— Няма мне, пане, чаго.
Інжынер пачаў напяваць, а потым сказаў:
— Едзь у Варшаву. Там заўсёды работа знойдзецца.
— Я ж не ведаю, дзе гэта.
— Сядай на платформу, дык і даведаешся.
«Дурны Міхалка» ўзабраўся, як кот, на платформу і сеў на горбе камення.
— А грошы ў цябе трохі ёсць? — спытаўся інжынер.
— Ёсць, пане, рубель, і сорак грошаў, і злотых дзесятачкамі...
Інжынер зноў пачаў напяваць і азірацца па ваколіцы, а ў паравозе ўсё нешта бурчэла. Нарэшце з карчмы выбегла абслуга цягніка з бутэлькамі і скруткамі. Машыніст і памочнік селі на паравоз і — паехалі.
Праз нейкую мілю ад станцыі, на павароце, паказаліся дымы над стрэхамі беднай вёскі на балоцістай нізіне. Убачыўшы вёску, Міхалка ажыў. Пачаў смяяцца, гукаць (хоць бы яго не пачулі з такое адлегласці), махаць шапкай... Але змазчык, які сядзеў на тамбуры, прыкрыкнуў на яго:
— Чаго ты там выхіляешся! Яшчэ звалішся к чорту...
— Гэта ж, пане, наша вёска, тая вунь!..
— А ваша, дык і сядзі спакойна, — адказаў змазчык.
Міхалка сеў спакойна, як яму загадалі. Толькі на сэрцы было неяк нудна, і ён пачаў маліцца. Ах, як ён ахвотна вярнуўся б у сваю вёску, злепленую з гліны і саломы, туды, дзе навокал балота!.. Ды не было чаго. Хоць і называлі яго «дурным», ён усё ж разумеў, што ў свеце людзі менш паміраюць з голаду і з начлегам лягчэй, чым у вёсцы. О, у свеце хлеб бялейшы, на мяса можна хоць паглядзець, больш дамоў і людзі не такія бедныя, як у іх.
Міналі станцыю за станцыяй, затрымліваючыся дзе даўжэй, дзе карацей. На заходзе сонца інжынер загадаў накарміць дзецюка, а ён за гэта нізенька пакланіўся.
Пачалі ехаць па зусім новых аколіцах. Тут не было залітых балотаў, а ўзгоркаватыя палі, звілістыя, быстрыя рэчкі. Пазнікалі курныя хаты і плеценыя з лазы гумны, паказаліся прыгожыя двары і мураваныя будынкі, лепшыя, чым у іх касцёлы або корчмы.
Ноччу спыніліся каля горада, які стаяў на гары. Здавалася, што дамы лезуць адзін на адзін, а ў кожным столькі святла, колькі зорак на небе. На цэлай сотні пахаванняў не ўбачыш столькі свечак, колькі ў гэтым горадзе...
Штосьці вельмі хораша іграла, людзі хадзілі натоўпам, смеючыся і рагочучы, хоць была ўжо такая позняя ноч, што ў вёсцы пачуў бы толькі голас нячысціка і брэх растрывожаных сабак.
Міхалка не заснуў. Інжынер загадаў даць яму фунт каўбасы і булку хлеба, а потым — прагнаў яго на іншую платформу, якая везла пясок. Тут было мякка, як у пуху. Але дзяцюк не лажыўся, а сядзеў на кукішках, еў каўбасу з хлебам, ажно вочы лезлі наверх, і думаў:
«Глядзі, якія дзіўныя рэчы бываюць на свеце!..»
Гадзін некалькі пастаялі, а пад ранне цягнік крануўся і памаленьку паехалі. На адной станцыі, у лесе, пастаялі даўжэй, а змазчык сказаў дзецюку, што інжынер, відаць, вернецца назад, бо па яго прыйшла тэлеграма.
І сапраўды, інжынер паклікаў дзецюка.
— Мне трэба ехаць назад, — сказаў ён. — А ты паедзеш адзін у Варшаву?
— Ці я ведаю, — шапнуў дзяцюк.
— Ды ўжо ж не загінеш сярод людзей?
— Для каго я, пане, загіну, калі ў мяне анікога няма!..
І сапраўды, для каго ён меў загінуць!
— Ну дык едзь, — сказаў інжынер. — Там каля самай станцыі будуюць новыя дамы. Будзеш насіць цэглу і не памрэш з голаду, калі не сап'ешся. Пасля, можа, і палепшае. На ўсякі выпадак на табе рубель.
Дзяцюк узяў рубель, абняў інжынера за калені і сеў на сваю платформу з пяском.
Неўзабаве паехалі.