Ёй нібы дух заняло.
— Я не ведаю!.. — адказала.
Шарак рыўком абняў яе і пацалаваў у расхіленыя вусны.
— Яшчэ чаго!.. Такія жартачкі!.. — сыкнула яна пакрыўджана, вырвалася з яго абдымкаў і, убегшы ў хату, замкнула за сабою дзверы.
Гэтай ноччу абое яны не заснулі.
Назаўтра былі закручаны апошнія балты і падняты застаўкі. Вада з шумам абрынулася на засохлыя з нудоты колы, якія захісталіся і пачалі круціцца. Млын ішоў як мае быць!..
Ставіньскі, каб не выдаць хвалявання, прыкусіў губу, аднак рукі яго дрыжалі ад радасці. Агледзеў усё, аблаяў парабчукоў, а тады ўжо запрасіў каваля ў хату, па грошы, і паставіў бутэльку мёду.
Калі ён выклаў на стол новенькія паперкі, Шарак пачухаў за вухам і неяк сумна ўсміхнуўся. Млынар заўважыў гэта.
— Што, сынок, — спытаўся ён, — табе і крыўдна яшчэ, што дваццаць тры рублі з кішэні маёй выпудзіў?
— За такі рамонт млына мне ад вас можна было б і дачку ўзяць! — шапнуў Юзаф.
— Што? — крыкнуў стары. — Хочаш дачку замест грошай?
— Мне б і тое, і тое...
Ставіньскі быстра зірнуў яму ў вочы.
— Але ж я за ёю грошай цяпер не дам, толькі пасля мае смерці, — сказаў ён.
— Мне жыць даўжэй, чым вам, — адказаў каваль і пацалаваў яго руку. — Без пасагу дзеўку вы ж не аддасце, а мне самому так сумна, асабліва зімою...
У адчыненым акне мільганулася Малгосіна галава.
— Ану, ідзі сюды! — паклікаў бацька.
— Я не пайду, — адказала дзяўчына, засланіўшы вочы, — няхай татка самі ўсё вырашаюць!..
Ставіньскі паківаў галавой.
— Ой, каваль, каваль! — сказаў ён. — Часу ты тут, бачу, дарма не траціў. Што ж, калі такая ўжо божая воля, дык аддам я табе дзяўчыну, бо майстар ты добры, і, ведаю, з дастаткам... Толькі дзіця маё не крыўдзь, бо гэтага я табе не дараваў бы...
Праз некалькі тыдняў адгулялі Малгосіна вяселле з кавалём — папелі, папілі, наскакаліся. Пры выпадку памірылася двух, даўно пасвараных суседзяў, а пасварылася чатырох. Адзін з парабчукоў Ставіньскага, трохі падпіўшы, кляўся, што з вялікага гора ўтопіцца, але абмежаваўся яшчэ большай выпіўкай. Затое адзін гаспадар, які даўно меў намер адмовіцца ад гарэлкі, уваліўся нехаця ў сажалку, за што яго жонка добра такі паўшчувала. Ужо ў першы дзень вяселля сталяр з раскірачанымі, як вілы, нагамі і вечны рагатун, уладальнік ветрака, два канкурэнты на Малгосю, пачалі даводзіць знаёмым і незнаёмым, што дзяўчына з ганьбай, а бацька яе ліхвяр, і таму ў млыне іхнім страшыць і збожжа ў памольнікаў прападае з мяхоў. Кожны з гэтых няўдалых канкурэнтаў бажыўся, што ніколі не ажаніўся б з млынароўнай... А маладыя тым часам паехалі да каваля...
Тут Малгося выдатна спраўдзіла свае абяцанні. Пабяліла хату, апляла яе дзікім вінаградам, упрыгожыла ўсярэдзіне абразамі і мэбляй і завяла прыгожы агарод на ўзгорку, што спускаўся да ракі. Пад яе наглядам пабольшаў ды вылюдзеў кавалёў набытак, хата выглядала як шляхецкі дворык, а сам Шарак справіў сабе новы скураны фартух, такі вялікі, што з яго можна было б выкраіць двух ладных варшавякаў і засталося б яшчэ трошкі на варшавянку...
У такіх клопатах і прайшоў для маладое пары год. Вясной прыляцелі буслы, аселі ў старой буслянцы на гумне, пачалі клекатаць, клекатаць і, нарэшце, выклекаталі маленькага Стася. У гэты дзень каваль не пайшоў у кузню, а дзед Ставіньскі прыехаў за мілю з гакам верхам без сядла і расплакаўся, як бабёр, убачыўшы поўненькага, ружовага ўнука, які страшэнна галёкаў, а на ручках і ножках яго было столькі ж ямак, колькі і костачак.
У такіх выпадках шаноўныя дамы асланяюць вокны тоўстымі шторамі, наймаюць на дапамогу сабе розных мамак, штучных і натуральных, і некалькі тыдняў адпачываюць у вышываным негліжэ, як быццам гэта яны стварылі свет, прымаюць віншаванні паняў і паноў, якія шэпчуцца каля іх па-французску. Таму, аднак, што ўсе гэтыя цырымоніі былі Малгосі невядомыя, яна праз двое сутак узялася за працу, а дзед пахварэў за яе — разумеецца, ад радасці. За некалькі дзён ён грунтоўна ўведаў свайго ўнука, адкрыў у ім вялікія здольнасці да млынарскае справы і першы прызнаў, што яму яшчэ не здаралася бачыць такога, як Стась, разумнага дзіцяці, нават сярод шляхецкіх дзяцей!..
А немаўлёнак тым часам праходзіў цікавую, поўную таямніцаў пару найранейшага маленства, няясныя ўспаміны якога мы калі-нікалі бачым у снах, якія прыадчыняюць дзверы падсвядомага жыцця.
Уявіце сабе простага чалавека, якога раптам засыпалі справамі ўсёй грамадскасці. Там і пытанні мастацтва, і прамысловасці, філасофскія і сельскагаспадарчыя, там злачынствы і подзвігі, а паміж імі мноства спраў, ад якіх залежыць яго ўласнае існаванне. Яму трэба ўсё гэта прывесці да ладу, свае справы аддзяліць ад чужых, у гэтую гадзіну навучыцца, што трэба рабіць у наступную і не ўпасці пад цяжарам працы!..
У гэтым становішчы аднойчы апынуўся Стась. Пасля доўгага сну, які папярэднічаў свядомаму жыццю, на яго абрынулася паводка ўражанняў. Паветра раздражняла яго скуру і лёгкія, у вочы скакалі барвы белыя, шэрыя, блакітныя, зялёныя, чырвоныя — ва ўсіх камбінацыях і адценнях, а разам з імі тысячы формаў ажыўленых або мёртвых. Ён чуў людскую гутарку, ляскат свае калыскі, булькатанне закіпаючай вады, гудзенне мухаў і паскавытванне шчанюка Курты. Ён адчуваў ціск пялёнак, хваляванне тэмпературы, што мянялася штохвілінна, нарэшце голад, прагу, санлівасць і рух сваіх канечнасцей. Усё гэта, бязладнае, хаатычнае, настырлівае, кіпела ў глыбіні яго маленькай, толькі што абуджанай істоты. Хлопчык не ўмеў паказаць, адкуль прыходзіць голад, а адкуль белы колер або грукат малатоў у кузні. Адчуваў толькі стому і пахныкваў, дрыжучы ад холаду. Адна пацеха была ў яго — сон, які яму зачаста абрывалі, і магчымасць ссаць. І ссаў ён, як тая п'яўка, ссаў і крычаў, а дарослыя людзі ківалі галовамі над яго бездапаможнасцю. Вы чулі? Бездапаможным называлі асобу, якая трапіла ў такі страшэнны вір і павінна была вырашаць столькі спраў!..
У гэтую пару Стась яшчэ не адрозніваў сваю маці ад самога сябе і, калі яму вельмі хацелася есці, ссаў вялікі палец свае нагі — замест матчыных грудзей. З яго смяяліся, хоць мы і ведаем людзей дарослых і разумных, якія замест сваёй капеечнай палачкі могуць узяць чужыя рублёвыя галёшы...
Пасля цяжкай працы і шматтыднёвых вопытаў Стась дайшоў да вялікіх вынікаў. Яму ўдалося ўлавіць розніцу паміж сваёй нагой і краем калыскі, нават паміж матчыным лонам і сеннічком. У гэты час ён быў ужо вельмі разумны. Ведаў, што голад дакучае яму з боку ног, што ў адным месцы галавы гуртуецца ўсялякі шолам, у другім — усе колеры, а трэцяе месца смокча, ссе.
Праз некалькі месяцаў ён зрабіў яшчэ больш адкрыццяў. Адрозніваў ужо здарэнні дрэнныя ад добрых і рэчы прыгожыя ад брыдкіх. Раней усмешка і плач, зморшчванне лба і выцягванне рук або ног ішлі адно за адным без усялякага ладу; ён карыстаўся імі як пачынаючы ігрок клавішамі фартэпіяна, — той датыкаецца да іх, не ведаючы, што з гэтага выйдзе. Цяпер Стась смяяўся, убачыўшы маці, якая карміла яго; плакаў пасля купання, супраць якога пратэставалі ўсе яго двухногія інстынкты, моршчыўся — убачыўшы пялёнкі, што не давалі яму свабодна рухацца, а да гаршчочка з падсалоджаным малаком выцягваў ручкі і ножкі.