— Чаму гэта ўжо і сораму няма? — мармытнуў ён.
— Бо з арганістам мірыцца хочаш...
— А чаму гэта я хачу?
— Ты толькі што сам гэта казаў?
— Чаму казаў?.. Гэта ты казала, што бацька так загадаў, ну, а нам яго слухаць належыцца...
— А ці ж мой татка — твой бацька?.. Не табе яго трэба слухаць, а мне... Ты не павінен мірыцца з арганістам, калі б я нават і хацела па таткаваму загаду...
Паколькі хлопцы ў кузні, чуваць было трохі, пачалі ўжо вадзіцца за чубы, кавалю захацелася туды, да працы, а можа, проста вызваліцца ад клапатлівай гутаркі з жонкай, і таму ён сказаў энергічна:
— Ну, калі так, дык і не будзе міру з арганістам! Бацька як сабе хоча, мне ўсё роўна. А я не хачу!.. Не буду мірыцца!.. Не паеду ў нядзелю ў млын, і ты заўтра не паедзеш са Стасікам — не!..
— А вось жа і я заўтра паеду, і ты ў нядзелю наедзеш! — перабіла жонка.
— Ну? — спытаўся Шарак і хацеў ужо ўзяцца рукой пад бок, але ў пару стрымаўся.
— Абое будзем у млыне, і няхай арганіст прыедзе, але на тое, каб ён пры людзях пачуў, што я яму скажу!.. Вось так!..
Муж зірнуў на яе скрыва, можа, хацеў нават плюнуць праз зубы, аднак устрымаўся і, пачухаўшы галаву, пабрыў у кузню. Там хлопцы яшчэ валтузіліся, аднак Шараку лягчэй было супакоіць іх, чым толькі што зразумець сваю жонку.
Калі каваліха вярнулася ў сад, Стась ужо не спаў, а качаўся з Куртам. Маці пацалавала шустрага хлопчыка і пакінула яго пад наглядам сабакі, а сама пайшла з салатам у хату, канчаць абед. Амаль да ночы яна ўсё рыхтавалася да заўтрашняга падарожжа, строіла планы адпомсты. Абы ўдалося, дык арганіст будзе зняслаўлены навек!
Назаўтра ў кавалёвай хаце мітусня пачалася на досвітку. Гаспадыня на двое сутак ішла да бацькі, вось і трэба было грунтоўна агледзець гаспадарку. Здавалася, што ўсё навокал адчувала яе адыход. Курта неяк мала еў і ўсё бегаў навокал Стася. Каровы, адыходзячы на пашу, рыкалі вельмі жаласна, а парсюкі ажно выварочвалі дзверы хлеўчука, так ім хацелася развітацца з гаспадыняй.
Звыш таго, трэба было раней падрыхтаваць абед і ўсё сварыцца з мужам, які раз-пораз прыходзіў з кухні і мармытаў:
— Якога ліха ісці дарма! Калі будзем мірыцца з арганістам, дык хадзем у млын, а не будзем мірыцца, дык і не трэба ісці. Навошта нажываць яшчэ большага ворага?.. Яшчэ пракляне нас у касцёле і агонь на хату накліча або хваробу на нас і на жывёлу?..
Тады каваліха брала мужа за руку і, вытурваючы з хаты, гаварыла:
— Толькі ўжо ты не мяшайся... У цябе кавальскае сэрца, а ў мяне шляхецкі розум, і я так дагаджу арганісту, што хутчэй ён згарыць ад сораму, чым мы ад пажару!..
Пасля абеду, памыўшы разам з дзеўкай посуд, Шарачыха яшчэ раз абышла ўсе закуткі, прычым яе джыганула пчала, ды так, што ажно слёзы закруціліся ў вачах. Потым яна выцягнула на двор вазок, палажыла на дно яго сеннічок, на сеннічок падушачку, а зверху Стася і, пацалаваўшы мужа, рушыла ў дарогу.
