Адышоўшыся трохі, я азірнуўся, — ён стаяў на тым самым месцы. Глядзеў на мяне і ўголас плакаў.
Пудзілам уляцеў я ў нашу кухню. Куды ні ступлю — вады з мяне нацячэ. Куры, парастапырваўшы крылы, з перапалоханым кудахтаннем кінуліся да вокнаў, дзеўкі пачалі рагатаць, а Вайцехова пляснула рукамі.
— Ах, мая долечка! А што ж гэта з табой? — закрычала кабеціна.
— Не бачыце?.. У сажалку ўваліўся, вось і ўсё!.. Дайце мне, Вайцехова, палатняны гарнітур, чаравікі, кашулю... Толькі хутчэй.
— Гора маё з гэтым Казем, — адказала яна. — Да пінжака, відаць, гузікі не прышыты... Казька, паварушыся, знайдзі чаравікі!
Вайцехова пачала расшпільваць мой мундзір, здымаць яго пры дапамозе другой дзеўкі. Сяк-так справіліся, а з ботамі было нямала клопату. Ні туды ні сюды. Нарэшце паклікалі конюха. Мне давялося легчы на тапчане, Вайцехова з дзеўкамі трымалі мяне пад пахі, а конюх сцягваў боты. Я думаў, што ён мне ногі павыкручвае. Затое праз нейкія паўгадзіны я быў як лялька — выцерты, пераапрануты, прычасаны. Прыбегла Зося і прышыла гузікі да палатнянага пінжака. Вайцехова мокрую вопратку выкруціла, вынесла на гарышча, і — ціха.
Аднак бацька, прыйшоўшы дахаты, ведаў ужо ўсё. Ён паглядзеў на мяне кпліва, паківаў галавой і сказаў:
— Дурань ты, дурань!.. Ідзі цяпер да Лёні, няхай табе купіць новыя порткі.
Тут прыйшоў пан вінакур. І той агледзеў мяне, пасмяяўся, аднак я падслухаў, як ён казаў бацьку ў канцылярыі:
— Хлопец рухавы! За дзеўкамі ў агонь палезе... Як і мы ў маладыя гады, пане Ляснеўскі.
Я здагадаўся, што ўжо ўвесь двор ведае пра маю сімпатыю да Лёні, і мне было вельмі сорамна.
Пад вечар прыйшлі пані, Лёня і гувернантка, і ў кожнай з іх — о, дзіва! — быў прышпілены да сукенкі гарлачык... Мне хацелася схавацца пад зямлю, уцячы, але мяне паклікалі, і я апынуўся перад панямі.
Гувернантка, як я заўважыў, прыглядалася да мяне вельмі прыязна. А пані графіня пагладзіла мяне па шчацэ і дала мне некалькі цукерак.
— Хлопчык мой, — сказала яна, — гэта добра, што ты такі ветлівы, але прашу цябе — ніколі не вазі паненак чоўнам. Добра?
Я пацалаваў яе руку і штосьці мармытнуў.
— І сам таксама не плавай. Абяцаеш?
— Не буду плаваць.
Пасля яна звярнулася да гувернанткі і пра нешта пагаварыла па-французску. Я пачуў слова «эро», што паўтарылася некалькі разоў. На бяду, бацька таксама пачуў гэтае «эро» і аказаўся:
— Ваша праўда, пані графіня. Ірад, сапраўдны ірад!..
Пані засмяяліся, а потым, калі яны пайшлі, Зося намагалася растлумачыць бацьку, што «эро» пішацца «heros» і па-французску азначае не ірад, а герой.
— Герой? — паўтарыў бацька. — Ён такі герой, што сапсаваў мундзір і порткі, а мне прыйдзецца бухнуць Шуліму злотых з дваццаць. На чорта яно, такое геройства, дзе іншым трэба за яго плаціць!
Мне было вельмі прыкра ад такіх празаічных бацькавых поглядаў. Аднак я дзякаваў богу, што толькі на поглядах справа і закончылася.
З гэтага часу я сустракаўся з Лёняй не толькі ў парку, але і ў палацы. Разоў некалькі абедаў там, ад чаго вельмі бянтэжыўся, і амаль штодня падвячоркаваў, калі давалі каву або суніцы ці маліны з цукрам і смятанкай.
Часта я гутарыў са старэйшымі панямі. Графіня здзіўлялася маёй начытанасці, якая ішла ў мяне з гарбунковай бібліятэкі, а гувернантка, панна Клеменціна, проста захаплялася мною. Гэтай сімпатыяй я карыстаўся дзякуючы не столькі маёй эрудыцыі, колькі гутаркам пра пісара, пра якога я ведаў, дзе ён цяпер стаіць наглядчыкам над парабкамі і што думае пра панну Клеменціну. Нарэшце гэтая светлая асоба прызналася мне, што зусім не думае выходзіць замуж за пісара, але вельмі хацела б узняць яго маральна. Сказала мне, што на яе разуменне роля жанчын ва ўсім свеце заключаецца ў тым, каб узнімаць мужчын, і што я, калі вырасту, павінен сустрэць такую жанчыну, якая мяне ўздыме.
Павучанні гэтыя вельмі мне падабаліся. Я ўсё больш ды больш старанна прыносіў панне Клеменціне весткі пра пісара, а яму пра панну Клеменціну, за што меў ласку ў абаіх.
Жыццё ў палацы, як я сёння яго ўспамінаю, было тады асаблівае. Да графіні праз дзень, праз два прыязджаў яе жаніх, а панна Клеменціна разоў па некалькі на дзень наведвала тыя закуткі парку, з якіх магла ўбачыць пісара, або, як яна гаварыла, прынамсі, пачуць яго голас, мусіць, тады, калі ён лаяў парабкаў. Са свайго боку, пакаёўка паплаквала ў кожным акне па чарзе, зноў жа па пісары, а рэшта дзяўчат, пераймаючы панства, размяркоўвала свае пачуцці паміж лёкаем, буфетчыкам, кухарам, кухарчуком і фурманам. Нават сэрца старой Салюсі не было свабодным. Яго займалі індыкі, гусакі, качары, пеўні і каплуны разам з іх разнапёрымі сяброўкамі, у таварыстве якіх ключніца тапталася з ранку да вечара.
Само сабой, што нам, дзецям, у такім занятым акружэнні жылося прывольна. Мы гулялі цэлымі днямі і толькі тады сустракаліся са старэйшымі, калі нас клікалі на абед, на падвячорак ці на спачын.
Дзякуючы такой свабодзе мае адносіны з Лёняй склаліся даволі арыгінальна. Праз некалькі дзён яна гаварыла мне «Казя», потым «ты», распараджалася мною, нават крычала на мяне, а я яшчэ ўсё звяртаўся да яе на «вы», усё менш ды менш гаварыў, а больш слухаў. Часамі ўва мне абуджалася гордасць чалавека, які праз год можа пайсці ў трэці клас. Тады я праклінаў тую хвіліну, калі паслухаў Лёню ўпершыню, пайшоў клікаць сястру. Я гаварыў самому сабе:
«Няўжо ж яна думае, што я на службе ў яе, як мой бацька ў яе маці?..»
Такім чынам я бунтаваў самога сябе, вырашаў, што больш такое не паўторыцца. Аднак, як толькі сустракаўся з Лёняй, адвага пакідала мяне, а калі крышку яе і заставалася, дык зноў жа Лёня загадвала з такой нецярплівай просьбай, так тупала ножкай, што я павінен быў выконваць усё. Калі ж аднойчы злавіў вераб'я і аддаў яго ёй не адразу, яна закрычала: