— Ну, як табе? — пыталася Лёня. — Эх, відаць, ужо лепш, бо ты не такі бледны. Раней ты быў — як палатно... Аднак і я, — дадала яна, пачакаўшы, — здорава буду выглядаць, калі мама пра гэта даведаецца!.. Ах, божа мой, страшна нават дадому вяртацца...
— Пра што мама даведаецца? — спытаўся я.
— Пра ўсё, а найгорш — пра асу...
— Дык не кажы нікому.
— Што з таго, што я не скажу, — амаль прашаптала яна, адвёўшы ўбок вочы.
— Можа, ты думаеш, што я скажу? — спытаўся я. — Далібог, нікому ані слова.
— А Зосі?.. З ёю можна сакрэтнічаць.
— І Зосі не скажу. Нікому.
— Дый без гэтага ўсе даведаюцца. Ты такі падзёрты, абадраны... Аднак, пачакай!.. — дадала яна праз момант і абцерла хусткай мой твар. — Божа мілы, я ж цябе нават, ты ведаеш, і пацалавала са страху, не ведаючы, што рабіць. Калі б хто пра гэта даведаўся, я б згарэла б ад сораму, хоць і з асой таксама ж клопат быў. Ах, колькі бяды праз цябе...
— Ды няма табе чаго баяцца, — пацяшаў я.
— Якраз няма чаго! Усё выйдзе наверх, бо ў цябе поўна лісця ў валасах. Зрэшты, чакай, я цябе прычашу. Каб толькі Зося не падглядала з-за якога-небудзь куста. З ёю можна сакрэтнічаць, аднак усё-такі...
Лёня выняла са сваіх валасоў напаўкруглы грэбень і пачала мяне прычэсваць.
— Ты заўсёды расстрэсены, — гаварыла. — Ты павінен прычэсвацца так, як усе паны. Вось так!.. Прабор з правага боку, а не з левага. Калі б у цябе валасы былі чорныя, ты быў бы такі прыгожы, як жаніх мае мамы. А таму, што ты бландзін, я прычашу цябе інакш. Ты цяпер будзеш, як анёлак, што пад мадоннай. Ведаеш, які... Шкада, што ў мяне няма люстэрка.
— Казя! Лёня! — гукнула ў гэты момант Зося, аднекуль з боку парку.
Мы ўсхапіліся, Лёня і сапраўды была перапалохана.
— Усё раскрыецца! — сказала яна. — Ох, гэтая аса!.. А горш за ўсё тое, што ты самлеў...
— Нічога не раскрыецца, — энергічна адказаў я. — Я анічога не скажу.
— І я таксама. Не скажаш нават, што ты самлеў?..
— Не скажу.
— Ну, ну! — здзівілася Лёня. — Бо я, каб самлела, не змагла б вытрымаць...
— Казя! Лёня! — гукала сястра, ужо зусім недалёка ад нас.
— Казя! — шапнула Лёня, палажыўшы палец на вуснах.
— Нічога не бойся.
Зашамацелі кусты, і паказалася Зося ў фартушку.
— Дзе ж ты была, Зося? — спыталіся мы абое разам.
— Хадзіла па фартушок для сябе і для цябе, Лёня. На вазьмі, бо ажыны забрудзяць.
— Што, трэба ўжо ісці дахаты?
— Няма чаго, — адказала Зося. — У мамы сядзіць той пан, а панна Клеменціна і не думае выходзіць з альтанкі. Можам сядзець тут хоць да вечара. Ды я ўжо буду рваць ажыны, бо вы тут наеліся больш за мяне.
Яны пачалі абедзве рваць, і мне таксама зноў захацелася ягад.
Заўважыўшы, што я адыходжуся, Лёня гукнула мне ўслед: