— Я ж баюся. О божа!..
Лёня дрыжала як у ліхаманцы. І я праявіў звышсмеласць.
— Дзе яна ў цябе?
— Цяпер ходзіць па калене...
— Няма яе ні тут, ні тут.
— Яна ўжо вышэй... Ах! Зося, Зося!..
— Дык і тут жа яе няма...
Лёня закрыла твар рукамі.
— Відаць, яна ў сукенцы схавалася... — сказала, яшчэ горш заплакаўшы.
— Злавіў! — закрычаў я. — Гэта ж муха...
— Дзе?.. Муха?.. — спыталася Лёня. — І праўда муха! Ах, якая вялікая... А я была ўпэўнена, што гэта аса. Я думала, што памру... Божа! Якая я дурная.
Выцерла вочы і адразу пачала смяяцца.
— Забіць яе ці выпусціць? — спытаўся я, паказваючы Лёні няшчасную муху.
— Як сабе хочаш, — адказала Лёня зусім ужо спакойна.
Я хацеў муху забіць, але — не хапіла рашучасці. А таму, што і крылы, і ўся яна была вельмі памятая, я асцярожна палажыў яе на лісце.
А Лёня тым часам вельмі ж прыглядалася да мяне.
— Што з табой, — спыталася яна раптам.
— Нічога, — адказаў я, намагаючыся засмяяцца.
І тут адчуў, што сілы раптоўна пакідаюць мяне. Сэрца біла, як звон, у вачах пацямнела, халодны пот выступіў на ўсім целе, і, стоячы на каленях, я захістаўся.
— Што з табой, Казя?
— Нічога... Толькі я думаў, што з табой здарылася няшчасце...
Каб Лёня не абхапіла мяне, не палажыла маю галаву сабе на калені, я разбіў бы нос аб зямлю.
Нейкая цёплая хваля шуганула ў маю галаву, пачуўся шум у вушах і зноў Лёнін голас:
— Казя!.. Мілы Казя... Што з табой?.. Зося!.. Божа мой, ён самлеў... Што ж мне няшчаснай рабіць?..
Яна абняла мяне аберуч за галаву і пачала цалаваць. На ўсім твары я адчуваў яе слёзы. Мне было так шкада яе, што, сабраўшы рэшткі сіл, я сяк-так падняўся.
— Ды нічога мне... Ты не бойся, — вырвалася з маіх грудзей.
І сапраўды, слабасць прайшла таксама хутка, як і прыйшла. У вушах перастала шумець, у вачах пасвятлела, я ўзняў галаву з Лёніных каленяў і, гледзячы ў яе вочы, пачаў смяяцца.
Цяпер і Лёня ўжо смяялася.
— Ах ты, нягодны, ах ты, нядобры, — гаварыла яна, — столькі мне страху нарабіў. Як жа гэта ты з-за такога глупства самлеў?.. Калі б гэта нават і аса была, яна ж не з'ела б мяне... А што я тут з табой рабіла б?.. Ні вады, ні людзей, Зося кудысьці пайшла, а мне самой трэба было б ратаваць такога вялікага хлопца. Сорам табе!
Вядома ж, я саромеўся. Ці ж можна было так палохаць яе?