Калі ідзеш у гушчар, дык дрэвы выразна даюць дарогу, прапускаюць цябе. Але паспрабуй, ідучы наперад, азірацца. Яны падаюць адно аднаму галіны, нібы рукі, ствол набліжаецца да ствала, пасля яны нават зусім сыходзяцца, і неўзабаве за табой вырасце стракатая сцяна, глыбокая і непраходная...
Лягчэй за ўсё тады заблудзіцца. Куды ні пойдзеш — усюды аднолькава, усюды дрэвы рассоўваюцца перад табой, а за табой збягаюцца. Ты пачынаеш бегчы, яны таксама бягуць назад, каб адрэзаць табе адступленне. Ты спынішся — яны стаяць сабе ды ахалоджваюцца голлем, як веерамі. Паварушваеш галавой улева ды ўправа, шукаючы дарогі, і заўважаеш, што некаторыя дрэвы хаваюцца адно за адно, нібы хочучы пераканаць цябе, што іх куды менш, чым ты сабе думаеш.
О, лес — гэта ўсё-такі небяспечнае месца! Там кожная птушка шпіёніць, куды ты ідзеш, кожнае зеллейка намагаецца заблытаць твае ногі, а як не можа, дык хоць шамаценнем даносіць пра цябе іншым. Так яму, лесу, любы чалавечы твар, што, убачыўшы яго, — кідаецца на ўсё, абы толькі затрымаць тут чалавека назаўсёды.
Сонца ўжо хілілася на захад, калі я выйшаў у поле. А неўзабаве сустрэўся з Валекам. Ён хутка ішоў у бок лесу, падпіраючыся доўгім кіем.
— Куды ты? — спытаўся я.
Ён не ўцякаў ад мяне. Спыніўся і, паказаўшы жоўтай ручкай на лес, ціха сказаў:
— Далёка!..
— Хутка ноч будзе, вяртайся дахаты.
— Але ж матуля хочуць мяне страшэнна адлупцаваць...
— Хадзем са мной, дык не адлупцуе.
— Ой, адлупцуе!..
— Хадзем, будзеш бачыць, што нічога не зробіць, — сказаў я, падышоўшы да яго.
Хлопец адступіўся, але не ўцякаў; мне здалося, што ён вагаецца.
— Ну, хадзем...
— Але ж баюся...
Я зноў наблізіўся, а ён — адступіўся. Гэтае ваганне ды адступанне раздражніла мяне. Там Лёня ягад чакае, а ён таргуецца са мной?.. Няма ў мяне часу на гэта.
Я хутка пайшоў у бок маёнтка. Засталася ўжо, мусіць, палавіна дарогі дахаты, калі я азірнуўся і ўбачыў Валека на ўзгорку каля лесу. Ён стаяў са сваім кіем у руцэ і глядзеў на мяне. Кашуля яго развявалася на ветры, а падзёрты капялюш блішчаў ад нізкага сонца, нібы агністы вянок.
Штосьці кранула мяне. Я прыгадаў, як парабкі падгаворвалі яго, каб узяў кій ды ішоў у свет. Няўжо ж ён так і зрабіў?.. Не, не такі ўжо ён дурань. Зрэшты, няма мне калі вяртацца да яго, бо чарніцы падушацца, а там Лёня чакае...
Лётам прыбег я дахаты, каб перасыпаць ягады ў кошычак. На парозе Зося павітала мяне — горкім плачам...
— Што з табой?..
— Бяда, — шапнула сястра. — Усё выйшла наверх... Пані звольніла тату...
— Зося, што ты гаворыш?.. Што з табой?..
— Праўду я гавару. Татка ўжо звольнены. Лёня па сакрэту сказала гувернантцы пра тую асу, а гувернантка — сказала пані... Калі тата прыйшоў у палац, пані загадала, каб ён неадкладна завёз цябе ў Седльцы. Але татка сказаў, што мы паедзем усе разам...
Зося страшэнна расплакалася.
У гэты момант я заўважыў бацьку на двары. Пабег насустрач яму і задыхана кінуўся да ног.
— Татка, родненькі мой, што ж я нарабіў! — шаптаў я, абнімаючы яго за калені.
Бацька падняў мяне, паківаў галавой:
— Дурны ты. Ідзі дахаты.
А потым сказаў, як быццам сам сабе:
— Тут іншы майстар ёсць, які нас адгэтуль выганяе, думаючы, што стары ўпаўнаважаны не дазволіў бы яму прайграць маёнтак сіраты. І мае рацыю!