— Ох, і дам жа я вам дыхту, нягоднікі! — гаўкнуў Курта і давай ганяць шкоднікаў на ўсе бакі!..
Ганяўся, ганяўся, а поле распасціралася бясконца, зайцы размнажаліся, як кроплі навальнічнага дажджу, а гаспадар, гаспадыня і хлопцы, гледзячы на яго беганіну, крычалі: «Ай, Курта, які працавіты сабака, ні хвіліны не адпачыне!..»
А Курта выпрастаўся і так ужо бег, што ажно хвост, не паспяваючы за ім, застаўся недзе далёка ззаду. Ледзь дыхаў Курта, але пёр.
Раптам над галавой разаспанага сабакі пачала кружыцца муха і лаяцца тоненькім галасочкам:
— Ах ты, кудлач, абібочына!.. Наеўся парасячага цеста, увесь свет варушыцца на сонцы, а ты ляжыш, як калода, дрэмлеш!..
Сабака прачнуўся і ляснуў зубамі на муху:
— Бачылі дармаедку!.. Вякае, што ляжу, а я тут зайцоў з капусты ганяю!..
Не хочучы траціць час на абарону сваёй годнасці, ён выцягнуўся яшчэ выгадней і — вярнуўся да карыснай дзейнасці. А муха ўсё кружылася над ім, хоць ён і моршчыўся, і кіпцюры настаўляў.
— Ах ты, кудлач, гультаіна!.. — пішчала яна. — Сказалі табе дзіця даглядаць, а ты тут адсыпаешся, завала!..
З гэтага моманту кроп і пятрушка, бульбоўнік, мак і сланечнік, вецер у небе, дыханне соннага Стася, буслы на адрыне і малаты ў кузні — усё паўтарала ў такт:
— Курта гультай!.. Курта гультай!.. Курта гультай!..
Аднак працавіты Курта выцягнуўся пад грушай і ўсё ганяў ды ганяў тых зайцоў!
Пакуль Стась і Курта хораша спалі сабе пад подыхі цёплага ветру, каваліха абабрала вусеняў з капусты, прапалола буракі і пачала рваць у рэшата салату на полудзень. Зелейка гэтае жыло сабе ў кутку агарода, каля пляценніка ад дарогі. Гаспадыня асцярожна прыкленчыла і, выбіраючы маладыя лісты, думала, як гэты салат усцешыцца, калі яго адмыюць у гарачай вадзе ад пылу, пальюць воцатам і акрасяць салам...
Нарвала ўжо з палавіну рэшата, амаль столькі ўжо, колькі трэба, і тут на дарозе пачулася шалясценне дробнай, павалочыстай хады і пастукванне кія ў зямлю. Разам з гэтым каваліха пачула як быццам гутарку.
— Супакоішся ты ў мяне калі-небудзь ці не? — пытаўся стомлены жаночы голас.
Кавалісе здалося, што ў адказ на гэтыя словы пачуўся невыразны шэлест, як быццам хтосьці цягнуў кій па пяску. Пасля зноў некалькі крокаў і пастукванне, спалучанае з тым асаблівым шэлестам.
— Сукін сын! — гаварыў злосны голас. — Так ты мне дзякуеш, што я табе столькі свету паказала!.. Згніў бы недзе пад плотам або згарэў, як грэшная душа, каб не я... Дурань!..
Зноў зашалясцела.
— І дурны, вядома ж. З пастухамі табе найлепш кампанаваць, а не са мной... Вось тады ўжо ты быў бы разумны, каб цябе сабакі пагрызлі або хто-небудзь на свіных касцях паламаў. Клышаногі!..
Каваліха выпрасталася і за некалькі крокаў ад плота ўбачыла на дарозе згорбленую бабуліну з кіем у руцэ. На плячах у старое была поўная чагосьці дзяруга, а з-пад хусткі вылезла некалькі сівых касмылёў, якія трэсліся разам з галавой.
— Каго гэта вы, матуля, так лаеце?.. Гжыбіна!.. — гукнула, смеючыся, Шарачыха.
Старая павярнулася да яе.
— Гэта вы, каваліха? — спыталася, падыходзячы да плота. — Пахвалёны вам!.. А я якраз хацела і да вас зайсці. Ад бацькі слова. Зусім забылася б з-за гэтага юды!..
Кажучы гэта, яна ўзняла свой кій і страсянула ім.
— А што ж там тата мне наказвалі? — хутка спыталася Шарачыха.
— Ды вось... блытаецца ў маіх нагах і не толькі не памагае, але ж яшчэ перашкаджае хадзіць. За тое, што я яго з гною падняла!..
— А што татка наказваў вамі? — нецярпліва паўтарыла каваліха. — Былі вы сёння ў млыне?..
— Ды была, была... Лажыся, падлюга! — злосна сказала яна свайму кію, кінуўшы яго на край пляценніка. — Замаўляла Салтысіку ліхаманку, што калоціць яго ўжо другі тыдзень, а па дарозе ўчора зайшла ў млын.
— Татка здаровыя?..
— Уга!.. Толькі казаў, каб Малгося заўтра прыехала да яго са Стасікам, а ваш — каб таксама быў у нядзелю ў млыне...