліха, тузаючы арганіста за крысо доўгага сурдута.
На брычку абапёрся жыд і сказаў:
— Пані Шарачыха! Вы ж памятайце, што гэта я сказаў... Я заўтра ў кузню прыйду...
— А гэта што яшчэ за шахер-махер? — абурыўся арганіст. — Я і сам выдатна ведаў, што пан Лоскі ездзіць у суд крытаю двухколкай, на гнядым кані...
— Дык навошта вы пыталіся, калі самі ведалі? — закрычаў узлаваны жыд.
— Не хачу апраўдвацца перад кожным лахмеем! — адказаў ганарліва арганіст, хочучы крануцца з месца.
— Едзьма ўжо, едзьма, — прасілася Шарачыха.
— Ай, вай, які вялікі пан! — крычаў жыд, хапаючыся за лейцы. — Пан арганіст! Я пану штосьці скажу!.. Можа, пан прыходзіў бы да мяне кожную нядзелю іграць на шарманцы?..
Натоўп вакол брычкі выбухнуў рогатам. Горды арганіст збялеў, удараны ў найбольш чулае месца свайго гонару, а ў вачах яго бліснула жаданне помсты. Ён узняўся на козлах і, выпрастаўшы сваю доўгую постаць, закрычаў магутным і ўрачыстым голасам:
— Лейбусь!.. Я хрышчу цябе... In nomine Patris...[15]
— Ай, вай!.. Нягоднік! Свіное вуха!.. — закрычаў натоўп, разбягаючыся па рыначным пляцы.
У гэты момант арганіст сцебануў каня і брычка пакацілася ў клубах пылу, пад рогат і лаянку натоўпу.
Ехалі спорнай рыссю хвілін з дзесятак. Шарачыха раз-поразу ўставала і, пахістваючыся на дрыготкай брычцы, глядзела на дарогу.
— Пан арганіст!..
— А што?
— Гэта далёка?
— З мільку будзе, хутка даедзем!
Конік быў дужы і шустры, але ўжо і на яго гладкай поўсці пачалі паказвацца плямы поту.
— Эй, малы! — падахвочваў яго арганіст.
Часамі пыл, што валокся за імі, як хвост, параўноўваўся з брычкай, забягаў наперад і тры пары вачэй засыпваў дробным пяском. Тады конік апускаў галаву паміж каленяў і пырхаў, арганіст праціраў вочы тоўстым рукавом, і толькі бедная маці глядзела на дарогу, не прыкрываючы павекаў.
— Пан арганіст!..
Арганіст ведаў ужо, пра што яна, і адказваў, не чакаючы пытання:
— Вунь там, паміж дрэвамі!.. Бачыце?.. Хвілін за некалькі даедзем.
Павярнулі направа. Некалькі чалавек капалі ў полі роў. Вазок спыніўся.
— Эй, людзі! — гукнуў арганіст, махнуўшы аднаму з іх.
Чалавек палажыў лапату і пайшоў да брычкі. Шарачышына сэрца калацілася, як малаты ў кузні, як быццам вазок імчаўся, хоць ён і стаяў.
— Пан вярнуўся дахаты? — спытаўся арганіст у чалавека, што падыходзіў.
— Ага!
— А вазка вы за ягонай двухколкай не бачылі?
[15] У імя айца... (лац.).