— Стась мой загінуў!.. Ах, божачка!.. — заенчыла яна і абаперлася на край брычкі.
— Як жа гэта?.. Цыганы яго ўкралі?.. Божа моцны!..
Шарачыха сяк-так расказала, што здарылася.
— Ат! Пасмейся, пані, з гэтага! — закрычаў арганіст. — Гэта якраз нейкі шляхціц ехаў... Божа моцны!.. Ну, а такія дзяцей не крадуць. Сядай, пані, у брычку! Et cim spiritu Tuo...[8]
— А чаго?
— Як гэта — чаго? Божа моцны!.. Будзем шукаць хлопца, і амэн!..
— Ён ужо, можа...
— Што ўжо, можа? Пані думае, што ён нежывы? А каго ж я тады вучыць буду?.. Калі я павінен вучыць яго, калі ён будзе мець, божа моцны, шэсць год, дык хлопчык аніяк не памрэ на другім годзе... In saecula saeculorum...[9]
Арганіставы довады, а больш за ўсё яго лацінская мова былі такія непераможныя, што каваліха моўчкі села ў брычку і пакорліва памясцілася на козлах, тварам да арганіста. Але верны, хоць і гарачы, слуга святога касцёла не мог згадзіцца з гэтым.
— Прашу вас вельмі... Божа моцны! — ускрыкнуў ён. — Вельмі прашу на сядзенне, а я на козлікі пайду... Introibo ad altare Dei...[10]
— Пане арганіст, ды што ж вы робіце?..
— Так!.. Быў бы я, божа моцны, чалавек зусім без адукацыі, каб пані, жонка і дачка маіх сяброў, сядзела на козлах... Я кірую канём, я сядаю на козлах... Sicum erat in principio...[11]
Шарачыха выканала загад арганіста, не асмельваючыся зірнуць яму ў вочы. Гэта ж яна дзеля таго, каб дапячы яму, выбралася сёння ў дарогу!.. Але бог, які дбае пра слуг сваіх, пераблытаў планы адпомсты і зрабіў так, што якраз арганіст і выбавіць яе з бяды.
— Ведаеце, пані Шаракова, што, — гаварыў высакародны апякун, — у мяне, божа моцны, ёсць інтарэс ад ягомасця ксяндза да пана Лоскага, таго, што гмінны суддзя, але раней я завязу паню ў мястэчка і там даведаемся ад жыдоў, які мясцовы шляхціц ездзіць у двухколцы з крытым верхам. Тады мы знойдзем Стасіка, тады забяром яго і я дастаўлю паню з дзіцем у млын. Indnlqentiam absolutionem ef remissionem paccatorum nosstrorum...[12]
Але Шарачыха ўжо не слухала яго праграмы, абвешчанай тонам пропаведзі, — абапёршыся тварам на рукі, яна горка заплакала. Гэта яе супакоіла трохі.
Праз паўгадзіны брычка прыехала на рыначны пляц мястэчка — пад акампанемент палясквання пугай і многіх лацінскіх слоў, якімі шчадрэй чым заўсёды сыпаў усхваляваны арганіст.
Пан Лоскі — мужчына сярэдніх гадоў, сумленны і прыстойны; пры гэтым было ў яго шмат разважлівасці, ніштаваты маёнтак і ангельскія бакі. Невялікая лысіна сведчыла пра тое, што гэты добры грамадзянін павінен быў змоладу неаднойчы прабіваць сцяну галавой і наогул не весці набожнага жыцця. Ды акалічнасць такая не падрывала пашаны, якою ён карыстаўся ў суседзяў, а для жонкі ён быў, дзякуючы гэтаму, яшчэ даражэйшы, бо гэта прымешвала да іх шчаслівага сямейнага жыцця трошачкі крыўды за мінулае і страху за дзень заўтрашні.
