— Не хочаш, дык і не трэба!.. Абыдуся без твайго вераб'я!..
Яна так пакрыўдзілася і так гарэла ад цікаўнасці, што я пачаў упрошваць яе ўзяць вераб'я. А яна — не і не!.. Ледзь упрасіў, вядома ж, пры дапамозе Зосі, аднак з тыдзень яна ўсё наракала:
— Я табе такой непрыемнасці ніколі ў жыцці не зрабіла б. Ведаю цяпер, які ты верны! У першы дзень скокнуў у ваду, каб нарваць мне гарлачыкаў, а ўжо ўчора нават не захацеў дазволіць пагуляць трохі з птушкай. Усё я ведаю... О! Ніводзін іншы хлопец не паступіў бы са мной такім чынам.
Калі ж пасля ўсялякіх маіх тлумачэнняў я, урэшце, папрасіў яе хоць ужо не злавацца, яна адказала:
— А хіба ж я злуюся?.. Ты ж і сам добра ведаеш, што не злуюся. Мне толькі прыкра было. А ўжо як мне прыкра было, гэтага нікому не ўявіць... Няхай табе Зося скажа, як мне прыкра было.
Тады Зося з урачыстым выглядам растлумачыла мне, што Лёні было вельмі, ну, проста вельмі прыкра.
— Зрэшты, няхай Лёня сама скажа табе, як ёй было прыкра, — закончыла мая дарагая сястрычка.
Так мяне слалі ад Анны да Кайяфы[4], каб акрэсліць ступень той прыкрасці, і я зўсім разгубіўся.
Я ператварыўся ў машыну, з якое Лёня і Зося рабілі ўсё, што ім толькі хацелася, бо кожны дзень маёй самастойнасці прыносіў той ці іншай з іх адны прыкрасці, а ўжо яны іх перажывалі разам.
Калі б бедны Юзя ўстаў са свае магілы, ён не пазнаў бы мяне ў асобе зацюканага, паслухмянага кавалерчыка, які вечна па штосьці хадзіў, нешта прыносіў, нечага шукаў, пра штосьці не ведаў, у нечым не разбіраўся і раз-поразу атрымліваў вымовы. А калі б гэта бачылі мае сябры!..
Аднойчы панна Клеменціна была занята больш, чым заўсёды. Бо пісар назіраў за нечым каля канюшні, крокаў некалькі ад мілай альтанкі. Карыстаючыся гэтым, мы ўтраіх вышмыгнулі за парк, у тыя кусты, дзе рос ажыннік.
Страхоцце, колькі іх там, ажынаў, было! Што ні ступіш, дык і куст, а на кожным процьма ягад, чорных і буйных, як слівы. Спачатку мы збіралі іх разам, перагукваючыся ад захаплення. А неўзабаве змоўклі і разышліся кожны ў свой бок. Не ведаю, як там дзяўчаты, але я, утапіўшыся ў найгусцейшых кустах, забыўся пра ўсё на свеце. Што гэта былі за ажыны!.. Сёння няма такіх нават і ананасаў.
Стаміўшыся стаяць, я сеў, стаміўшыся сядзець — лёг на кустах, як на шырокім спружыністым крэсле. Тут было так цёпла, так мякка, так шчодра, што я аж падумаў: так вось жылося Адаму ў раі. Божа мой, божа, чаму я не быў Адамам? Да сённяшняга дня на праклятым дрэве раслі б яблыкі, бо каб зрываць іх, я нават рукі не ўзняў бы над галавой...
Расцягваючыся, як вуж, на гнуткіх кустах, я адчуваў невыказнае шчасце галоўным чынам па той прычыне, што можна было зусім не думаць. Часамі я паварочваўся дагары тварам, галавой ніжэй за рэшту цела. Лістота, што варушылася ад ветрыку, песціла мой твар, а я глядзеў у вялізнае неба і з неабдымным задавальненнем уяўляў, што вось мяне — зусім няма. Лёня, Зося, парк, абед дый школа з панам інспектарам здаваліся сном, што быў калісьці, але прайшоў, можа, сто год таму назад, а можа, і тысячу. Бедны Юзя ў небе, відаць, адчувае цяпер тое самае. Які ён шчаслівы!..
Нарэшце мне ўжо і ажынаў не хацелася. Я адчуваў, як ласкава гойдаюць мяне кусты, бачыў кожную хмарку, што паволі плыла па блакіце, чуў шалясценне кожнага ліста, а сам анічога не думаў. Ды тут мяне штосьці тузанула. Я ўсхапіўся, не разумеючы, што да чаго. Нейкі момант было ціха, як і раней, а потым пачуўся Лёнін плач і крык:
— Зося!.. Панна Клеменціна!.. Памажыце!..
Гэта страшна, калі дзіця крычыць: «Памажыце!..» У галаве маёй мільганула слова «змяя!». Калючыя кусты хапалі мяне за вопратку, аблытвалі ногі, тузалі, адпіхалі... не, яны моцна трымалі мяне, не пускалі, як быццам жывая пачвара, а Лёня тым часам крычала: «Памажыце!.. Божа мой, божа!..» І я адчуваў толькі адну, як сонца, ясную рэч, што неабходна ці памагчы, ці загінуць самому.
Стомлены, паабдзіраны, а найбольш перапалоханы, я прадзёрся нарэшце туды, адкуль чуўся Лёнін плач.
Яна сядзела на кусце, дрыжала, ломячы рукі.
— Лёня!.. Што з табой? — першы раз звярнуўся я да яе па імені.
— Аса!.. Аса!..
— Аса? — паўтарыў я, кідаючыся да Лёні. — Укусіла цябе?
— Яшчэ не, але...
— Дык што...
— Лазіць па мне...
— Дзе?
З вачэй яе цяклі слёзы. Яна вельмі саромелася, але страх перамог.
— Залезла ў панчоху... Божа мой, божа... Зося!..
Я стаў перад ёю на калені, але шукаць асу яшчэ не асмельваўся.
— Дык вымі ты яе, — сказаў я.
[4] Тут — у сэнсе ад аднаго начальніка да другога.