Неяк ноччу, выскачыўшы пасля такой вандроўкі на бераг, яна ўбачыла на мосце бацьку. Ён стаяў, абапёршыся на парэнчы, і ўважліва глядзеў, як вада прасяваецца цераз застаўкі. Малгосіна сэрца задрыжала ад думкі, што гэта і ён не спіць, думаючы пра яе, хоць з выгляду такі абыякавы. Узбегла на мост і, прытуліўшыся да бацькавага пляча, размарана спыталася:
— Каго ж гэта вы, татачка, выглядвалі тут?
— Думаў, што мужыкі рыбу крадуць, — адказаў стары і пазяхнуў. Пасля, пачухаўшыся, памалу павалокся ў хату.
Ніколі яшчэ Малгося не адчувала сябе такой самотнай, акінутай, як у той момант, і ніколі так моцна не хацелася, каб і яе хто-небудзь палюбіў. Цяпер ёй здавалася, што сталяр з мястэчка, скупы і брыдкі ўдавец, які еў за трох, грудзі ў якога плоскія, а ногі раскірачаныя, нібы вілы, што сталяр гэты — зусім прыстойны чалавек. А пра млынара, які арандаваў вятрак дзве мілі адгэтуль, часта смяяўся і наогул лічыўся прыдуркам, яна ўжо не магла думаць без хвалявання!.. Нават падобныя да прадаўгаватых мяхоў мукі бацькавы парабчукі, хлопцы грубыя і сварлівыя, у сённяшнім душэўным настроі здаваліся ёй асобамі з мноствам станоўчых якасцей, хоць месяцаў некалькі таму назад яна не магла глядзець на іх без агіды.
У гэтым цяжкім становішчы млын зноў вырашыў дапамагчы дзяўчыне, і вось аднойчы ўнутры яго штосьці лопнула — з вялікім трэскам... Ажно запыленыя мукой парабчукі пабялелі са страху, а Ставіньскі пляснуў шапку аб зямлю!.. Ваду як найхутчэй спынілі і пачалі раіцца, нават загаворваючы з людзьмі, што ехалі па грэблі. Ва ўсім доме запанаваў безлад. Хлопцы перабрэхваліся на мосце, даючы дрэнны прыклад праезджым. Стары не захацеў абедаць і пачаў лаяцца на чым свет стаіць, што вось і паміраць пара, а парсюкі, што жылі пад млынам, бачачы, што ніхто не падсыпае ім вотруб'я, скуголілі, як перад канцом свету.
У такім бязладдзі разоў са сто было названа прозвішча каваля Шарака, і нарэшце адзін з хлопцаў запрог каня і паехаў у бок горада. Малгосю ахапіў страх, як у той дзень, калі яна, прастудзіўшыся, чакала фельчара, што меўся паставіць ёй банькі. Яна прычасалася, абула новыя чаравікі і выбегла да млына, які, нарабіўшы столькі клопату ўсім, сам разваліўся над грэбляй і вышчарыў зубы — такі задаволены!..
Сцямнела, павеяў халодны вецер, і дзяўчына павінна была ісці ў свой пакойчык. Толькі лягла, а тут на дварэ затарахцела і нейкі чужы голас пачуўся ёй ад млына. «Ах, божачка!..» — падумала Малгося і, хуценька апрануўшыся, давай шукаць гарэлкі, распальваць у печы, падаграваць верашчаку з каўбасой. Хвілін праз пятнаццаць было гатова ўсё, з чым сонная служанка не справілася б і за гадзіну.
Тым часам каваль, агледзеўшы млын, як бабка-шаптуха хворага, увайшоў са Ставіньскім у хату. Ужо ў сенях Шараку пачуўся пах смажаніны, і чалавек ажно ўсміхнуўся, так прыемна было, што млынар шануе яго, да поўначы чакаючы з вячэрай. Здзівіўся аднак, убачыўшы ў хаце стол цудоўна застаўлены, з парай над посудам, і два крэслы абапал стала, а гаспадыні — анізвання!
