Раптам далягляд засланіла мноства зялёных галінак, вазок апынуўся ў цяні. Яны ўехалі ў лес і набліжаліся да найвышэйшага ўзгорка.
Спёка, цяжкі вазок і злосць на арганіста паўздзейнічалі на каваліху. Яна адчула стому. Хацела сесці паміж дрэў і адпачыць, але баялася апазніцца ў дарозе, а да таго ж... у лесе... Калі б яна была адна, лесу не пабаялася б, а Стасева прысутнасць настройвала яе на асцярожнасць... Хоць пра ваўкоў і разбойнікаў ніхто тут не чуў. Ды маладзіца спалохалася б і зайца, каб той выскачыў...
Ах, гэты лес!.. Расцягнуўся — на дзесяць малітваў... Хоць бы ўжо Курту з дому ўзяла, было б весялей... Ён там плакаў недзе, зачынены, і ў гэты час нават сабачая крыўда лягла на душы каваліхі цяжарам.
Ах, каб жа хутчэй выехаць з гэтага лесу!.. Каб хоць на той узгорак узабрацца!.. Шарачыха зняла хустку і палажыла яе на вазку. Малая палёгка. Пот аплываў яе патокамі, а разам з імі ападалі і сілы. Ёй здавалася, што да ўзгорка, відаць, не дацягне, а што ўжо казаць пра тое, каб узняцца на яго!
Перад самым узгоркам, направа ад каваліхі, з лесу выходзіла іншая дарога, і вось якраз цяпер на той бакавой дарозе пачуўся ляскат лёгкай брычкі. Шарачыха павесялела — цяпер яна, прынамсі, не будзе адна!.. Пайшла хутчэй і неўзабаве ўбачыла штосьці накшталт двухколкі, вельмі спраўнай, са скураною стрэшкай. У гэтую рысорную двухколку быў запрэжаны прыгожы гнеды конь; усярэдзіне сядзеў нейкі пан, якога Шарачыха не паспела добра ўбачыць, бо экіпаж якраз павярнуў на шлях і аказаўся задам перад ёю.
«Ой, каб ты ж мяне ды падвёз!..» — падумала каваліха, аднак не паспела папрасіцца, хоць і ішла блізка за дрындулетам.
У гэтай двухколцы, такой адмысловай, ехаў пан Лоскі, памешчык і гмінны суддзя. Ён вяртаўся з суда дахаты і напэўна ж ахвотна падвёз бы стомленую і прыгожую жанчыну, калі б заўважыў яе. Як на тую бяду, пан суддзя сядзеў глыбока задуманы і не толькі не заўважыў Шарачыху на паваротцы, але нават не чуў яе паспешлівага дыхання.
Падарожнікі дабраліся да падножжа ўзгорка. Двухколка валаклася памалу; следам за ёю каваліха цягнула свой цяжар.
Да вяршыні ўзгорка было крокаў з дзвесце, — нялёгка. І каваліха вырашыла зрабіць сабе палёгку за кошт каня. Доўга не думаючы, яна прычапіла дышаль свайго вазка да восі двухколкі.
План быў цудоўны: прычэплены дышаль трымаўся выдатна, вазок са Стасем ехаў яшчэ лепш, а маладзіца хоць трохі перадыхнула. Толькі б на ўзгорак!..
Сама яна ішла за вазком і, паддаўшыся стоме, аберуч моцна трымалася за яго край. Было ёй значна лягчэй, так лёгка, што ахвотна прайшла б такім чынам удвая даўжэйшую дарогу, чым з дому ў млын. Ды што ты зробіш, калі на гэтым свеце чалавечыя радасці вельмі хутка праходзяць!.. Яны праехалі ўжо да палавіны ўзгорка... Яшчэ толькі крокаў з пяцьдзесят да вяршыні... Дзякуй табе, конічак, што ты нас сюды ўзвалок!.. Пара ўжо і адчапіць вазок ад двухколкі...
Конь раптам пайшоў рыссю, і двухколка, а за ёю вазок і Стась — падаліся з узгорка ўніз!..
Шарачыха акамянела. Пакуль паспела крыкнуць «стойце!» — суддзёва двухколка і Стасеў вазок былі ўжо ў даліне.
— Ратуйце! — заенчыла маладзіца, бегучы за імі з распасцёртымі рукамі. Маланкай у галаве яе прамільгнула думка, што вазок можа перакуліцца ад любога каменя...
Але вазок плыў у пяску, як у пуху, малыя колцы круціліся і вілялі, як шалёныя, Стась ад хуткай язды быў надзвычай задаволены... Суддзя, нічога не ведаючы, быў не менш за Стася вясёлы, а конь яго, якому раптам палягчэла, ажно пырхаў ад радасці і ледзь не рваўся ў галоп.
