Бабуля, відаць, забыўшыся пра свой кій, абаперлася на плот і гаварыла далей:
— Яно, бачыце, так: гэты ваш арганіст, Завада, зямлю купляе і хоча ў Ставіньскага, ну, у таты вашага, пазычыць пяцьсот злотых. Быў у сераду ў млыне і прасіў, але Ставіньскі кажа: «А чаму гэта я вам буду грошы пазычаць, калі васпан пакрыўдзіў каваля і ў злосці з ім?..»
— Добра татка сказалі яму! — перапыніла Шарачыха.
— Тады арганіст кажа яму: «Я з кавалём паміруся і буду сына яго вучыць». А стары яму: «Ну дык памірыся, васпан». А той на гэта: «Калі ж баюся я ў кузню зайсці, бо ён мяне аддубасіць. У вас я быў бы смялейшы, яшчэ б і пару бутэлек мёду паставіў, каб памірыцца...»
— Круцель! — перапыніла каваліха. — А ці даўно ён казаў, што ў святой бібліі напісана: кавалі і камінарнікі ад Каіна і ад Хама паходзяць, з іх нараджаюцца братазабойцы?.. Каб ён удушыўся!..
— Ну, а калі ў святой бібліі так напісана, дык арганіст не вінават, — сказала старая.
— Брэша! — усхадзілася каваліха. — Мы і самі ведаем, дзе што стаіць... Ад Хама паходзяць мужыкі, а мой жа не мужык, а ад Каіна — туркі, а мой жа не турак. Нікога не забіў!..
Гжыбіна любіла пахваліцца сваімі ведамі пра «патомкаў Хама», але цяпер яна далікатна маўчала, памятаючы, што справу мае з асобай пісьменнай, а да таго ж — з дачкой млынароў Ставіньскіх!
— Зайдзіце ў хату, адпачніце, — сказала раптам гасцінная Шарачыха, гледзячы на стомленую старую.
— Не магу, — адказала бабуля і схапіла свой кій. — Трэба ісці да Матэвушыхі, карову абкурыць, бо апушыла... Ну, — дадала яна, страсянуўшы кій, — а ты мне добра спраўляйся рэшту дарогі, а то я цябе...
— Што вы гаворыце? — спыніла яе каваліха.
— А як мне не гаварыць?.. Няхай, зладзюга, проста падскаквае, а не валачэцца, як п'яны...
— Гэта вашы ногі, бабуля, не спраўляюцца, кій не паможа!
— Ат! — нецярпліва махнула бабуля рукой. — Хадзілі ж яны восемдзесят гадоў, чаго ж ім цяпер падводзіць?.. Заставайцеся з богам!..
— Ідзіце з богам! — сказала ўслед бабулі каваліха.
Калі яна засталася адна, зноў узлавалася на арганіста.
«Бачылі вы, — думала, — чалавека майго пакрыўдзіў, вопратку яму папляміў, а цяпер ужо хоча мірыцца, калі грошы спатрэбіліся... Няма дурных! — шапнула, пагразіўшы кулаком у той бок, дзе шэрая званіца. — І грошай не дастанеш, і зямлі не купіш, і яшчэ я табе на людзях усё выгавару!.. Скулу табе, жабрацкі павадыр!..»
Хочучы як найхутчэй выказаць свае меркаванні мужу, яна пераскочыла цераз плот і пабегла ў кузню. Ёй здавалася, што ўвесь свет ужо ведае пра арганіставу крывадушнасць, бо нават пукаты, палаплены мех зласней, чым заўсёды, соп і сыпаў з зяпы гаручыя іскры.
Малгося выклікала мужа і перадала яму прынесеную бабуляй вядомасць.
— І дзякуй богу, калі арганіст хоча памірыцца, — адказаў дабрадушна замурзаны асілак, праслухаўшы жончын расказ.
Маладая гаспадыня ажно рукі заламала ад жаху.
— І ты і з ім памірыўся б? — гукнула яна.
— Само сабой...А хто будзе вучыць Стасіка? Можа, прафесар?..
— Ты з ім памірышся за тое, што ён табе на мазгаўні разбіў бутэльку?
— Дык жа не мазгаўня лопнула, а бутэлька...
— За тое, што ён цябе капцюхом назваў, з камінарнікам параўнаў?
— Калі я не памыюся, дык і капцюх. Усе пра гэта ведаюць, а ты найраней, — гаварыў каваль, не цямячы, чаго яна так расхадзілася.
Шарачыха страсянула галавой.
— Галоўка мая бедная! — залямантавала. — Во, долечку я сабе выбрала!.. Хіба ж ты мужчына?.. Твой жа бацька з маім дзядзькам у войску служыў, а ў цябе аніякага гонару?.. Я баба, — гаварыла яна задыхана, — а вочы яму выдзерла б, а ты мірыцца хочаш?.. Гэта ты — муж Ставіньскай, жонку з гнязда шляхецкага ўзяў, а сораму ў вачах няма?..
Каваль нахмурыўся.