— Каб ты ніколі не пушчаў у двор шарманшчыкаў! — паспяшаўся сказаць лёкай.
— Не, — запярэчыў пан Томаш. — За тое, каб ты час ад часу пушчаў шарманшчыкаў. Зразумеў?
— Што вы, пане, гаворыце?.. — гукнуў лёкай, пасмялелы ад незразумелага загаду.
— Ды тое, што ён, пакуль будзе служыць у мяне, павінен штодня пушчаць у двор шарманшчыкаў, — паўтарыў мецэнат, засунуўшы рукі ў кішэні.
— Не разумею пана! — сказаў лёкай, з прыкметнай кплівасцю здзівіўшыся.
— Бо ты дурны, мой дарагі! — дабрадушна сказаў яму пан Томаш. — Ну, а цяпер ідзіце працуйце, — дадаў ён.
Лёкай і дворнік выйшлі, і мецэнат заўважыў, што яго верны слуга шэпча штосьці дворніку на вуха, паказваючы пальцам на лоб...
Пан Томаш усміхнуўся і, нібы для пацверджання панурых домыслаў слугі, кінуў шарманшчыку дзесяць грошаў.
Затым ён узяў каляндар, знайшоў у ім спіс лекараў і запісаў на лістку адрасы некалькіх акулістаў. А таму, што шарманшчык павярнуўся цяпер да яго акна і за тую дзесятку пачаў прытупваць і высвістваць яшчэ мацней, што ўжо страшэнна раздражняла мецэната, пан Томаш узяў лісток з адрасамі лекараў і выйшаў, мармычучы:
— Беднае дзіця!.. Даўно ўжо мне трэба было ім заняцца...
Камізэлька
У некаторых людзей бывае цяга збіраць рэдкія рэчы, больш ці менш каштоўныя, колькі хто можа сабе дазволіць. У мяне таксама ёсць невялічкая калекцыя, сціплая, як звычайна спачатку.
Там мая драма, напісаная яшчэ ў гімназіі, на ўроках лацінскай мовы... Некалькі засушаных кветак, якія трэба будзе замяніць новымі. І яшчэ...
Здаецца, больш нічога няма, апроч адной старэнькай, зношанай камізэлькі.
Вось яна. Спераду спалавелая, ззаду працёртая. Многа плямаў, не хапае гузікаў, збоку дзірка, відаць, прапаленая папяросай. Аднак найцікавейшыя ў ёй сцяжкі. Тая, на якой спражка, укарочана і прышыта да камізэлькі зусім не па-кравецку, а даўжэйшая амаль на ўсю даўжыню паколата зубамі спражкі.
Гледзячы на гэта, адразу здагадваешся, што ўладальнік адзежыны з кожным днём больш ды больш худзеў і, нарэшце, дайшоў да такой ступені, калі камізэлька перастае быць неабходнай, затое патрэбным аказваецца высока зашпілены фрак з пахавальнай канторы.
Прызнаюся, што сёння я ахвотна адступіў бы каму-небудзь гэты шматок сукна, каб не мець лішняга клопату. Шафаў на калекцыі ў мяне яшчэ няма, а зноў жа не хочацца трымаць гэтую нядошлую камізэльчыну сярод уласных рэчаў. Быў аднак час, калі я купіў яе за значна большую цану, чым яна варта, і даў бы нават даражэй, калі б са мною таргаваліся. У чалавека бываюць такія хвіліны, што ён любіць акружаць сябе рэчамі, якія нагадваюць смутак.
Смутак гэты жыў не ў мяне, а звіў гняздо ў кватэры бліжэйшых суседзяў. Праз акно я мог кожны дзень бачыць, што робіцца ў іхнім пакоіку.
Яшчэ ў красавіку іх было трое: ён, яна і малая служанка, што спала, наколькі я ведаю, на куфэрку за шафай. Шафа была цёмна-вішнёвая. У ліпені, калі памяць мяне не падводзіць, іх засталося толькі двое: ён і яна, бо служанка перайшла да такіх паноў, якія плацілі ёй тры рублі за год і штодня варылі абед.
У кастрычніку засталася ўжо толькі яна — адна душою. Уласна кажучы, не зусім адна, бо ў пакоі было яшчэ нямала мэблі: два ложкі, стол, шафа... Але на пачатку лістапада непатрэбныя рэчы былі прададзены з малатка, а ў яе з усёй мужавай спадчыны засталася камізэлька, якая цяпер у мяне.
Неяк у канцы лістапада суседка паклікала ў пустую кватэру гандляра старызнай і прадала яму свой парасон за два злотых і мужаву камізэльку за сорак грошаў. Пасля замкнула кватэру, паволі прайшла па двары, у браме аддала ключ дворніку, хвіліну паглядзела на сваё калісьці акно, на якое сыпаўся дробны сняжок, і — знікла за брамай.
На дварэ застаўся гандляр старызнай. Ён наставіў вялікі каўнер свае апранахі, пад паху ткнуў толькі што куплены парасон і, ахутаўшы камізэлькай чырвоныя ад холаду рукі, мармытаў:
— Гандаль, панове... Гандаль!..
Я паклікаў яго.
— Пан дабрадзей што-небудзь прадае? — спытаўся ён, уваходзячы.
— Не, я хачу ў цябе штосьці купіць.
— Відаць, вяльможны пан хоча парасон? — спытаўся жыд.
Ён кінуў на падлогу камізэльку, абтрос снег з каўняра і з намаганнем пачаў раскрываць парасон.
— О, файная штучка! — сказаў. — На такі снег — толькі такі парасончык... Я ведаю, што вяльможны пан можа мець зусім шоўкавы парасон, нават і два. Але такія — толькі на лета!..
— Колькі хочаш за камізэльку? — спытаўся я.