У ягомасця быў румяны твар, сіваватыя бакі і шэрыя ласкавыя вочы. Хадзіў ён схіліўшыся, з рукамі ў кішэнях. У пагодлівы дзень насіў пад пахай палачку, у хмарны — шаўковы ангельскі парасон.
Быў ён заўсёды глыбока задуманы, ішоў паволі. Каля касцёла Капуцынаў набожна прыпадымаў капялюш і пераходзіў на другі бок вуліцы, каб зірнуць на барометр і тэрмометр у аптычнай краме Піка, потым зноў пераходзіў на правы тратуар, затрымліваўся каля вітрыны фатографа Мечкоўскага, разглядаў фатаграфіі артысткі Маджэеўскай і — ішоў далей.
Кожнаму ён саступаў з дарогі, а калі яго хто штурхане — ягомасць добразычліва ўсміхаўся.
Убачыўшы прыгожую жанчыну, ён надзяваў пенсне, каб прыгледзецца. Аднак рабіў гэта флегматычна і таму звычайна спазняўся.
Ягомасць гэты — пан Томаш.
Пан Томаш трыццаць год хадзіў па Мядовай і часта думаў, што на вуліцы гэтай многае змянілася. Тое самае Мядовая вуліца магла падумаць і пра яго.
Калі ён быў яшчэ памочнікам адваката, дык хадзіў так хутка, што ад яго не ўцякла б ніводная мадыстка, вяртаючыся з крамы дадому. Быў ён вясёлы, гаваркі, трымаўся проста, была чупрына і віліся вусікі, востра падкручаныя ўгару. Ужо тады творы мастацтва рабілі на яго ўражанне, аднак не было калі захапляцца імі, бо ён вар'яцеў за жанчынамі. Праўда, яму на іх шанцавала, увесь час яго сваталі. Ды што з таго, калі пан Томаш ніколі не мог знайсці хвіліны часу, каб зрабіць прапанову, бо заўсёды быў заняты калі не практыкай, дык спатканнямі. Ад Франі ішоў у суд, з суда бег да Зосі, якую пад вечар пакідаў, каб павячэраць з Юзяй і Фількай.
Калі ён набыў шаноўны адвакацкі тытул мецэната, лоб, у выніку напружанай разумовай працы, вырас у яго ажно да цемені, а ў вусах паказалася некалькі сярэбраных валасінак. Пан Томаш пазбыўся ўжо юнацкай гарачкі, пабагацеў і лічыўся сур'ёзным знаўцам мастацтва. А таму, што жанчын ён яшчэ ўсё любіў, пачаў думаць пра жаніцьбу. Наняў нават шасціпакаёвую кватэру, на свой кошт наслаў паркет, зрабіў драпіроўку, купіў прыгожую мэблю і пачаў шукаць жонку.
Ды чалавеку сталаму цяжка ўжо выбіраць. Адна была залішне маладая, другою ён задоўга захапляўся. Трэцяя падыходзіла і па красе і па гадах, але не падабаўся яе тэмперамент, а ў чацвёртай была і краса, і ўзрост, і тэмперамент належны, аднак... не чакаючы на мецэнатаву прапанову, яна выйшла за доктара...
Аднак пан Томаш не смуткаваў, бо паненак хапала. Абрастаў памаленьку маёмасцю, усё больш ды больш дбаючы пра тое, каб кожная драбніца ў яго кватэры мела мастацкую вартасць. Мяняў мэблю, перастаўляў люстры, купляў карціны.
Нарэшце прыгажосць яго жылля стала шырока вядомай. Сам не ўяўляючы, як гэта атрымалася, стварыў ён цэлую галерэю мастацтва, у якой бывала ўсё больш ды больш наведвальнікаў. А паколькі ён чалавек гасцінны, прыёмы рабіў выдатныя, падтрымліваў адносіны з музыкантамі, дык у яго спакваля пачалі наладжвацца вячэрнія канцэрты, якія нават і дамы ласкава наведвалі.
Пан Томаш усім быў рады, а заўважаючы ў сваіх люстрах, што лоб ягоны перарос ужо цемя і дастае да снежна-белага каўнерыка, усё часцей прыпамінаў, што жаніцца аднак жа трэба. Тым больш што да жанчын прыхільнасць адчуваў ён па-ранейшаму.
Аднойчы, калі ў яго было больш, чым звычайна, гасцей, адна маладая пані, паглядзеўшы салоны пана Томаша, усклікнула:
— Што за карціны!.. А якія гладзенькія паркеты!.. Жонка ваша, пане мецэнат, будзе вельмі шчаслівая.
— Калі для шчасця хопіць гладкіх паркетаў, — прыцішана сказаў адзін яго шчыры прыяцель.
У салоне стала вельмі весела. Пан Томаш таксама ўсміхнуўся, аднак з таго часу, як толькі хто-небудзь нагадваў яму пра жаніцьбу, казаў, нядбала махнуўшы рукою:
— Ат!..
Ён збрыў вусы і запусціў бакі. Пра жанчын гаварыў заўсёды з пашанай, а недахопы іхнія спагадліва замоўчваў.
Нічога больш у жыцці не чакаючы, бо ўжо і адвакацкай практыкай не займаўся, мецэнат усе свае супакоеныя пачуцці накіраваў на мастацтва. Прыгожая карціна, добры канцэрт, новы спектакль былі нібы верставымі слупамі на яго жыццёвай дарозе. Не загараўся ён, не захапляўся, а смакаваў.
На канцэртах выбіраў месца далей ад эстрады, каб лепей слухаць музыку, не чуючы шуму і не бачачы артыстаў. Перад тым як ісці ў тэатр, раней знаёміўся з п'есай, каб без гарачкавай цікаўнасці сачыць за ігрой акцёраў. Карціны аглядаў тады, калі ў галерэі было найменш наведвальнікаў, і там праводзіў цэлыя гадзіны.
Калі штосьці падабалася, ён гаварыў:
— А ведаеце, мае дарагія, гэта ўсё-такі здорава.
Ён быў з тых, хто перш за іншых угадвае сапраўдны талент. Аднак пасрэдныя рэчы не асуджаў.
— Пачакайце, а можа, яшчэ і разаўецца! — гаварыў ён, калі іншыя ганілі мастака.
І так вось быў заўсёды паблажлівы да чалавечай недасканаласці, а пра заганы не гаварыў.
На бяду, ніводзін з людзей не бывае вольным ад якога-небудзь дзівацтва, і ў пана Томаша таксама было сваё. Ён ненавідзеў шарманшчыкаў і шарманак.
Пачуўшы на вуліцы шарманку, пан мецэнат пачынаў ісці хутчэй і на некалькі гадзін настрой яго псаваўся. Спакойны па натуры, ён загараўся, заўсёды такі ціхі, а крычаў, такі лагодны, а гатовы быў бушаваць ад першых гукаў шарманкі.
З гэтай сваёй слабасці ён не рабіў таямніцы, нават апраўдваўся.
— Музыка, — гаварыў ён абурана, — гэта ж найтанчэйшае ўвасабленне духу, а ў шарманцы дух гэты ператвараецца ў механічнае дзеянне і разбойніцкую прыладу. Шарманшчыкі — гэта ж сапраўдныя рабаўнікі!.. Зрэшты, скажам і так: шарманка раздражняе мяне, а я жыву адзін толькі раз і не хачу жыццё сваё растрачваць на слуханне агіднай музыкі.
Хтосьці зласлівы, ведаючы, як мецэнат ненавідзіць шарманку, прыдумаў брыдкі жарт — паслаў пад вокны яго двух шарманшчыкаў. Пан Томаш захварэў са злосці, а потым, выкрыўшы вінаватага, выклікаў яго на паядынак.