Заклапочаны млынар чокнуўся з госцем, папрасіў частавацца, а сам еў моўчкі, па свайму звычаю. Толькі пасля вячэры азваўся:
— Малгась! Пашлі ў млын падушку і дзяругу, бо пан каваль будуць у нас начаваць.
Малгося выйшла зачырванелая, ажно самой ад гэтага сорамна. Са злосці на сябе камячыла рукамі фартух і глядзела пад ногі. Аднак калі падняла вочы і ўбачыла малады, вясёлы кавалёў твар і вочы, што паблісквалі з-пад чорных броваў, яна не вытрывала, пырхнула смехам і выбегла ў сені аддаць загад служанцы. Каваль таксама смяяўся, сам не ведаючы чаго, а ўвесь час заклапочаны Ставіньскі замармытаў пад нос:
— Ат, каза, дый толькі!.. Рэдка бачыць людзей, вось і хіхікае... Дурное яшчэ, васемнаццаць гадкоў...
На світанні наступнага дня Шарак узяўся за працу, але толькі ён паспеў прыладзіць кавадла, горан і мех — паклікалі снедаць. Упершыню ў жыцці Ставіньскі прызнаў, што дачка яго добрая гаспадыня, умее прыняць госця! А млынароўскае сэрца яго не магло не расхвалявацца, калі ён убачыў, як Малгося зацікаўлена млынам, як часта яна бегае туды, пра ўсё распытваючы Шарака. Менш падабалася яму тое, што каваль многа гаворыць, працуючы, а то і прыштукі паказвае, хапаючы голымі пальцамі распаленае да белага колеру жалеза. Аднак стары маўчаў, бачачы, што ў майстравых руках работа тая гарыць і што хоць хлопец любіць трохі пабалабоніць, куе ён так, што аж зямля стогне!..
Рамонт ішоў некалькі дзён. За гэты час каваль і млынароўна вельмі пасябравалі, а вечары праводзілі разам і толькі ўдваіх, бо супакоены Ставіньскі зноў пачаў займацца справамі і менш звяртаў увагі на дачку. І вось у апошні вечар, седзячы каля хаты на лаўцы, маладыя вялі такую гутарку, праўда, паціху, бо так ім было найзручней.
— Дык пан Юзаф жыве за паўмілі ад горада, на ўзгорку? — спыталася дзяўчына.
— Ага, ага! На ўзгорачку, што каля лугу. І плот-плецянік, і дрэў штук некалькі, — адказаў каваль.
— От каб там агарод быў! Я насадзіла б там буракоў, бульбы, фасолі і кветак, каб гэта маё было!
Каваль маўчаў, спусціўшы галаву.
— І хата ў пана Юзафа харошая. Гэта тая, што каля яе калодзеж з жураўлём?
— Вядома ж, тая, але не харошая, зусім не харошая!.. Бо няма каму яе даглядаць...
— Каб гэта мне давялося, — гаварыла дзяўчына, — дык я б яе пабяліла як след, на вокны — фіранкі і вазоны, у хаце павесіла б усе мае абразы... Чаму пан Юзаф так не зробіць — адразу было б весялей?..
Каваль уздыхнуў.
— Эх! — сказаў ён. — Каб гэта мы бліжэй жылі, дык Малгося мне дадала б ахвоты, параіла б, як што рабіць...
— Уга!.. Сама ўсё зрабіла б, калі пан Юзаф будзе ў кузні...
— Але ж у далеч такую, — сказаў каваль, беручы дзяўчыну за палец, — Малгося не пойдзе, пакінуўшы бацьку?
Цяпер замоўкла млынароўна.
— Страшэнна мне Малгося спадабалася, праўду кажу!.. Халера!.. Цяпер вось чалавек дахаты вернецца і сам сабе рады не дасць... А што Малгосі да таго!.. Ёй каб якога аконама?..
— Я ж ведаю, чаго пан Юзаф варты! — прыкрыкнула на яго дзяўчына, трохі адвярнуўшыся. — Пра ніякіх я аконамаў не думаю, толькі пра тое, каб...
Зноў замоўкла, але каваль цяпер ужо ўзяў яе за ўсю руку.
— Ну, — спытаўся ён раптам, — а пайшла б Малгося за мяне?..