У гэты час надарылася такое, што адзін з сяброў мецэната судзіўся і, як заўсёды, даў пану Томашу дакументы свае судовай справы, каб той паглядзеў іх і дапамог, параіў. Праўда, пан Томаш ужо не выступаў у судах, але як вопытны юрыст умеў паказаць найбольш адпаведны шлях усёй справы і выбранаму ім адвакату дапамагаў парадамі.
Цяперашняя справа была заблытаная. Чым больш пан Томаш учытваўся ў дакументы, тым больш яго ў гэтую справу цягнула. У пенсіянеры прачнуўся адвакат. Ён не выходзіў ужо з кватэры, не правяраў, ці сцерлі пыл у салонах, а, зачыніўшыся ў сваім кабінеце, чытаў дакументы і рабіў нататкі.
Увечары стары мецэнатаў лёкай прыйшоў са штодзённым рапартам. Далажыў, што пані дактарыха з дзецьмі паехала на ўсё лета на дачу, што сапсаваўся водаправод, што дворнік Казімеж паскандаліў з гарадавым і пайшоў на тыдзень у кутузку. У канцы спытаўся: ці не захоча пан мецэнат убачыць толькі што нанятага дворніка?..
Аднак мецэнат, схілены над паперамі, курыў сігару, пускаў кольцы дыму, а на вернага слугу нават не паглядзеў.
На другі дзень пан Томаш яшчэ ўсё сядзеў над паперамі; пасля першай гадзіны паабедаў і зноў сядзеў. Яго румяны твар і сіваватыя бакі на сінім фоне шпалераў нагадвалі «эцюд з натуры». Маці сляпое дзяўчынкі і яе сяброўка, што вязала панчохі на машыне, дзівіліся з пана Томаша і гаварылі, што ён падобны на здаровага ўдаўца, які прывык ад рання да вечара драмаць над сваім пісьмовым сталом.
Тым часам мецэнат, хоць і заплюшчваў вочы, зусім не драмаў, а думаў пра справу.
Памешчык X. у 1872 годзе адпісаў свайму пляменніку па сястры фальварак, а ў 1875 годзе пляменніку па брату — камяніцу. Пляменнік па брату сцвярджае, што памешчык X. быў вар'ятам у 1872 годзе, а пляменнік па сястры даводзіць, што X. звар'яцеў толькі ў 1874 годзе. А муж роднай сястры нябожчыка прыводзіць несумненныя доказы, што X. і ў 1872-м, і ў 1875-м дзейнічаў па-вар'яцку, а ўсю сваю маёмасць яшчэ ў 1869 годзе, значыцца, яшчэ пры роўным розуме, адпісаў сястры.
Пана Томаша папрасілі ўстанавіць, калі X. сапраўды быў вар'ятам, а тады памірыць тры пасвараныя бакі, кожны з якіх не хацеў і слухаць пра ўступкі.
Калі мецэнат такім чынам марочыўся ў пераблытаных камбінацыях, здарыўся дзіўны, незразумелы выпадак.
На двары, пад самым акном пана Томаша азвалася — шарманка!..
Калі б нябожчык X. устаў з магілы, апрытомнеў і ўвайшоў у кабінет — дапамагчы адвакату разблытаць судовую справу, пан Томаш, напэўна, не адчуў бы таго, што ён адчуў цяпер!..
І хоць бы ўжо гэта была італьянская шарманка, з прыемным гучаннем флейты, добра настроеная, каб іграла яна штосьці прыгожае! Дзе там! — як на здзек, шарманка была сапсаваная, фальшыва іграла пошлыя вальсы і полькі, ды так гучна, што шыбы дрыжалі. У давяршэнне ўсіх бед труба, што час ад часу адгукалася ў ёй, рычэла раз'ятраным зверам.
Уражанне было магутнае. Мецэнат аслупянеў. Не ведаў, што думаць, што тут рабіць. Гатоў быў нават дапусціць, што ад чытання завяшчальных распараджэнняў псіхічна хворага памешчыка X. і ў самога яго ўсё пераблыталася ў галаве і вось пачаліся галюцынацыі.
Але ж не, гэта былі не галюцынацыі. Гэта была сапраўдная шарманка, з папсаванымі дудачкамі і вельмі гучнай трубой!
У сэрцы мецэната, мяккага, спагадлівага чалавека, прачнуліся дзікія інстынкты. Адчуў ён крыўду да прыроды, што не стварыла яго дагамейскім каралём, які мае права забіваць сваіх падданых, і падумаў, з якой прыемнасцю ён глушануў бы гэтага шарманшчыка!
А таму што ў людзей такое натуры, як у пана Томаша, разгневанасць вельмі лёгка пераходзіць ад дзёрзкіх парываў да жахлівых паступкаў, мецэнат, як тыгр, сігануў да акна і вырашыў аблаяць шарманшчыка апошнімі словамі.
Ужо ён выхіліўся з акна і раскрыў рот, каб гукнуць: «Ах ты лайдак!..» — ды тут пачуў дзіцячы голас.
Зірнуў насупраць.
Сляпая дзяўчынка танцавала па пакоі, плешчучы ладкамі. Бледны твар яе пакрыўся румянцам, вусны смяяліся, але, нягледзячы на гэта, з застылых вачэй градам каціліся слёзы.
У гэтым ціхім доме ў яе, няшчаснай, даўно ўжо не было такіх уражанняў! Якою цудоўнай з'явай здаваліся ёй фальшывыя тоны шарманкі! Які велікапышны быў рык трубы, ад якога мецэната ледзь не зваліў апаплексічны ўдар.
Мала таго — шарманшчык, убачыўшы радасць дзіцяці, пачаў прытупваць вялікім абцасам па бруку і час ад часу свістаць, як паравоз сустрэчнаму цягніку.
Божа, як ён цудоўна свістаў!..
У кабінет мецэната ўляцеў верны лёкай, цягнучы за сабой дворніка і крычучы:
— Я ж гаварыў, вяльможны пане, гэтаму нягодніку, каб ён выгнаў шарманшчыка! Казаў, што ён будзе мець ад вяльможнага пана даплату, што ў нас такая дамоўленасць... Ды гэта ж хам! Тыдзень таму назад прыехаў з вёскі і не ведае нашых звычаяў. Ну, а цяпер ты паслухай, — крычаў лёкай, тузаючы ашаломленага дворніка за плячо, — паслухай, што табе скажа сам вяльможны пан мецэнат!..
Шарманшчык іграў ужо штосьці трэцяе, таксама фальшыва і гучна, як два папярэднія танцы.
Сляпая дзяўчынка была ў захапленні.
Мецэнат павярнуўся да дворніка і па-свойму спакойна, хоць і збялелы, спытаўся:
— Паслухай, мой дарагі... А як жа цябе завуць?
— Павел, вяльможны пане.
— Дык вось, Павел, я буду плаціць табе дзесяць злотых у месяц, але ведаеш, мой дарагі, за што?..