— Я пакажу табе, божая дудачка! — крычаў Шарак, убачыўшы праз акно фізіяномію арганіста, больш чым заўсёды ўрачыстую.
— Юзэф!.. Кум!.. Пане каваль!.. — сунімалі яго пасрэднікі. — Пакіньце вы! Што вам злавацца на п'янага?.. Ён жа дурны, сам не ведае, што робіць...
— Я яго задушу, разбойніка!..
— Пакіньце, пане Шарак!.. Што там душыць?.. Душыць не кожнага можна... Ён жа асоба духоўная, першы адразу ж пасля ксяндза!.. Яшчэ вас бог за гэта пакарае...
— Нічога мне не будзе! — адказаў каваль.
— Вам, можа, і нічога... Ды ў вас жа жонка, малое!..
Апошнія словы паўплывалі цудоўна. Падумаўшы пра жонку і дзіця, раз'юшаны каваль супакоіўся і нават намагаўся прыглушыць у сабе жаданне помсты. Што праўда, дык праўда, — арганіст ідзе адразу пасля ксяндза; а што, калі адлупцуеш яго, а пан бог узлуецца і на жонцы або на дзіцяці адплоціць за крыўду?..
Выйшаў ён з карчмы страшэнна сумны.
«Ох, гэтыя дзеці, — думаў, — колькі з імі клопату!.. У мяне ж толькі адзін, а ўжо трэба галаву марочыць, шукаць настаўніка, на чарку траціцца... Ды яшчэ мяне за гэта на людзях ганьбяць, а я не магу адплаціць, бо за дзіця баюся... Ой, Стах, Стах!.. Каб ты ўжо хоць ведаў потым, колькі я за цябе адпакутаваў!.. Дай бог, каб хоць ужо баба не лаяла!
Дома без крыку не абышлося, але з таго часу Шарак яшчэ больш любіў свайго сына, пра адукацыю якога думаў так рана, з-за чаго вось і пляшку мёду на галаве расхвасталі. Прастадушны каваль за некалькі месяцаў забыўся пра сваю крыўду, але ж надта прыкра было, што пасварыліся з арганістам, вучоным мужам, які адзін мог пакіраваць выхаваннем сынка, што ўжо сам хадзіў, мог гаварыць і наогул выказваў незвычайныя здольнасці.
Тым часам прыйшло лета, а разам з ім і хвіліна, у якую неспадзявана добра меліся закончыцца кавалёвы бацькоўскія клопаты...
Аднойчы маці палажыла Стася ў садзе пад грушай, падаслала яму дзяружку, падгарнула кашульку і кажа:
— Спі тут, хлопчык, і не дзярыся, ягадка мая найсаладзейшая з усіх, якія толькі пан бог стварыў і сонейка выграла!.. А ты, Курта, лажыся каля яго і пільнуй, каб яго курыца не дзюбнула, або пчала не ўджаліла, ці нейкі нядобры чалавек не зрок. Я пайду палоць буракі, а як вы тут не будзеце добра сябе паводзіць, дык вазьму частаколіну і ўсе вам костачкі пералічу!..
Але толькі ад думкі такое — пра страшнае пакаранне — яна схапіла хлопца на рукі, затуліла, нібы ад крыўды якое ратуючы, пачала цалаваць, калыхаць на руках і прыгаворваць пяшчотным голасам:
— Гэта каб я цябе частаколінай!.. Гэта Курту, сабачага сына, а не цябе!.. Мой ты клубочак, мой галубочак... сынулечка мой адзіны, залаты!.. А ты не смейся, Курта, кудлач ты!.. Не прыплюшчвай свае слепакі, не матлашы хвастом, бо я хутчэй з цябе, сам ведаеш, тры скуры здзерла б, чым на яго, майго Стасіка роднага, хоць галіначку абламала... Лю-лі, лю-лі, лю-лі!..
А Курта хвост пад сябе падгарнуў, зяпу ад гарачыні разявіў, язык чырвоны, як хустку, налева высалапіў. Сабака кемлівы, хітры!.. Сам сабе думае: «Гавары здарова, а я што ведаю, то ведаю. Колькі разоў прыходзілася Стасеў сеннічок сушыць, столькі разоў яму так пападала, што ажно ў кузні чуваць было!..»
Так сабе думаў брахлівы Курта, аднак маўчаў, бо ведаў, што за ўсе довады найлепшы бывае кій, якім усе сямейнікі, а гаспадыня першая, адказвалі на сабакавы прэтэнзіі.
А Стась тым часам цёр вочы тлустымі жменькамі, а льняную галаву так і прыкладваў да мамінага пляча. Каб толькі мог разважліва гаварыць, дык і сказаў бы ёй:
— Калі ўжо кладзеш, дык і кладзі, бо пасля гаршка малочнай кашы чалавеку спаць так хочацца!..
Хлопец ужо і сам, па сваёй ахвоце заснуў бы, але матцы здавалася, што яго трэба закалыхаць, і яна калыхала, спяваючы:
Толькі калі ўжо ён пацяжэў на руках і прымасціўся галоўкай паміж плячом і грудзьмі, яна палажыла яго на дзяружку, тузанула Курту за мокры язык і, азіраючыся, пайшла ў свае буракі.
Зрэбная дзяружка, а пад дзяружкай зямля здаліся Стасю халаднаватымі і цвёрдымі пасля маміных абдымкаў. Ногі яго выдатна спалі, а галоўка раптам прахапілася, і ён узняўся на тлустых ручках. Хацелася зірнуць, дзе маці, а можа, і паплакаць услед? Але таму, што Стась быў яшчэ малы, добра разглядацца не ўмеў, ён, замест таго каб глядзець наперад, глядзеў пад сябе, на траву. Тым часам Курта добрасумленна лізнуў яго раз і другі раз па загарэлым твары і пачаў шукаць у галаве, ды так шчыра, што Стась упаў на левы бок і падлажыў сабе пад шчаку тоўсценькі локаць. Хацеў яшчэ прыўстаць, нават успёрся рукой на дзяружцы, намагаючыся разблытаць ножкі. Але ў гэты самы момант пальцы яго ручкі разбегліся, вішнёвыя губкі растуліліся, вочы заплюшчыліся надта хутка, — ён заснуў. У ягоным узросце сон бывае дужы, як здаравенны мужчына: паложыць чалавека раней, чым пачне з ім дужацца...
Тады ад нядаўна скошанай сенажаці, дзе доўгімі радамі стаялі задуменна насупленыя і пукатыя копы, павеяла ветрам, гарачым, як подыхі сонца. Вецер паказытаў прысадзістыя копы, пасвістаў у дуплах спарахнелых вербаў, што дарэмна стараліся адпалохаць яго памахваннем галінак, працадзіўся цераз пляцень і павалокся па кавалёвым агародзе. Зялёнае бацвінне буракоў з чырвонай аблямоўкай, танклявы кроп і пёрыстая пятрушка пачалі трэсціся, як ад ліхаманкі, відаць, са злосці, бо гэта гультаі — не любяць, каб іх зачапалі. А раскудлачаны бульбоўнік, яркія сланечнікі і бледна-ружовыя макаўкі пачалі ківацца, як жыды ў сваёй школе-бажніцы, абураныя, відаць, легкадумнасцю ветру, які адганяў пчол ад вулляў, а самой кавалісе перакруціў на галаве чапец, нягледзячы на тое, што хоць ёй і дваццаць адзін год, а ўсё ж Стасева маці і гаспадыня ўсяго, што ёсць у агародзе, у хаце, у хляве і на полі!..
— Ах, свавольнік, свавольнік!.. Ах, што ён тут вырабляе! — наракалі чырвонагаловыя макаўкі, загледжаныя ў неба сланечнікі і буйны бульбоўнік.
А круглыя лісточкі грушы, пад якою маці палажыла Стася, як старанныя нянькі, шапталі:
— Ціха, ціха, ціха!.. Вы ж мне дзіця разбудзіце!..
Курце, які любіў дзейнічаць, і, калі чаго лепшага не было, дык хоць парасят пацягаць за адвіслыя вушы, цяпер было нудна.
«Што гэта за парадак у свеце, — думаў ён. — Дзеці толькі спяць, гаспадыня забаўляецца зрываннем лісця, дрэвы, замест сумленна працаваць, ківаюцца ды шалясцяць, бусел надрываецца клёкатам, а гаспадар з хлопцамі не робяць у кузні нічога, толькі мехам дзьмуць ды куюць?.. Ён малым малатком па кавадле: дзінь, дзінь, дзінь, дзінь!.. а хлопцы вялікімі малатамі па жалезе: бум, бум, бум, бум!.. Ажно іскры ляцяць. Я стаяў перад кузняй, дык бачыў...»
І, смуткуючы ад усеагульнай ляноты, працавіты Курта паваліўся на бок, аж зямля застагнала, распластаўся і ногі выцягнуў, а каб лепш выказаць сваю пагарду да ўсяго свету, прыплюшчыў вочы, толькі б нічога не бачыць...
Тады перад позіркам яго нястомнай душы распасцерлася поле гаспадаровай капусты, дзе жыравала мноства зайцоў, якія перабіралі лапкамі і настаўлялі вушы, як пальцы...