Увечары саветнік быў у пана З., усё жыццё якога праходзіла ў аддаванні дробных паслуг чалавецтву, асабліва яго ніжэйшым пластам. Хочучы зрабіць прыемнасць пану З., саветнік расказаў яму, што графіня ўбачыла ў прытулку і пачула там ад манашкі, дадаўшы са свайго боку, што варта было б пастарацца пра кнігі для сірот.
— Ды гэта ж прасцей за ўсё! — выгукнуў пан З. — Зайду заўтра ў рэдакцыю «Кур'ера» і паўплываю на іх, каб зрабілі аб'яву.
Назаўтра пан З. прыбег, задыханы, у рэдакцыю, на прамілы бог просячы, каб яна заклікала грамадскасць ахвяроўваць кнігі для сірот.
Ён трапіў вельмі дарэчы, бо ў нумары якраз не хапала некалькі радкоў з якой-небудзь сенсацыйнай весткай. І таму рэферант чуллівага аддзела прысеў і напісаў:
«Чародка дзяцей, якімі апякуецца грамадскасць, пакутуе ад недахопу кніг. Малеча тужыць. Памятайце пра душы галодных!»
Праз некалькі дзён, у нядзелю, каля зачыненых дзвярэй рэдакцыі я сустрэў бедна апранутага чалавека, з рукамі чорнымі, як у камінара, з худой дзяўчынкай, што трымала пакунак старых кніг.
— Чаго вы хацелі?
Чалавек зняў шапку і нясмела адказаў:
— Мы, проша пана, прынеслі некалькі кніжак для тых галодных, што вы пісалі пра іх...
А худая дзяўчынка зрабіла кніксен і зачырванелася, наколькі гэта дазволіла ёй малакроўе.
— Як вас завуць? — спытаўся я ў чалавека, узяўшы тыя кнігі.
— А навошта вам гэта? — спытаўся ён разгублена.
— Павінны ж мы надрукаваць, хто кнігі даў.
— Ой, не трэба! Я ж бедны чалавек з капялюшнай фабрыкі... Не, не трэба...
І ён пайшоў са сваёю благенькай дачкой.
Побач са мной стаяў вучоны, прафесар фізікі, і таму, відаць, мне прыйшоў на думку тэлеграф зусім новай канструкцыі.
Галоўнай станцыяй быў сірочы прытулак, бакавой — рабочы з капялюшнай фабрыкі; калі адзін даў сігнал «увага», другі адразу ж адказаў. Калі адзін пажадаў, другі — прынёс.
А мы, усе іншыя, выконвалі функцыю тэлеграфных слупоў.
Міхалка
Работа на чыгунцы закончылася. Падрадчык выплаціў што каму належала, каго змог — ашукаў, і людзі пачалі разыходзіцца натоўпамі, кожны ў сваю вёску.
У карчме, што стаяла паблізу ад чыгуначнага палатна, да паўдня стаяў гоман. Хто напаўняў абаранкамі кайстру, хто купляў дахаты гарэлку, хто — напіваўся на месцы. Пасля парабілі клункі з дзяругаў, павесілі тыя клункі цераз плечы і пайшлі, гукаючы:
— Бывай здароў, дурны Міхалка!
А ён застаўся.
Застаўся на шэрым полі і не глядзеў услед сваім людзям, а на бліскучыя рэйкі, што беглі кудысьці далёка, далёка! Вецер раздзьмухваў яго цёмныя валасы, расхрыстваў яго белую сярмягу і здалёк даносіў апошнія гукі песень.
Неўзабаве за кустамі ядлоўцу пахаваліся дзяружкі, сярмягі і круглыя шапкі. Нарэшце і песні замоўклі, а ён усё стаяў з заложанымі за спіну рукамі, бо не было куды ісці. Нібы ў таго зайца, што якраз цяпер сігаў цераз рэйкі, і ў яго, мужыцкага сіраты, гняздо было ў полі, а свіран — дзе бог дасць.
За пясчаным узгоркам пачуўся свіст, заклубіўся дым, загрукацелі колы. Рабочы цягнік затрымаўся перад незакончанай станцыяй. Дзябёлы машыніст і яго маладзенькі памочнік саскочылі з паравоза і пабеглі ў карчму. Таксама зрабілі і змазчыкі. Застаўся толькі інжынер, які задуменна прыглядаўся да пустой ваколіцы і прыслухоўваўся да шамацення пары ў паравозным катле.
Дзяцюк ведаў інжынера, ён нізенька пакланіўся яму.
— А, гэта ты, дурны Міхалка! Што ты тут робіш? — спытаўся інжынер.
— Нічога, пане.
— Чаму не вяртаешся ў вёску?