Зрэшты, такі прыступ падазронасці больш ніколі ўжо не паўтараўся. Жончын лагодны спакой быў для хворага найлепшым доказам таго, што стан яго нядрэнны.
Бо і чаго тут яму быць дрэнным?
Праўда, быў кашаль, аднак — гэта ж ад бранхіту. Часамі, ад доўгага сядзення, паказвалася кроў — з носа. Ну, як быццам павышалася тэмпература, што ж — нервы.
Наогул ён адчуваў сябе ўсё лепш ды лепш. Вельмі ж хацелася на далёкую праходку, але — крыху не хапала моцы. Прыйшоў нават час, што ён не захацеў удзень ляжаць на ложку, сядзеў на крэсле апрануты, гатовы на выхад, абы толькі пакінула часовае аслабленне.
Яго непакоіла толькі адна драбніца.
Аднойчы, надзяваючы камізэльку, ён адчуў, што яна неяк вельмі свабодная.
— Няўжо я ажно так зблажэў? — шапнуў ён.
— Нічога дзіўнага, што крышку пахудзеў, — адказала жонка. — Толькі ж ужо не трэба перабольшваць...
Муж уважліва паглядзеў на яе. Яна і вачэй не ўзняла ад работы. Не, такі спакой не мог быць прытворным!.. Жонка ведае ад доктара, што ён не такі ўжо хворы, няма чаго засмучацца.
У пачатку верасня стан нервовай узбуджанасці пачаў паўтарацца амаль штодня і надоўга.
— Глупства гэта! — гаварыў хворы. — На пераходзе ад лета на восень у самага найздаравейшага чалавека здараецца раздражненне, кожнаму трохі няможацца... Адно мяне толькі здзіўляе: чаму мая камізэлька штораз, то ўсё свабаднейшая?.. Страшэнна я, мусіць, пахудзеў і, само сабою, не магу быць здаровы, пакуль не патаўсцею зноў!..
Жонка пільна прыслухоўвалася да гэтага і павінна была прызнацца, што муж мае рацыю.
Хворы штодня ўставаў з ложка і адзяваўся, нягледзячы на тое, што без жончынай дапамогі не мог нічога надзець. Толькі яна і дамаглася ад яго, што замест пінжака апранаў паліто.
— Нічога дзіўнага, — гаварыў ён часта, гледзячыся ў люстра, — нічога дзіўнага, што я такі слабы. Як жа я выглядаю!..
— Ну, з твару чалавек заўсёды лёгка мяняецца, — сказала жонка.
— Гэта праўда, але ж я і на целе здаю...
— А можа, гэта толькі здаецца? — спыталася яна з вялікім сумненнем.
Ён задумаўся.
— Што ж, можа, і праўда... Бо нават... Некалькі дзён ужо я заўважаю, што камізэлька мая... штосьці...
— Ды пакінь ты! — перапыніла яго жонка. — Не мог жа ты растаўсцець...
— Хто ведае? Бо калі глядзець па камізэлі, то яно...
— Тады ж і мацнець ты таксама павінен.
— Ну, ты ўжо хацела б адразу... Спачатку трэба ж трохі папаўнець. Нават, скажу табе, і папаўнеўшы, не адразу паправішся... А што ты там робіш за шафай? — спытаўся ён раптам.
— Нічога. Шукаю ў шафе ручнік і не ведаю... ці ёсць чысты.
— Не пніся там ажно так, што аж голас мяняецца... Куфар цяжкі...
Куфар і сапраўды павінен быў важыць нямала, бо яна ажно зачырванелася. Але была спакойная.
З гэтага часу хворы ўсё больш ды больш увагі аддаваў сваёй камізэлі. Дзён праз колькі зноў паклікаў жонку і пачаў:
— Ну... глядзі. Сама пераканайся: учора я мог яшчэ прасунуць тут палец, вось тут... А сёння ўжо не магу. Я і праўда таўсцець пачынаю!..
А ўжо аднойчы радасць хворага была бязмежнай. Калі жонка прыйшла з урокаў, ён павітаў яе вясёлым позіркам, вельмі ўзрушаны:
— Паслухай, што за сакрэт я скажу табе... З гэтаю камізэлькай я трохі жульнічаў. Каб супакоіць цябе, я кожны дзень сцягваў паясок, і таму камізэля была цеснай... Такім чынам учора я дацягнуў гэты паясок да канца. Ужо непакоіўся, што сакрэт мой раскрыецца, а тут сёння... Ведаеш, што я табе скажу?.. Сёння я, клянуся табе, замест таго, каб сцягваць паясок, павінен быў трохі яго паслабаніць!.. Мне стала рашуча зацесна, хоць учора яшчэ было свабаднавата... Ну, цяпер і я веру, што папраўлюся... Сам ведаю!.. Няхай сабе доктар думае, што хоча...