— Які камізэльку? — здзівіўся ён, відаць, падумаўшы пра сваю ўласную.
Ды раптам апамятаўся і хутка падняў з падлогі тую.
— За гэтую?.. Пан дабрадзей пытаецца пра гэты камізэлька?..
А потым, нібы з абуджаным падазрэннем, перапытаў:
— А навошта вяльможнаму пану такі камізэлька?
— Колькі ты хочаш за яе?
Гандляр бліснуў жаўтлявымі бельмамі, а кончык яго даўгаватага носа пачырванеў яшчэ больш.
— Вяльможны пан дасць... рублёвачку! — адказаў ён, разгортваючы перад маімі вачыма тавар такім чынам, каб паказаць усю яго бясспрэчную вартасць.
— Дам паўрубля.
— Паўрубля?.. Такая файная рэч?.. Не магу!
— Больш ні капейкі.
— Няхай сабе вяльможны пан здаровенькі жартуе! — сказаў ён, паляпваючы мяне па плячы. — Пан і сам ведае, што такі рэч варты. Гэта ж адзёжа не на малое дзіця, гэта на дарослыя асобы...
— Ну, як не можаш аддаць за паўрубля, дык ідзі сабе. Больш не дам.
— Няхай ужо вяльможны пан не сярдуе! — сказаў ён мякчэй. — Каб я так жыў, за паўрубля не магу, але я спашлюся на панскі розум... Пан сам мне скажа, што гэта варт, а я згаджуся!.. Лепш ужо няхай маё пяройдзе, але каб так было, як пан сказаў.
— Камізэлька не варта таго, што я табе даю.
— Паўрубля?.. Хай будзе паўрубля!.. — уздыхнуў ён, сунучы ў рукі мне камізэльку. — Няхай ужо будзе мая страта, абы я не пускаў са свае морды... такі вунь вецер!..
Ён паказаў рукою за акно, дзе клубілася завіруха. Я хацеў узяць грошы, але гандляр, відаць, штосьці прыпомніўшы, выхапіў у мяне камізэльку і пачаў хутка правяраць яе кішэнькі.
— Чаго ты там шукаеш?
— Можа, пакінуў што ў кішэні, не памятаю! — сказаў ён найзвычайнейшым тонам і, вяртаючы мне камізэльку, дадаў:
— Ці не даложыць пан дабрадзей хоць дзесятачку?..
— Бывай здароў! — сказаў я, адчыняючы дзверы.
— Нізенькі пану паклон!.. Дома ў мяне ёсць яшчэ вельмі добрае футра...
І яшчэ з-за парога, вытыркнуўшы галаву, спытаўся:
— А можа, вяльможны пан загадае прынесці авечых сыркоў?..
Хвілін праз некалькі ён зноў гукаў на дварэ: «Гандаль! Гандаль!..» Калі ж я выглянуў у акно, ён пакланіўся мне з сяброўскай усмешкай.
Снег пайшоў такі спорны, што амаль сутонілася. Я палажыў камізэльку на стале і задумаўся — то пра суседку, што выйшла за браму, невядома куды, то пра пакоік, апусцелы побач з маім, то зноў пра ўладальніка камізэлькі, снег над якім уздымаецца, нарастае ўсё таўсцейшым пластом...
Толькі тры месяцы таму назад я чуў, як яны ў светлы вераснёўскі дзень гутарылі між сабой. У маі яна аднойчы нават напявала штосьці, ён смяяўся, чытаючы «Святочны кур'ер». А сёння...
У нашу камяніцу яны перабраліся ў пачатку красавіка. Уставалі даволі рана, пілі чай з бляшанага самавара і разам выходзілі ў горад. Яна даваць урокі, ён — у кантору.
Гэта быў дробны чыноўнічак, які на сваіх начальнікаў аддзелаў глядзеў з такім здзіўленнем, як падарожнік на Татры. Затое павінен быў шмат працаваць, цэлымі днямі. Бывала, я назіраў яго і апоўначы, каля лямпы, згорбленага над столікам.
Жонка звычайна сядзела каля яго і шыла. Часамі, зірнуўшы на мужа, яна перапыняла працу і гаварыла, як быццам штосьці нагадваючы: