Цяпер у ім пачалі ўзнікаць сімпатыі і антыпатыі, страхі і спадзяванні. Ён любіў Курту, таму што шчанюк быў цёплы, лізаў яго і датыкаўся аксамітна-мякенькай мордай. Баяўся цемры, у якой можна было выцяцца; тужыў па садзе, дзе дыхаецца на ўсе грудзі і дзе мілагучны пошум дрэў, паўтараючы матчыны песні, закалыхваў яго. Колеры шэрыя нагадвалі цвёрдую падлогу або не заўсёды сухі сеннічок і таму не падабаліся яму. Затое колеры чырвоныя і блакітныя, прадметы бліскучыя — узбуджалі смех. Ён ужо ведаў, што агеньчык свечкі, хоць і прыгожы і скача, няветла абыходзіцца з дзіцячымі пальцамі. Памятаў таксама, што бацькавы ногі цвёрдыя, чорныя і большыя за ўсяго Стася, а матчыны ножкі такія нізкія, што пачынаюцца і канчаюцца каля самай зямлі.
Да маці ён адчуваў любоў бязмежную, бо ад яе было найбольш прыемнасцей. А бацька карыстаўся Стасевай сімпатыяй таму, што ў яго былі вусы і найспакуслівейшая на свеце рэч — гадзіннік. Затое татавы пяшчоты не спакушалі яго; той меў звычай якраз тады забаўляць малога, калі яму хацелася спаць або есці, бязлітасна калоўся шорсткай барадой і вялізнымі нязграбнымі рукамі ціскаў яго маладыя, кволыя костачкі. Было толькі адно, з-за чаго Стась, убачыўшы бацьку, часамі працягваў ручкі і смяяўся: гэта — гойданне. Праўда, нязручна было малому ў гэтых магутных руках, але затое як яны высока падкідалі яго, які рабіўся вецер навокал, як растрасаў яго валасы і паддзімаў кашульку!..
Стась умеў ужо забаўляцца і сваволіць. Часамі маці брала яго на калені, а бацька сядаў насупраць і прасіў:
— Ідзі, Стась, да мяне, ідзі!..
Той як быццам ідзе, выцягвае рукі, але раптам адварочваецца і — хоп! — тварыкам у маміна плячо. І ўжо таго Стася няма, зусім-зусім няма ў хаце, — прынамсі, сам ён нікога не бачыць!
Часамі бацька стаўляў яго на стале і трымаў пад пашкі, а маці хавалася. Маці схаваецца за бацьку з правага боку, а Стась — шмыг галаву направа і ўжо знайшоў яе... Схаваецца маці за бацьку з левага боку, а Стась — шмыг галоўку налева і зноў знайшоў яе. Дзіця забаўлялася б так увесь дзень, але што ж, калі бацьку трэба было ісці ў кузню, а маці да сваіх кароў! Тады малога клалі ў калыску і ў хаце паднімаўся такі крык, што ажно Курта пачынаў брахаць!..
Часамі хлопец станавіўся на галаве, аднак неўзабаве ўцяміў, што гэта нязручна і што хадзіць чалавеку найбольш адпаведна на карачках. Дзякуючы такой хадзе ён пераканаўся, што сцены, крэслы і печ не сядзяць у яго воку, але дзесьці навонкі, значна далей, чым на даўжыню рукі.
Магутна ўзрасталі мускульныя сілы, што прымушала яго да пэўнай працы. Часцей за ўсё гэта датычылася пераварочвання зэдліка, біцця лыжкай па падлозе і пагойдвання калыскі. А таму, што нейкі час яны спалі ў ёй з Куртам, шчанюк, убачыўшы пагойдванне, ускокваў на сяннічок і лажыўся сабе, як граф! Гэтае нахабнае злоўжыванне правамі даводзіла Стася да зайздрасці, і ён крычаў датуль, пакуль сабаку не праганялі і самога яго не клалі ў калыску.
Пасля яго пачалі вучыць вельмі нялёгкаму майстэрству — хадзіць. Хлопца забаўляла тое, што ён так высока ўздымаецца над зямлёй; але ж разумеў ён і спалучаную з гэтым небяспеку і вельмі рэдка рызыкаваў ісці без дапамогі старэйшых. Тады ён спачатку станавіўся, потым падымаў левую руку і правую нагу, выгінаў яе ўсярэдзіну і правым краем ступні — плясь аб зямлю! Тады паднімаў правую руку і левую нагу, выгінаў яе ўсярэдзіну, падкручваў пальцы і левым краем ступні — плясь аб зямлю! Зрабіўшы некалькі такіх складаных рухаў, ён ані на крок не кранаўся з месца, затое галава ў яго кружылася і хлопец падаў. У той час думалася яму, што хоць хада на дзвюх нагах і даспадобы чалавечаму самалюбству, толькі поўзанне на карачках мае практычнае значэнне. Убачыўшы, як хтосьці ходзіць на дзвюх нагах, ён адчуваў нешта падобнае да таго, што адчувае сур'ёзны чалавек, апынуўшыся сярод тых, што ходзяць па канаце. З гэтай прычыны ён вельмі шанаваў Курту, які карыстаўся ўсімі чатырма канечнасцямі, і марыў хлопец толькі пра тое, каб дараўнаць свайму сябру ў беганні.
