Яе паілі віном і булёнамі, і паступова яна ачуньвала. Але ў першы дзень, калі яе пасадзілі на падушцы, малая спыталася ў маці:
— Мама, гэта ўжо ноч?
— Не, дзіцятка... А чаму ты так кажаш?
Але дзяўчынка не адказала: ёй хацелася спаць. А назаўтра, калі апоўдні прыйшоў доктар, спыталася зноў:
— Гэта яшчэ ўсё ноч?..
Тады стала ясна, што дзяўчынка не бачыць. Доктар агледзеў яе вочы і зрабіў заключэнне, што трэба пачакаць.
Аднак, чым больш хворая дужэла, тым мацней непакоілася сваім калецтвам...
— Мама, чаму я цябе не бачу?..
— Вочкі табе засланіла. Але гэта пройдзе.
— Калі пройдзе?..
— Хутка.
— Можа, мамачка, заўтра?
— Дзён праз некалькі, дарагая.
— Калі гэта пройдзе, дык ты мне, мама, скажы. Бо вельмі ж сумна!..
У чаканні праходзілі дні і тыдні. Дзяўчынка пачала ўжо ўставаць з пасцелі. Навучылася вобмацкам хадзіць па пакоі; сама апраналася і распраналася, памаленьку ды асцярожна.
А зрок не вяртаўся.
Аднойчы яна сказала:
— Мама, праўда, што ў мяне блакітная сукенка?
— Не, дачушка, у цябе шэрая.
— Ты бачыш яе?
— Бачу, мілая.
— Так, як і ўдзень?
— Ага.
— Я таксама буду ўсё бачыць праз некалькі дзён?.. Не, можа, за месяц...
А таму, што маці нічога ёй не адказвала, малая гаварыла далей:
— Праўда, мама, што на дварэ ўвесь час дзень?.. А ў садзе — дрэвы, як і раней?.. Ці прыходзіць да нас белы коцік, што з чорнымі лапамі?.. Праўда, мама, што я бачыла сама сябе ў люстры?.. Дзе тут люстра?..
Маці падала ёй.
— Трэба глядзець сюды, дзе гладка, — гаварыла дзяўчынка, прыкладаючы люстра да твару. — Нічога не бачу, — сказала яна. — А ты, мама, бачыш мяне ў люстры?
— Бачу, рыбка мая.
— А як жа ты бачыш? — жаласліва ўскрыкнула малая. — Калі я не бачу сябе там, то там ужо нічога не павінна быць. А тая, што ў люстры, яна мяне бачыць ці не?