Прыйшлося ажно суд гонару склікаць, каб не дапусціць да праліцця крыві з-за такой, гледзячы збоку, дробязнай прычыны.
Дом, у якім жыў мецэнат, некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі. Кожны новы домаўласнік стараўся, разумеецца, павысіць кватэрную плату, перш за ўсё — пану Томашу. Мецэнат пакорна згаджаўся з гэтым, аднак пры ўмове, запісанай у дагаворы, што на двары дома не будуць іграць шарманкі.
Нягледзячы на такую дамоўленасць у кантракце, пан Томаш клікаў да сябе кожнага новага дворніка і вёў з ім прыблізна такую размову:
— Паслухай, даражэнькі... Як ты называешся?
— Казімеж, проша пана.
— Дык паслухай, Казімеж! Кожны раз, калі я пазней вярнуся дадому, а ты адчыніш мне браму, дам табе дваццаць грошаў. Зразумеў?
— Зразумеў, вяльможны пане.
— Апроч гэтага, ты яшчэ будзеш мець ад мяне дзесяць злотых у месяц, але ведаеш за што?..
— Адкуль жа мне ведаць, вяльможны пане, — адказваў усхваляваны дворнік.
— За тое, каб ты ніколі не пускаў у двор шарманшчыкаў. Зразумеў?..
— Зразумеў, вяльможны пане.
Кватэра мецэната склалася з дзвюх частак. Чатыры большыя пакоі выходзілі вокнамі на вуліцу, два меншыя — на двор. Парадная палавіна кватэры прызначалася для гасцей. У ёй адбываліся раўты, тут ён прымаў кліентаў, тут спыняліся вясковыя сваякі і знаёмыя мецэната. Сам пан Томаш паказваўся тут рэдка, каб толькі праверыць, ці нацерлі паркет, ці сцерлі пыл і не пашкодзілі мэблю.
Цэлымі днямі, калі ён не праводзіў іх па-за домам, пан Томаш сядзеў у кабінеце ад двара. Там ён чытаў кнігі, пісаў лісты або праглядаў дакументы знаёмых, якія прасілі ў яго парады. Калі ж не хацеў лішне натужваць вочы, садзіўся ў мяккім крэсле насупраць акна і, закурыўшы сігару, паглыбляўся ў роздум. Ён ведаў, што роздум — важная функцыя жыцця, якую павінен паважаць кожны, хто дбае пра сваё здароўе.
З другога боку двара, насупраць вокан пана Томаша, была кватэра, якую здавалі людзям бяднейшым. Там доўга жыў стары судовы чыноўнік, які, страціўшы пасаду, пераехаў на Прагу[5]. Пасля яго пакой заняў кравец; але, таму што ён любіў сяды-тады напіцца і нарабіць шоламу, яго папрасілі выселіцца. Тады туды перабралася нейкая пенсіянерка, што вечна сварылася са сваёй служанкай.
Аднак на святога Яна бабулю гэтую, зусім ужо нямоглую і даволі-такі багатую, нягледзячы на яе сварлівы характар, сваякі забралі ў вёску, а ў кватэры пасяліліся дзве жанчыны з малою дзяўчынкай, якой было гадоў восем.
Жанчыны гэтыя жылі з працы. Адна шыла, другая вязала на машыне панчохі і каптанікі. Маладзейшую з іх і прыгажэйшую дзяўчынка называла мамай, а старэйшай гаварыла «пані».
І ў мецэната, і ў новых кватарантаў вокны цэлы дзень былі адчынены. Сеўшы ў сваё крэсла, пан Томаш свабодна бачыў, што робіцца ў яго суседак.
Мэбля была там бедная. На сталах і на крэслах, на канапе і на камодзе ляжалі тканіны на шытво і клубкі нітак на панчохі.
Уранні жанчыны самі падмяталі кватэру, а апоўдні нанятая жанчына прыносіла ім не надта багаты абед. Зрэшты, жанчыны гэтыя амаль не адыходзіліся ад сваіх гаманлівых машын.
Дзяўчынка звычайна сядзела каля акна. Гэта было дзіця цёмнавалосае, з прыгожым тварыкам, але бледнае і нейкае нерухавае. Часамі дзяўчынка вязала двума пруткамі паясок. А то забаўлялася лялькай, якую апранала і распранала паволі, як быццам з цяжкасцю. Часамі не рабіла нічога, сядзела сабе ды праз акно прыслухоўвалася да чагосьці.
Пан Томаш ніколі не бачыў, каб гэтае дзіця спявала або бегала па пакоі, не бачыў нават усмешкі на бяскроўных вуснах і нерухомым твары.
«Дзіўнае дзіця!» — думаў мецэнат і пачаў прыглядацца больш уважліва.
Аднойчы (гэта было ў нядзелю) ён заўважыў, што маці дала дзяўчынцы малы букецік. Тая крыху ажывілася. Разбірала, складала кветкі, цалавала іх. Нарэшце зноў звязала ў букецік, паставіла ў шклянку з вадой і, сеўшы ў сваім акне, сказала:
— Праўда, мама, што тут сумна?..
Пан Томаш абурыўся. Як можа быць сумна ў доме, у якім ён столькі год пражыў у добрым настроі!
Потым неяк мецэнат вярнуўся ў свой кабінет гадзін каля чатырох. Сонца якраз свяціла ў акно яго суседак, і грэла яно вельмі моцна. Пан Томаш зірнуў у той бок і, відаць, заўважыў штосьці незвычайнае, бо хуценька надзеў пенснэ.
Вось што ён заўважыў:
Худзенькая дзяўчынка, залажыўшы рукі за галаву, амаль дагары ляжала на падваконні і... шырока адкрытымі вачыма глядзела проста на сонца. На тварыку яе, заўсёды такім нерухомым, праяўляліся нейкія пачуцці: ці то радасць, ці то смутак...
— Яна сляпая! — шапнуў мецэнат, здымаючы пенснэ. У гэты момант яму ажно ў вачах закалола ад думкі, што нехта можа глядзець на сонца, якое дыхае жывым агнём.
І сапраўды, дзяўчынка два гады ўжо была сляпая. На шостым годзе яна захварэла на нейкую ліхаманку, тыдняў некалькі была непрытомная, а потым так знясілела, што ляжала як мёртвая, не варушачыся і не гаворачы ані слова.
[5] Прага — правабярэжная частка Варшавы.