Бачачы незвычайнае развіццё духоўных і фізічных уласцівасцей малога, бацькі пачалі думаць пра яго адукацыю. Навучылі яго гаварыць «тата», «мама» і «Курта», які нейкі час называўся таксама як «тата»; купілі яму высокае крэселка з папярэчынай і падарылі прыгожую ліпавую лыжку, якою Стась з бяды мог бы і галаву накрываць. Бацька, ва ўсім пераймаючы маці, хацеў таксама зрабіць свайму першынцу падарунак і з гэтай мэтай прынёс аднойчы цудоўную нагаечку на казінай ножцы. Калі Стась узяў у рукі гэты каштоўны падарунак і пачаў абгрызаць чорны раздвоены капыцік, маці спыталася ў бацькі:
— Навошта ты, Юзік, прынёс гэта?
— А на Стасіка.
— Як гэта? Ты яго будзеш лупцаваць?
— А чаму не, калі ён будзе такі самы свавольнік, як я.
— Вы бачылі яго! — закрычала маці, атульваючы сына. — Адкуль жа ты ведаеш, што ён будзе свавольнік?..
— Няхай толькі не будзе... я б яму тады паказаў!.. — адказаў дабрадушна каваль.
А таму, што якраз цяпер Стась пачаў крычаць, мама ўзлавалася і схілілася да татавай думкі. Бацькі ўжо больш не спрачаліся — павесілі нагайку на сцяне, паміж святым Фларыянам, які з немаведама якога часу тушыў нейкі пажар, і гадзіннікам, які ўжо дваццаць год дарма намагаўся добра ісці.
Незалежна ад першых прынцыпаў маральнасці, што апіралася на казінай ножцы, каваль пачаў старацца сыну настаўніка. Праўда, у вёсцы быў стары настаўнік, але той займаўся больш пісаннем даносаў і дэгустацыяй моцных напіткаў, чым букваром і дзецьмі. Сяляне і жыды пагарджалі ім, а што ўжо казаць пра Шарака, які і не думаў нагружаць настаўніка вучобай свайго сына, а адразу звярнуўся да арганіста.
«Цяпер Стасіку пятнаццаць месяцаў, — думаў каваль, — гады праз тры маці навучыць яго чытаць, а праз чатыры — трэба яго аддаць арганісту...»
Толькі чатыры гады!.. Трэба ўжо сёння пастарацца пра ласку ў божага слугі, які галіўся, як ксёндз, насіў доўгі чорны сурдут, гаварыў гартанна, сяды-тады ўжываючы лацінскіх слоў з касцельнай службы.
Не зацягваючы справы, Шарак аднойчы запрасіў арганіста да Шуліма на мядок. Напоўнены павагай, касцельны маэстра высмаркаўся ў клятчастую хустку, адкашляўся і, з выглядам чалавека, які хоча выступіць з пропаведдзю супраць алкагольных напіткаў, сказаў Шараку, што сёння, і заўтра, і ва векі вякоў гатоў хадзіць з ім да Шуліма на чарку.
Арганіст быў ганарлівы, лёгка раздражняўся, а перш за ўсё — са слабой галавою. Ужо пры першай бутэльцы пачаў штосьці бэрсаць, а пры другой расчуліўся і паведаміў Шараку, што лічыць яго амаль роўняю.
— Яно, ты бачыш... Божа моцны!.. Яно так. Мне, арганісту, мехам надзімаць, і табе, кавалю... божа моцны!.. таксама мехам... Дык вось... ты ўжо і ведаеш, што я хачу сказаць? Ды тое, што каваль і арганіст — браты... Ха, ха!.. Браты!.. Я, арганіст, і ты — капцюх!.. Misereatur tui omnipotens Deus![6]
Шарак, заўсёды вясёлы, за чаркай рабіўся панурым. Ён не змог ацаніць кампліменты свайго сабутэльніка і адказаў так гучна, што і Шулім і яшчэ дзядзькоў некалькі пачулі:
— Браты — не браты!.. Каваль — ён хутчэй да слесара падобны, а арганіст... вядома ж, арганіст — да старца!..
— Што?.. Я — да старца? — закрычаў абражаны арганіст, пранізваючы позіркам каваля.
— Ды яно так!.. Вы ж і моліцеся за грошы, і граеце прыгажэй, калі вам хто...
Шарак не дакончыў, бо ў гэты момант атрымаў бутэлькаю па цемені, ажно асколкі шкла пырснулі ў столь, а ліпкая медавуха разлілася па твары і святочным адзенні каваля.
— Дзяржы яго! — гукнуў пакрыўджаны, не ведаючы, ці абцірацца, ці даганяць арганіста, які драпануў па лініі, як яму здавалася, найкарацейшай, аднак жа і звілістай.
Прысутныя кінуліся разбараняць. Выкінулі за дзверы арганіста, а каваля пачалі разважаць, бо ён ажно калаціўся са злосці.
[6] Няхай над табой злітуецца ўсемагутны бог! (лац.).