Мне сказалі, што гэта і сапраўды чалавек, нават далі яго адрас. Я пайшоў у той дом і спытаўся ў дворніка:
— Ці ў вас тут жыве той, што запальвае вулічныя ліхтары?
— У нас.
— А дзе?
— У тым вунь закутку.
Закутак быў замкнёны. Я пацікаваў у акно, аднак убачыў толькі тапчан каля сцяны, а побач з ім, на высокім кіі, ліхтарык. Самога ліхтарніка не было.
— Скажыце, прынамсі, як ён выглядае.
— А хто яго ведае, — адказаў дворнік, паціснуўшы плячыма. — Я сам яго добра не ведаю, — дадаў ён, — бо цэлымі днямі дома яго не бывае.
Праз паўгода я прыйшоў сюды другі раз.
— А сёння ліхтарнік дома?
— Дзе там! — сказаў дворнік. — Няма і не будзе. Учора яго пахавалі. Памёр.
Дворнік задумаўся.
Распытаўшы яго, куды мне ехаць і як знайсці, я паехаў на могілкі.
— Пакажыце мне, калі ласка, дзе тут учора пахавалі ліхтарніка?
— Ліхтарніка? — перапытаў далакоп. — А хто яго ведае. Учора было трыццаць пасажыраў.
— Ён жа пахаваны ў сектары найбяднейшых.
— Такіх звалілася аж дваццаць пяць.
— Ды ён жа быў у непафарбаванай труне.
— Такіх прывезлі шаснаццаць.
Такім чынам, я ні твару ліхтарніка не ўбачыў, ні прозвішча не пачуў, нават магілы яго не знайшоў. І ён пасля смерці застаўся для мяне тым самым, кім быў пры жыцці: істотай, што з'яўлялася толькі на змярканні, безгалосай і няўлоўнай, як цень.
У змроку жыцця, дзе род людскі мітусіцца навобмацак, дзе адны разбіваюцца на перашкодах, іншыя спадаюць у бездань, а пэўнай дарогі не ведае ніхто, дзе на аблытанага забабонамі чалавека палюе няшчасны выпадак, галеча, нянавісць, — на цёмным бездарожжы жыцця таксама завіхаюцца ліхтарнікі. Кожны з іх нясе агеньчык над галавой, кожны на сваёй сцежцы запальвае святло, жыве ў невядомасці, працуе неацэнены, а потым знікае, як цень...
Жывы тэлеграф
У час візіту ў сірочым прытулку пані графіня заўважыла на калідоры незвычайную сцэну: чатыры хлопцы вырывалі адзін у аднаго падзёртую кнігу, даволі жвава лупцуючыся кулакамі.
— Мне здаецца, дзеці, што вы б'яцеся? — крыкнула спалоханая дама. — За гэта ніводзін з вас не атрымае пернічка і да таго яшчэ будзе стаяць на каленях.
— Бо гэта ён, проша пані, забраў у мяне «Рабінзона»! — апраўдваўся адзін хлопец.
— Лухта, гэта ён! — запярэчыў другі.
— Бачыш, як ты лжэш! — крыкнуў трэці. — Гэта ты забраў у мяне «Рабінзона».
Манашка растлумачыла даме, што, хоць тут і пільны нагляд, падобныя выпадкі здараюцца даволі часта, бо дзецям хочацца чытаць, а кніжак у прытулку няма.
У сэрцы графіні затлела нейкая іскра. Паколькі, аднак, паню стамляла думанне, яна пастаралася забыцца пра гэта. Толькі ў салоне пана саветніка, дзе прынята было гаварыць пра рэчы набожныя і дабрачынныя, графіня расказала пра выпадак у прытулку і пра тое, як растлумачвала яго манашка.
Саветнік, слухаючы графіню, таксама пранікся незвычайным пачуццём і, як быстрэйшы ў думанні, вырашыў, што трэба было б паслаць сіротам кніжак. Прыгадаў нават, што ў шафе ці ў скрыні тлее ў яго мноства друкаванага слова, якое ён купляў калісьці сваім дзецям... Аднак пан саветнік быў зацяжкі, каб корпацца ў нейкай старызне.