Ды маці расплакалася і выбегла з пакоя.
Калека найбольш любіла дакранацца рукамі да дробных рэчаў, распазнаваць іх.
Неяк маці прынесла ёй фарфоравую ляльку, прыгожа апранутую, за цэлы рубель. Дзяўчынка не выпускала яе з рук, дакраналася да ляльчынага носіка, вуснаў, вачэй, забаўлялася ёю.
Спаць лягла вельмі позна, усё думаючы пра сваю ляльку, якую палажыла ў скрынку, высланую ватай.
Ноччу маці прачнулася ад нейкага шораху ды шэпту. Схапілася з ложка, запаліла свечку і ўбачыла ў куточку сваю малую, што ўжо апранутая гуляла з лялькай.
— Што ты робіш, дзіцятка маё? — закрычала маці. — Чаму ты не спіш?
— Бо ўжо ж, мама, дзень, — адказала малая.
Дзень і ноч зліліся для яе ў адно — ужо назаўсёды...
Паступова памяць зрокавых уражанняў пачала ў дзяўчынкі згладжвацца. Чырвоная вішня стала для яе вішняй гладкай, круглай і мяккай, бліскучая манета была цвёрдым і звонкім кружочкам, пакрытым трошкі выпуклай разьбой. Малая ведала, што пакой большы за яе, дом большы за пакой, вуліца за дом. Аднак усё гэта неяк скарацілася ў яе ўяўленні.
Увага яе накіравалася на пачуцці дотыку, нюху ды слыху. Яе твар і рукі сталі такімі ўражлівымі, што, наблізіўшыся да сцяны, яна за некалькі цаляў адчувала лёгкі холад. Тое, што было далей, даходзіла толькі праз слых. Вось яна цэлымі днямі і прыслухоўвалася.
Яна пазнавала, як ідзе — шоргаючы нагамі — дворнік, які гаварыў пісклява і падмятаў двор. Ведала, калі едзе з дрывамі сялянскі воз, калі — рамізнік, а калі — кары, на якіх вывозяць смецце.
Найменшы шорах, пах, пахаладанне або пацяпленне паветра дзяўчынка абавязкова заўважала. З незразумелай хуткасцю яна падхоплівала гэтыя дробныя з'явы і з усяго рабіла вывады.
Аднойчы маці паклікала служанку.
— Яніхі няма, — сказала калека, як заўсёды, седзячы ў куточку. — Яна пайшла па ваду.
— А ты адкуль гэта ведаеш? — здзівілася маці.
— Адкуль?.. Я ж ведаю, што яна ўзяла ў кухні вядро, пасля пайшла на другі двор, напампавала вады. А цяпер гаворыць з дворнікам.
І сапраўды з-за паркана даходзіў лёгенькі падвойны водгалас гаманы, але такі невыразны, што толькі моцна натужыўшыся можна было яго пачуць.
Аднак нават такая абвостранасць другіх адчуванняў не магла замяніць дзяўчынцы зроку. Ёй не хапала ўражанняў, яна пачала сумаваць.
Ёй дазволілі хадзіць па ўсім доме, і гэта яе трошкі супакойвала. Абтупала малая кожны камень на двары, дакранулася да кожнай рыны і бочкі. Але найбольш прыемнымі былі ёй падарожжы да двух зусім розных светаў — у сутарэнне і на гарышча.
У сутарэнні паветра было халоднае, сцены вільготныя.
Прыглушаны грукат даходзіў зверху; іншае водгулле знікала. Для сляпое гэта была ноч.
А на гарышчы, асабліва ў акенцы, адбывалася зусім іншае. Шуму там было больш, чым у пакоі. Сляпая чула грукат вазоў з некалькіх вуліц; тут гуртаваліся крыкі з усяго дома. Твар яе авяваў цёплы вецер. Яна чула птушыны шчэбет, гаўканне сабак і пошум дрэў у суседнім садзе. Тут для яе быў дзень...
Мала гэтага. На гарышчы часцей, чым у пакоі, свяціла сонца, а калі дзяўчынка паварочвала да яго пагаслыя вочы, ёй здавалася, што яна штосьці бачыць. Ва ўяўленні прачыналіся цені формаў і колераў, вельмі невыразныя ды палахлівыя, і яна не магла што-небудзь прыгадаць...
Якраз у гэтыя дні маці яе пачала жыць разам са сваёй сяброўкай, заняла пакойчык у доме, дзе жыў пан Томаш. Абедзве жанчыны былі задаволены новай кватэрай, аднак для сляпой змена месца была сапраўдным няшчасцем.
Малая павінна была сядзець у пакоі. На гарышча і ў сутарэнне не можна было хадзіць. Не чула яна ні птушак, ні дрэў, на дварэ была страшэнная цішыня. Ніколі не заходзілі сюды ні гандляры старызнай, ні паяльшчыкі, ні смеццяры. Не пускалі сюды ні баб, што спяваюць набожныя песні, ні жабрака, які грае на кларнеце, ні шарманшчыкаў.
Адной прыемнасцю для яе было ўглядацца на сонца, якое не заўсёды свяціла аднолькава і вельмі хутка хавалася за дамамі.
Дзяўчынка зноў пачала сумаваць. Зблажэла за некалькі дзён, на твары з'явіўся выраз абыякавасці і амярцвення, які так здзівіў пана Томаша.
Не могучы бачыць, калека хацела, прынамсі, чуць розныя водгаласы. А дома было ціха...
— Беднае дзіця! — неаднойчы шаптаў пан Томаш, прыглядаючыся да малое.
«Калі б я мог што-небудзь зрабіць для яе!..» — думаў ён, бачачы, як дзіця з кожным днём блажэе ды марнее.