— Казя, ты ведаеш, пра што я думаю!..
І пагразіла мне пальцам.
У гэты момант я прысягнуў сам сабе, ужо немаведама каторы раз, што нікому не скажу пра тое, што самлеў, і пра тую муху. Аднак, адышоўшыся некалькі крокаў, я пачуў Лёнін голас:
— Каб ты, Зося, ведала, што тут рабілася!.. Аднак я не магу табе анічога сказаць. Але ж, каб ты паабяцала мне, што анікому...
Я ўцёк як найдалей у гушчар, адчуваючы сорам. А можа, Зося...
У тых няшчасных ажынах мы пабылі яшчэ з гадзіну. Калі ж вярталіся адтуль дахаты, я заўважыў вялікую змену сітуацыі. Зося глядзела на мяне з жахам і цікаўнасцю, Лёня зусім не глядзела, а я быў такі збянтэжаны, нібы зрабіў якое-небудзь злачынства.
Развітваючыся з намі, Лёня сардэчна пацалавала Зосю, а мне — кіўнула галавой. Я зняў перад ёю шапку, падумаўшы, што я — вялікі нягоднік.
Як толькі Лёня адышлася, Зося ўзяла мяне ў работу.
— Я пачула цудоўныя рэчы! — сказала яна сур'ёзна.
— А што я зрабіў? — спытаўся я, добра такі спалоханы.
— Як гэта — што? Спачатку самлеў... Ах, божа мой, і мяне пры гэтым не было!.. Ну, а потым тая аса ці муха... Жахліва... Бедная Лёня! Я памерла б ад сораму.
— Але ж у чым тут я вінават? — смялей спытаўся я.
— Дарагі Казя, — адказала яна, — перада мной табе не трэба апраўдвацца, бо я ж цябе ні ў чым не папракаю. Аднак жа...
«Аднак жа...» — таксама мне адказ!.. З гэтага «аднак жа» выходзіла, што ва ўсім я вінават. Муха нічога, Лёня, што так лямантавала, таксама нічога, толькі я вінават, што пабег ратаваць?..
Яно так, але чаму я самлеў?..
Я не мог супакоіцца. На другі дзень зусім не пайшоў у парк, каб не паказвацца Лёні, а на трэці — яна сказала, каб прыйшоў. А як прыйшоў, здалёк кіўнула мне галавой і гутарыла толькі з Зосяй, на мяне пазіраючы час ад часу горда і сумна, як на злачынца.
Часамі я думаў, што ў дачыненні да мяне тут адбываецца нейкая несправядлівасць. Аднак адразу глушыў такія падазрэнні, гаворачы сам сабе, што я і сапраўды зрабіў штосьці страшнае. Тады я не ведаў яшчэ, што такі метад — характэрная рыса жаночай логікі.
Тым часам дзяўчаты хадзілі па садзе спаважна, нават не думаючы пра скаканне цераз вяровачку, а ўсё пра нешта шэпчучыся. Раптам Лёня спынілася і сказала пакутлівым голасам:
— Ведаеш, Зося, мне вельмі захацелася чарніц... Ажно запахла імі...
— Пайду прынясу, — сказаў я паспешліва. — У лесе ёсць адно месца, дзе іх вельмі шмат.
— Ці варта непакоіцца? — спыталася Лёня, меланхалічна павёўшы па мне позіркам.
— А чаму не? Няхай ідзе, калі яму хочацца, — умяшалася Зося.
Я паспяшаўся, тым больш што ў садзе мне было душна ад гэтых пястотаў. Мінаючы кухню, я пачуў за сабой, што мае паненкі смяюцца, а нехаця цікнуўшы цераз паркан, заўважыў, што яны сабе весела скачуць цераз вяровачку. Відаць, толькі пры мне ў іх быў такі ўрачысты выгляд.
У кухні быў страшэнны тарарам. Валекава маці плакала і лаялася, а старая Салюся выгаворвала ёй, што Валек разбіў талерку.
— Дала яму, — наракала пасудніца, — гэтаму гіцлю, талерку, каб ён яе вылізаў, а ён, падлюга, бух яе аб зямлю, а сам наўцёкі. Ой, калі ўжо я сёння не заб'ю цябе, дык няхай мае рукі ды ногі адсохнуць...
А пасля закрычала:
— Валек!.. Хадзі сюды, шалудзька ты, адразу ж ідзі, бо я з цябе скуру здзяру, калі цяпер не з'явішся.
Мне стала шкада хлопца і захацелася справу загладзіць. Аднак я падумаў, што паспею зрабіць гэта пасля лесу, бо Валек — дай бог, каб ноччу паказаўся ў кухні. І я пайшоў сваёй дарогай.
Да лесу ад двара было з паўгадзіны хады, а можа, і больш. Раслі там дубы, сосны, ляшчэўнік, а суніц і чарніц столькі, што бяры — колькі хочацца. З краю пастухі трохі прарэджвалі ягады, а далей было іх больш, усыпаны цэлыя паляны, з наш дзядзінец велічынёй.
Зайшоўшы ў такое месца, я нарваў ягад поўную шапку і хустку, бо сам еў мала, спяшаўся. Нягледзячы на гэта, прайшло з гадзіну, а то і больш, пакуль я са сваім зборам вырушыў назад. Напрасткі не пайшоў, а трохі кругам, бо мне наогул падабалася пахадзіць па лесе.