Я здагадаўся, што ён гаворыць пра жаніха нашай пані. На сэрцы ў мяне палягчэла. Пацалаваў бацькаву шорсткую руку і сказаў трохі смялей:
— Бачыце, татка, мы ў ажынах былі... Лёню ўкусіла аса...
— Сам ты дурны, як аса. Не братайся з панянятамі, дык і не будзеш паляваць на восаў і не сапсуеш портак у сажалцы. Ідзі дахаты і не вылазь мне за парог, пакуль усе адгэтуль не выедуць.
— Яны выязджаюць? — ледзь прашаптаў я.
— Едуць днямі ў Варшаву, а вернуцца, калі нас тут ужо не будзе.
Вечар прайшоў сумна. На вячэру былі выдатныя клёцкі з малаком, але ніхто з нас не еў іх. Зося выцірала чырвоныя вочы, а я строіў адчайныя планы.
Перад сном я ціха зайшоў у сястрын пакой.
— Зося, — сказаў рашуча, — я... павінен ажаніцца з Лёняй!..
Яна зірнула на мяне спалохана.
— Калі? — спыталася.
— Усё роўна.
— Але ж цяпер ксёндз-пробашч не павянчае вас, а потым яна будзе ў Варшаве, а ты ў Седльцах... Зрэшты, што тут сказаў бы татка, пані?..
— Бачу, што ты не хочаш мне дапамагчы, — адказаў я і, не пацалаваўшы яе на развітанне, пайшоў.
З таго моманту я ўжо нічога не памятаю. Міналі дні і ночы, а я ўсё ляжаў у ложку, каля якога сядзелі або мая сястра, або Вайцехова, або фельчар. Не ведаю, ці гэта пры мне гаварылі, ці толькі мроілася так, што Лёня паехала ўжо і што Валек недзе прапаў. Раз нават здалося, што бачу я над сабой заплаканы твар пасудніцы, якая, плачучы, пытаецца:
— Паніч, а дзе вы бачылі Валека?..
Я?.. Валека?.. Нічога я не разумеў. Але потым мне ўявілася, што рву ў лесе ягады, а з-за кожнага дрэва на мяне глядзіць Валек. Я клічу, а ён уцякае, ганюся за ім, але дагнаць не магу. Калючыя кусты хапаюцца за мяне і адпіхаюць, ажыны аблытваюць ногі, дрэвы танцуюць, паміж аброслых ствалоў мільгае шэрая хлопцава кашуліна.
Часамі мне здавалася, што я сам Валек, а потым, што Валек, Лёня і я — адна асоба. Прытым заўсёды бачыў я лес або густы хмызняк, заўсёды нехта клікаў мяне на дапамогу, а я — не мог скрануцца з месца.
Страшна ўспомніць усе тыя пакуты.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Калі я ўстаў з ложка, быў ужо канец вакацыяў, трэба было ехаць у школу. Некалькі дзён я прасядзеў у кватэры і толькі напярэдадні ад'езду, адвячоркам, вылез на двор.
Вокны ў палацы былі заслонены шторамі. Значыцца, яны і сапраўды выехалі?.. Я пайшоў да кухні, шукаючы Валека. Яго не было. Я спытаўся пра хлопца ў нейкай дзяўчыны.
— Ой, паніч, — адказала яна, — няма ўжо Валека...
Я пабаяўся распытваць далей. Пайшоў у парк.
Божа, як тут маркотна... Бяздумна валачыўся я па сцежках, вільготных ад нядаўняга дажджу. Трава пажоўкла, сажалка яшчэ больш зарасла, у чоўне поўна вады. На галоўнай алеі стаялі вялікія лужыны, у якіх адлюстроўваўся змрок. Зямля чорная, ствалы дрэў чорныя, голле абвісла, лісце вяне. Сум раздзіраў душу, з глыбінь яе даставаў то такі, то іншы цень. То Юзя, то Лёні, то Валека...
Раптам павеяў вецер, верхавіны дрэў зашумелі, з разгайданых галін пачалі ападаць вялікія, як слёзы, кроплі. Бог сведка, што дрэвы плакалі. Не ведаю, ці нада мной, ці над маімі сябрамі, адно напэўна — разам са мною...
Было ўжо цёмна, калі я выйшаў з парку. У кухні парабкі вячэралі. За кухняй у полі я ўбачыў жаночую постаць. Пры нясмелым святле, што аплывала на зямлю з яснейшай палоскі аблокаў, я пазнаў пасудніцу. Яна глядзела на лес і мармытала:
— Валек... Валек!.. Хадзі ж дамоў... Колькі ты гора мне нарабіў, ох, нягоднік, нягоднік...
Лётам уцёк я дахаты, бо думаў, што сэрца маё разарвецца.
Шарманка
На Мядовай вуліцы штодня можна было сустрэць апоўдні пажылога ягомасця, які хадзіў з плошчы Красіньскіх да Санаторскай вуліцы. Улетку на ім было шыкоўнае цёмна-сіняе паліто, шэрыя штаны ад першакласнага краўца, бліскучыя, як люстра, чаравікі і трошкі стараваты цыліндр.