Спачатку Шарачысе здавалася, што яна дагоніць уцекачоў, што яе хоць пачуюць. Ды дзе там... Спынілася, хочучы крыкнуць з усіх сіл, хоць бы і лёгкія лопнулі. Аднак толькі раскрыла рот — і голас у яе замёр... Убачыла, як штосьці ўпала з вазка. Дабегла бліжэй, — толькі хустка... Конь запаволіў... Яна наблізілася яшчэ больш. Ужо выразна ўбачыла Стасеву галоўку і ручкі, што так хораша ляжаць уздоўж...
— Стасічак мой!.. Ратуйце!..
Вазок закалыхаўся і пакаціўся яшчэ хутчэй. Ужо і ручак малога не відно, і галоўка ледзь заўважаецца, ужо і вазок усё меншы ды меншы...
Шарачыха не магла зразумець, чаму гэта перад канём не вырасце земляны вал, чаму неба не перагародзіць дарогу, чаму дрэвы не перасцігаюць двухколку. Колькі птушак сядзіць у гнёздах, бачыць матчын адчай, аднак ніводная не ляціць на дапамогу. Каб хоць якая адна птушачка крыкнула таму пану «стой!», каб хоць каторы камень у такую цяжкую хвіліну прачнуўся ад вечнай дрымоты. Дарма! Усё маўчыць...
Яна зірнула на неба. Над самай яе галавой вавёрка спакойна абгрызае шышкі. Воблакі стаяць на адным месцы. Сонца смажыць, як і раней... Зірнула на дарогу, а там — двухколка ўжо невыразная, а вазок ледзь-ледзь жаўцеецца. Здавалася, што ў тым няшчасным вазку ляжыць яе сэрца, гвалтоўна вырванае з грудзей, і павезлі яго бязлітасна, богведама куды, а яно прывязана да яе ніткай, што ўсё танчэйшая ды танчэйшая. Яшчэ хвіліна — і нітка лопне, а разам з ёю і сэрца, і жыццё беднай маці!
Двухколачка паступова ўсё меншала і знікала паміж раскалыханай зеляніны дрэў. Ужо ён такі, як птушка... Цяпер на момант прапаў, потым зноў паказаўся... Зноў знік...
Шарачыха працерла вочы, поўныя пылу і слёз. Нічога не відно!.. Выбегла на сярэдзіну дарогі. Нічога... Перайшла на другі бок... Штосьці ўдалечыні мільганула, ды раптам знікла... Зняможаная ўшчэнт, прыціснутая цяжарам болю, яна ўпала тварам на зямлю і, скруціўшыся ў клубок, пачала выць, як самка, ад поўных грудзей у якой адарвалі малое.
Тады на ўзгорку, дзе яе напаткала бяда, паказаўся конік у аглаблях, за ім — набожна выбрытая фізіяномія чалавека, які сядзеў у невялікай, але вельмі траскучай брычцы. Шарачыха не чула траскатні, не бачыла, што нехта едзе, але затое ён, той падарожны, заўважыў скурчанага на дарозе чалавека і спыніў каня.
«П'яная ці мёртвая? — падумаў урачыста выбрыты падарожнік. — Халеру падхапіла ці хто-небудзь забіў?.. Ехаць далей ці вярнуцца?..»
Гледзячы з вышыні свайго сядзення на юдаль чалавечай роспачы, ён баяўся разбойнікаў, халеры і судоў і ўжо за лейцы пацягнуў, каб павярнуць назад, ды тут яму згадалася Евангелле, дзесяты раздзел ад святога Лукаша, тое месца, што чытаецца на дванаццаты тыдзень пасля сёмухі, «Пра параненага і самарытаніна»: «І падышоўшы, перавязаў раны яго, паліўшы іх алеем і віном; і пасадзіўшы на асла свайго, прывёз у гатэль і там меў клопат аб ім».
Дзякуючы гэтаму ўспаміну брычка пакацілася наперад, аднак вельмі паволі і асцярожна, аж да жанчыны. Потым брычка спынілася, і самарытанін, што сядзеў у ёй, выхіліўшыся, злёгку штурхануў каваліху канцом пугаўя.
— Гэй, вы! — гукнуў. — In nomine Patris et...[7]
Шарачыха ўсхапілася і, гледзячы шалёнымі вачыма ў паголены твар падарожнага, шапнула:
— Пан арганіст?..
— Ды я! — адказаў ён. — А што здарылася?
[7] У імя айца і... (лац.).