Калі яго выбралі гмінным суддзёй, пан Лоскі спраўляўся з гэтым абавязкам так, што ўсе былі задаволены. Не хочучы адрываць людзей ад працы, ён заказаў сабе элегантную крытую двухколку на рысорах і ў суд за дзве мілі ездзіў адзін. І таму, калі ён вяртаўся з пасяджэнняў надта позна, пані яго мела звычай пытацца нехаця:
— У суседзяў спыняўся?
— О не! — адказваў ён. — Вяртаюся проста з канцылярыі.
— Ах! — гаварыла пані, у душы шкадуючы, што ў тую яго судовую канцылярыю з ім не ездзіць фурман або хоць які хлапчук.
Мы не размінёмся з праўдай, дадаўшы, што і суддзёвы знаёмыя, а найбольш дык дамы ў пэўнай меры падзялялі сумненні пані Лоскай адносна бязгрэшных паводзін яе мужа. Слава, аднойчы набытая, трывае вечна!
У той дзень, калі адбыўся вядомы нам выпадак на дарозе, пан Лоскі вяртаўся дадому каля другой гадзіны папаўдні. Спраў у судзе было сёння няшмат, дома чакалі яго суседзі, некалькі чалавек, вось ён і спяшаўся. У той момант, калі Шарачыха прычапіла вазок да двухколкі, ён раздумваў над працэсам паміж двума гаспадарамі за курыцу, пасля пачаў думаць, як будзе забаўляць гасцей, і ў галаву яму не прыйшло, што ён можа стаць нявіннай прычынай кавалішынага гора і развесяліць сваіх гасцей.
Калі кончыўся лес, дарога ў суддзёў маёнтак збочыла з гасцінца ўлева. Лоскі спакойна павярнуўся на яе і апынуўся ў чыстаполіцы. У адным месцы некалькі чалавек капала роў, і суддзя заўважыў, што людзі гэтыя з вялікім ажыўленнем паказваюць адзін аднаму на яго двухколку.
Пасля ён сустрэў бабу з хлопчыкам, якія спыніліся на дарозе і так паразяўлялі раты, як быццам мелі намер праглынуць гнедага каня разам з брычкай. Такія адзнакі ўвагі вельмі лесцілі пану суддзі, які з задавальненнем пераканаўся, што яго любімы экіпаж пачынае звяртаць на сябе ўвагу.
Стась, спачатку захоплены хуткай яздой і падскокваннем вазка, засумаваў і заснуў, відаць, снючы Куртава свавольства і маміны пацалункі. Неўзабаве двухколка, стукнуўшыся аб парожак варот, уз'ехала на дзядзінец.
На верандзе пад стрэшкай, у кветках, пані суддзіха ў кампаніі дам і мужчын чакала мужа. Суддзя заўважыў іх і, хочучы пад'ехаць з шыкам, вырашыў акружыць вялікі газон. Падцягнуты ляйчынамі, конь пачаў падкідаць угару прыгожую галаву і ў такт перабіраць нагамі. Суддзя, не хочучы быць горшым за яго, таксама напружыў ногі, прыгожа выпрастаўся з выглядам сапраўднага джэнтлымена.
І сапраўды, разлік на эфект апраўдаўся. Калі ён, акружаючы газон, апынуўся насупраць веранды, уся кампанія пачала пляскаць далоньмі, крычаць «брава!» і праяўляць усялякія адзнакі задавальнення.
Лоскі яшчэ мацней падцягнуў ляйчыны, конь ускінуў галаву яшчэ спрытней, двухколка і прычэплены да яе вазок з дзіцем каціліся яшчэ больш урачыста, а захопленыя гледачы аж вар'яцелі ад весялосці. Ды гэта ўжо здзівіла суддзю, тым больш тады, калі ён заўважыў, што нават яго стары слуга кусае губы, каб не зарагатаць.
— Брава! Брава!.. Віншуем!.. Ха, ха, ха!.. — крычалі мужчыны.
[8] І з духам тваім... (лац.).
[9] Навекі вякоў... (лац.).
[10] І набліжуся да божага алтара... (лац.).
[11] Падобна да таго, як было спачатку... (лац.).
[12] Дараванне, пазбаўленне і адпушчэнне грахоў нашых... (лац.).