Ад доўгай гутаркі ён так стаміўся, што павінен быў вярнуцца на ложак. Аднак там як чалавек, што без сцягвання паяска пачынае таўсцець, ён не лёг, але нібы ў мяккім крэсле асеў у жончыных абдымках.
— Вось так яно! — шаптаў. — І хто б спадзяваўся?.. Два тыдні ашукваў жонку, што камізэлька зацесная, а сёння яна і сапраўды сама зацесная!.. Вось яно як!..
І так, прытуліўшыся адно да аднаго, яны прасядзелі ўвесь вечар.
Хворы быў расчулены больш чым заўсёды.
— Бог мой! — шаптаў ён, цалуючы жончыны рукі. — А я ж думаў, што буду ўжо худзець да... канца. Два месяцы прайшло, а толькі сёння паверыў, што магу паправіцца. Каля хворых усе лгуць, а жонка найбольш. А камізэлька — яна не зманіць!..
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Сёння я, гледзячы на старую камізэльку, бачу, што над яе сцяжкамі працавалі дзве асобы. Ён — кожны дзень пасоўваў спражку, каб супакоіць жонку, а яна штодня — падкарачала паясок, каб падбадзёрыць мужа.
«Ці яны калі-небудзь сустрэнуцца зноў, каб расказаць адно аднаму ўвесь сакрэт з гэтаю камізэлькай?..» — думаў я, гледзячы на неба.
Неба ўжо амаль не было над зямлёю. Ішоў снег, такі густы ды халодны, што нават чалавечым прахам у магілах было холадна.
Хто ж аднак скажа, што за гэтымі хмарамі няма сонца?..
Стасевы прыгоды
Герой апавядання — асоба, крыху больш за локаць ростам, каля трыццаці фунтаў вагі, і жыве яна на свеце толькі паўтара года. Гэтую катэгорыю грамадзян людзі дарослыя называюць дзецьмі і наогул адносяцца да яе недастаткова сур'ёзна.
Таму я трохі пабойваюся рэкамендаваць чытачам маленькага Стася і перш за ўсё прашу іх быць цярплівымі. Дзіцёнак гэты такі прыгожы і чысты, што яго магла б пацалаваць кожная дама, якая носіць пальчаткі на чатыры гузікі. Валасы ў яго льняныя, вочы вялікія і сінія, кашулька зрэбная, а зубоў столькі якраз, колькі патрэбна, каб пайсці на свой хлеб. Апроч гэтага, ёсць у Стася калыска, на жаўтлявым фоне якое намаляваны чорныя і зялёныя кветкі, а таксама вазок, з адзіным недахопам — кожнае кола яго, сказаў бы, коціцца ў свой бок.
Я не змог бы суцешыцца, калі б усе названыя станоўчыя якасці не здабылі сімпатыі да Стася, які, на жаль, не мае якой-небудзь незвычайнай рысы. Стась — дзіця законнае, не падкідыш; не выяўляе ён нават найменшай здольнасці красці або іграць на якім-небудзь інструменце, яшчэ горш — няма ў яго ані крышачку дурнаватасці, якая дала б яму права лічыцца дзіцем знатнага роду.
Аднак дзіця гэта незвычайнае; прынамсі, так сцвярджаюць яго бацька, Юзэф Шарак, па прафесіі каваль, яго маці, Малгажата, да замужжа Ставіньская, і дзед Ставіньскі, млынар, ужо не лічачы кумоў, сяброў і ўсіх тых, хто быў на хрысцінах і не змог там застацца халодным.
Само Стасева нараджэнне залежала ад незвычайных камбінацый і фактаў. Перш за ўсё пану богу трэба было стварыць дзве сям'і — кавалёў Шаракоў і млынароў Ставіньскіх; па-другое — зрабіць так, каб у адной сям'і быў сын, а ў другой дачка; а па-трэцяе — сапсаваць у млыне адну жалезную штуковіну і для рамонту яе запрасіць маладога Шарака якраз у тую пару, калі Малгосіна сэрца распусцілася, нібы белы гарлачык на сажалцы яе таты. «Проста цуд!..» — як слушна гаварыла старая Гжыбіна, трохі знахарка, трохі жабрачка, а, як вядома, дзве такія спецыяльнасці даюць вясковым бабулям права разбірацца ў цудах.
Паколькі згодна аднагалоснага акрэслення шматвопытных жанчын Стась «пайшоў па маме», мы асмелімся першае слова сказаць пра яе. Гэта тым больш неабходна, што каваліха будзе выконваць ролю ў здарэнні, якое (прызнаемся з сумам) не будзе ні крымінальным злачынствам, ні раманам з гарачай малітвай пра помсту.
Каля грэблі, немаведама калі не гразкай, над вялікай сажалкай, у якой багата рос трыснёг і адлюстроўваўся прыбярэжны алешнік, стаяў млын. Стары, счарнелы будынак з маленькімі шыбкамі вокан; з правага боку яго былі два вялізныя колы, дзякуючы якім будынак гэты ўжо трыццаць гадоў тросся і клекатаў, наганяючы ў кашалёк уладальніка, Ставіньскага, шчодрыя грошы.
У млынара былі сын і дачка, якраз Малгося. Сына Ставіньскі паслаў у людзі, каб навучыўся добра пытляваць, а дачку трымаў дома. Ёй хапала ўсяго, бацька грошай не шкадаваў ні на дзявочыя ўборы, ні на хатнія патрэбы. Не хапала ёй толькі ласкі.
