— Ну, хопіць ужо, лажыся спаць.
— А ты калі ляжаш?
— Я... вось толькі кончу некалькі шыўкоў...
— Ну... дык і я напішу некалькі радкоў...
Зноў абое схіляліся і рабілі кожны сваё. І зноў праз нейкі час яна гаварыла:
— Лажыся!.. Лажыся!..
Часамі на словы яе адказваў мой гадзіннік, б'ючы першую гадзіну.
Людзі гэта былі маладыя, ні прыгожыя, ні брыдкія, наогул спакойныя. Наколькі я памятаю, яна была значна шчуплейшая за мужа, які быў добра такі таўставаты. Сказаў бы я, што нават затоўсты, як на малога чыноўніка.
У кожную нядзелю, каля паўдня, яны выходзілі на шпацыр, трымаючыся пад ручку, і дадому вярталіся познім вечарам. Абедалі, відаць, у горадзе. Аднойчы я сустрэў іх каля брамы, што аддзяляе Батанічны сад ад парку Лазенкі. Яны купілі два куфлі выдатнага ліманаду і два вялікія пернікі; прычым выразы твару былі ў іх спакойныя, як у мяшчан, якія прывыклі за чаем есці гарачую шынку з хрэнам.
Наогул бедным людзям трэба няшмат для падтрымання душэўнай раўнавагі. Трохі яды, шмат работы і шмат здароўя. Астатняе неяк прыходзіць само па сабе.
Маім суседзям, здаецца мне, яды хапала, тым больш работы. Горш было са здароўем.
Неяк у ліпені ён прастудзіўся, зрэшты, не надта. Але пры гэтым чамусьці пачаўся яшчэ і кровацёк, ажно да страты прытомнасці.
Было гэта ноччу. Жонка, захутаўшы яго ў пасцелі, прывяла дворнічыху, а сама пабегла па доктара. Абышла пяцярых, а ледзь знайшла аднаго, і то выпадкова, на вуліцы.
Доктар, зірнуўшы на жанчыну пры мігатлівым святле ліхтара, палічыў патрэбным перш за ўсё супакоіць яе. А таму, што яна пахіствалася, відаць, ад стомы, а рамізніка на вуліцы не было, ён узяў яе пад руку і, на хаду, растлумачваў, што кровацёк яшчэ аніякі не доказ.
— Кровацёк можа быць гарлавы, страўнікавы, насавы, рэдка калі з лёгкіх. Зрэшты, калі чалавек заўсёды быў здаровы, ніколі не кашляў...
— О, толькі сяды-тады! — шапнула яна, спыніўшыся, каб перадыхнуць.
— Сяды-тады? Ну, гэта нічога. У яго, магчыма, лёгкі бранхіт.
— Ага... Гэта бранхіт! — паўтарыла яна, ужо ўголас.
— Запалення лёгкіх ніколі не было?
— Было, — адказала яна, зноў спыніўшыся.
Ногі яе крыху хісталіся.
— Але ж, відаць, ужо даўно? — падхапіў доктар.
— О, вельмі... вельмі даўно! — пацвердзіла яна паспешліва. — Яшчэ ў тую зіму.
— Паўтара года таму назад.
— Не... Але яшчэ перад Новым годам... О, ужо даўно!
— Ага!.. Якая цёмная тут вуліца, а неба да таго ж захмарана... — гаварыў доктар.
Яны ўвайшлі ў наш двор. Суседка з трывогай спыталася ў дворніка, што чуваць, і даведалася, што нічога. У кватэры дворнічыха таксама сказала ёй, што нічога не чуваць, а хворы драмаў.
Доктар асцярожна разбудзіў яго, агледзеў і таксама сказаў, што нічога.
— Я ж адразу сказаў, што нічога, — азваўся хворы.
— О, нічога! — паўтарыла яна, сціскаючы яго спацелыя далоні. — Я ж ведаю, што кровацёк можа быць страўнікавы або насавы. У цябе, відаць, насавы... Ты такі мажны, трэба больш рухацца, а ты ўсё сядзіш... Праўда, пан доктар, што трэба рухацца?..