Уся гэтая падрыхтоўка страшэнна ўзрадавала Курту, а калі ўжо гаспадыня ўзяла ў рукі дышаль, сабака як ашалеў. Скокнуў спачатку да Стася і здзёр з яго галавы хусцінку, потым амаль не адарваў кавалю вус, а калі той шугануў яго ад сябе, Курта з вялікай сілай кінуўся на гаспадыню і ледзь не перакуліў яе.
Такое бурнае праяўленне радасці не пайшло Курце на карысць. Бо каваліха раптам прыпомніла, што нельга пакідаць усё без сабакі, і загадала ўзяць яго ў хату. Дзеўка Магда з немалым намаганнем занесла Курту ў кухню, але сабака ў момант выскачыў на двор праз акно і разгуляўся яшчэ больш. У выніку гэтага бедаку папала ад гаспадыні хусткай па мордзе, пад бок нагой ад гаспадара, па спіне нейкім кіем — ад дзеўкі, пасля чаго яго занеслі ў хлеў і зачынілі на затычку. Сабака выў так страшэнна, што не адна баба, пачуўшы ў полі гэтае выццё, падумала пра набліжэнне бяды і загадзя памалілася за душы нябожчыкаў.
Дзень быў спякотны. Там і сям на небе стаялі белыя аблачынкі, нібы раздумваючы, дзе ім схавацца ад гарачыні. Пад нагамі Шарачыхі і пад коламі вазка ціха пасквервалі зярняты цёплага пяску. Незаўважальны ў небе жаўранак вітаў сваім шчэбетам падарожнікаў, маці і сына, а з калосся цікаўна выхіляліся мак і васількі, як быццам хочучы праверыць, ці не едзе хто знаёмы.
Малгося стала і азірнулася. Вунь іхні дом на ўзгорку — як у зялёнай сукенцы ад дзікага вінаграду. Вунь журавель схіліўся над калодзежам: відаць, Магда бярэ ваду. Каля кузні стаіць нейкі чалавек з конікам, але каваль іх, відаць, яшчэ не заўважыў, бо малаты грукочуць няспынна, а праз увесь гэты грукат ды бразгат чуваць жаласнае скавытанне Курты...
Як на малюнку ўсё! Шарачыха, паглядзеўшы на той малюнак, як быццам сілы набралася і, цягнучы свой вазок, весела збегла з узгорка.
Дарога была крутая і пакручастая. Раз-поразу ўздымаліся ўсё большыя ды большыя ўзгоркі. Найвышэйшы — цераз бярозавы гай, які так блізка ўнізе, што, здаецца, рукой дастанеш, схопіш за галінку. А ў сапраўднасці трэба туды тупаць з паўгадзіны.
Памалу хата і кузня зніклі, нават Куртаў лямант змоўк. Пясок паглыбляўся, сонца прыпякала яшчэ больш, воблакі стаялі на адным месцы, як пустыя паромы пры беразе Віслы, і толькі ўсё іншы ды іншы жаўранак жадаў вандроўнікам шчаслівай дарогі.
У Шарачыхі было цяпер так добра на душы, што нават і злосць на арганіста праходзіла. А каб і праўда памірыцца з ім?..
— Не дачакаецца! — мармытнула яна. — Не дзеля гэтага я пакутую ў спякоце, каб зарабіць яму пяцьсот злотых...
А Стась ляжаў сабе ў вазку, зачараваны новымі ўражаннямі. Упершыню перад яго вачыма быў неабмежаваны далягляд і невымерная глыбіня сіняга неба. Ён не ўмеў яшчэ пытацца, што гэта, ані здзіўляцца, толькі адчуваў сябе незвычайна. Зямля, па якой ён дагэтуль хадзіў, знікла; куды ні зірнеш — неба. Хлопцу здавалася, што ён ляціць, топіцца ў велічы, якую не ўмеў яшчэ назваць прасторай. Душа яго поўнілася зместам неакрэсленым і спакойным.
Ён быў як анёл — толькі крылы і галава, насіўся ў бязмежжы, не памятаў мінулага, не думаў пра будучыню, але ў кожнай хвіліне адчуваў бясконцасць. Такую форму павінна мець вечнае жыццё.