— Праўда, праўда!.. Рух наогул патрэбны, але муж пані павінен некалькі дзён паляжаць. Ці нельга выехаць у вёску?
— Нельга... — сумна шапнула яна.
— Што ж... Гэта нічога. Калі так, застанецца ў Варшаве. Я буду наведваць яго, а пакуль што — няхай паляжыць, адпачыне... Калі ж кровацёк паўторыцца...
— Дык што, пане доктар? — спыталася, палатнеючы, жонка.
— Анічога. Муж адпачыне, а там зарубцуецца...
— Гэта... у носе? — спыталася яна, склаўшы перад доктарам рукі.
— У носе... разумеецца! Супакойцеся, калі ласка, а на ўсё іншае — божая воля. Добрай ночы!
Словы доктара так супакоілі жанчыну, што пасля некалькіх гадзін трывогі ёй стала весела.
— І нічога тут такога значнага! — сказала яна, ці то са смехам, ці то з прыплачам.
Укленчыла каля ложка хворага і пачала цалаваць яго рукі.
— Нічога значнага! — паўтарыў ён ціха і ўсміхнуўся. — На вайне з чалавека не столькі крыві выплывае, а потым ён усё-такі здароў!..
— Ты толькі нічога не гавары, — папрасіла яна.
На дварэ пачало світаць. Улетку, як вядома, ночы вельмі кароткія.
Хвароба цягнулася значна даўжэй, чым яны спадзяваліся. Муж ужо не хадзіў у кантору, ды з гэтым лішняга клопату не было, бо ён працаваў пазаштатна і адпачынку не трэба было браць, а вярнуцца на працу ён мог, калі спадабаецца, абы толькі месца было. Седзячы дома, ён адчуваў сябе лепш, і таму яна знайшла яшчэ некалькі ўрокаў на тыдзень, што дало ёй магчымасць сяк-так спраўляцца з выдаткамі.
У горад яна звычайна выходзіла ў восем гадзін. Каля першай гадзіны на колькі вярталася дахаты, каб зварыць мужу абед на прымусе, а потым зноў выбягала на нейкі час.
Затое вечары яны праводзілі разам. І яна, каб сядзець не так сабе, брала трохі больш шытва.
Неяк у канцы жніўня жанчына спаткалася з доктарам на вуліцы. Доўга хадзілі разам. Нарэшце яна схапіла доктара за руку і ўмольным голасам папрасіла:
— Але ж усё-такі заходзьце да нас. Можа, бог дасць!.. Кожны ваш візіт так яго супакойвае...
Доктар абяцаў, а яна вярталася дадому нібы заплаканая. Муж, у выніку вымушанага сядзення дома, таксама стаў раздражнёны і падазроны. Пачаў выгаворваць жонцы, што яна ўжо занадта клапоціцца пра яго, але ён усё роўна памрэ, а потым спытаўся:
— Доктар не казаў табе, што я і некалькі месяцаў не пражыву?
Жонка здранцвела.
— Што ты гаворыш? — спыталася яна. — Адкуль у цябе такія думкі?
Хворы ўзлаваўся.
— Ану, ідзі ты да мяне, ідзі! — крычаў ён, хапаючы яе за рукі. — Глядзі мне проста ў вочы і гавары: казаў табе доктар?
Як у гарачцы, ён утаропіўся ў яе. Здавалася, што ад такога позірку нават каменная сцяна прызналася б, калі было б у чым прызнавацца.
На твары жанчыны з'явіўся дзіўны спакой. У адказ на той дзікі позірк яна ўсміхалася лагодна. Толькі вочы былі як зашклёныя.
— Доктар сказаў, што нічога, — адказала яна, — толькі трэба табе трохі адпачыць...
Муж раптоўна пусціў яе, пачаў дрыжаць і смяяцца, а потым, махаючы рукой, сказаў:
— Ну, бачыш, які я нервовы!.. Конча трэба падумаць, што доктар не спадзяецца... Аднак... ты мяне пераканала... Я ўжо спакойны!..
І яшчэ весялей засмяяўся са сваіх сумненняў.