Стары не быў благім чалавекам, аднак халаднаватым, гаварыў мала і востра, увесь быў заняты справамі. Пільнаваў парабчукоў, каб не кралі людскога збожжа, клапаціўся, каб парсюкам, што парохквалі пад падлогай млына, спраўна адсыпалася дзесятая частка вотруб'я, падлічваў працэнты за пазычаныя грошы, што спаганяў, а што пускаў у рух...
У такіх умовах Малгося жыла толькі з прыродай, а кахала — свой млын... Калі яна ўдзень працавала ў агародзе або карміла курэй і вялікіх тлустых качак, а то пагладжвала кароў, якія на голас яе ішлі, як сабакі, — млын шумеў і тарахцеў сур'ёзныя, незвычайныя мелодыі. У тарахценні яго перагукваліся ўсе інструменты: скрыпкі, бубны, арганы; аднак ігралі яны штосьці такое, чаго ніводзін аркестр, ніводзін арганіст не змог бы паўтарыць.
Прырода здавалася Малгосі вельмі вялікім возерам, люстра якога даставала аж да неба, а кроплямі былі: вёскі, параскіданыя ў палях, алешнік, луг, млын, грушы на межах, кветкі ў яе агародзе, птушкі і яна сама... Часамі, прыглядаючыся да аблокаў, што выходзілі з-за чорнага тыну лясоў, алюстроўваліся ў сажалцы і ўцякалі за ўзгоркаваты далягляд, слухаючы шум ветру, што моршчыў ваду і збожжа на полі, слухаючы, як енчыць пад ветрам трыснёг на балоце, дзяўчына пыталася: ці не з'яўляецца яе жыццё толькі адлюстраваннем усяго, што яна бачыць і чуе, як тыя вобразы дрэў і неба, што адлюстроўваюцца ў хвалях сажалкі?.. Тады на вочы яе набягалі зусім беспрычынныя слёзы. Яна пацягвалася, як быццам з плячэй меліся вырасці крылы, якія падхопяць яе, панясуць аж пад воблакі, і спявала на невядомую мелодыю такое, чаго не чула ў ніводнай народнай песні. Ажно бацька выходзіў з млына замаркочаны і казаў:
— Што ты, дзеўка, спяваеш?.. Лепш памаўчала б, бо людзі ж смяюцца!..
Малгося сарамліва змаўкала, але затое сябар-млын паўтараў кожнае слова яе, кожную ноту, толькі што яшчэ складней ды прыгажэй. І як тут было не любіць яго, хоць і падобны ён да галавы несусветнага звера, асаджанай на мностве ног, хоць з яго зяпы патыхала гарачынёй і пылам, а выў ён і тросся так, нібы хацеў усіх людзей, што набліжаліся па грэблі, патрушчыць вялізнымі клыкамі!..
Святамі млын маўчаў. Толькі ржавыя сцяжкі на даху парыпвалі жаласна, а каля заставак шамацелі тонкія вадзяныя патокі, з плачам ападаючы на аслізлыя колы. Тады, калі летні вечар быў цёплы, Малгося сядала ў човен і выплывала на сярэдзіну вялізнай сажалкі, адкуль відаць быў толькі верх млына.
Тут, задумаўшыся над глыбінёй, у якой, нібы цені, праходзілі круглавокія рыбіны, яна прыслухоўвалася да пошуму аеру на астраўках, да пераклічкі вадзяных птушак, або схіліўшыся за борт лодкі, сачыла, як са дна сажалкі адна за адной выплываюць зоркі, а на паверхні хваляў дрыжыць доўгі сноп месячнага святла. Часамі яна бачыла танчэйшыя за павуцінне шаты, якія русалкі развешвалі на кроплях начное расы... Гэта фата... гэта плашч... а гэта павалочыстая сукня... Яна плыла туды, але вецер адганяў тыя шаты на луг, над якім раптам уставала цэлае возера сярэбрана-белай імглы, у якім кружыліся, танцавалі бляскі ды цені... Хто там гуляў і чаму яе не пускалі туды?..
Тым часам насоўвалася поўнач. Лодка пачынала дрыжаць, паміж аброслымі астраўкамі чуваць было ціхае плюхаценне, за трыснягом загараліся слабенькія таямнічыя агеньчыкі. Здрадлівая імгла засцілала Малгосі дарогу, і чутно было, як хтосьці шаптаў у астраўках: «Ага! Ага, не выйдзе дзяўчына адгэтуль!..»
Але над ёю, самотнай, апекаваўся верны прыяцель млын. Яго драбнашыбыя вочы кідалі раптам у заслону імглы агні, чорная, шматногая звярына пачынала трэсціся, і ў той момант да слыху атуманенай дзяўчыны далятала вядомае ёй пагукванне, голас, які спяшаўся, клічучы:
— Малгась!.. Малгась!.. Малгась!.. Малгась!..
Цяпер дзяўчына спакойна адкладала вясло, бо плынь, якая імкнулася ў вялізную зяпу млына, сама несла човен да заставак. Малгося лажылася на дне лодкі, як соннае дзіця ў лагодна пагойдванай калысцы, з усмешкай глядзела на слабенькія вогнікі, што злосна скакалі над балатамі, і на халодныя, вільготныя сеткі русалак, якія хацелі аблытаць яе. А стары млын усё больш ды больш злаваўся і крычаў: «Малгась!.. Малгась!.. Малгась!.. Малгась!..», непакоячыся за сваю дзяўчыну. Нарэшце нос лодкі торкаўся ў палі моста.