Дзяўчаты — у крык... Я крычу: «Гэта нічога! Нічога! Тут мелка!..» Выліваю ваду з шапкі, надзяваю яе на галаву і, брыдучы па пахі ў вадзе, а па калені ў гразі, ірву гарлачыкі — адзін, другі, трэці, чацвёрты...
— Казічак, мілы, вылазь! — крычыць заплаканая сястра.
— Хопіць, хопіць ужо! — уторыць ёй Лёня.
А я не слухаю... Ірву пятую, шостую і дзесятую кветку, а потым лісты...
З сажалкі выйшаў я мокры з ног да галавы, ногі вышэй каленяў і рукавы — у гразі. На беразе Зося плача, Лёня не хоча браць кветак, а за імі хаваецца перапалоханы Валек...
Бачу, што і ў Лёніных вачах таксама слёзы, аднак яна раптам пачынае смяяцца:
— Зірні, Зося, які ў яго выгляд!..
— Божа, што скажа тата? — крычыць сястра. — Казічак, ты ўжо хоць твар памый, ты ж увесь замазаны.
Машынальна бяруся рукой у гразі за нос. Лёня ад смеху ажно сядае на траве. Зося таксама смяецца, выціраючы вочы, нават і Валек адкрывае рот, з якога чуецца штосьці падобнае на бляянне.
Цяпер дзяўчаты заўважаюць яго.
— Што гэта? — пытаецца Зося. — Адкуль ён тут узяўся?
— Ён прыйшоў сюды з тваім братам, — адказвае Лёня. — Я бачыла, як ён краўся кустамі.
— Божа, што ў яго за капялюш!.. Чаго ён, Казік, хоча ад цябе? — спыталася сястра.
— Ходзіць за мною ўжо некалькі дзён.
— Ага! Гэта Казя з ім, відаць, гуляў, калі ўцякаў ад нас, — пакеплівае Лёня. — Зірні, Зося, як яны выглядаюць абодва — адзін увесь мокры, а другі не памыты... Ой, не вытрываю ад смеху!..
Гэтае параўнанне з Валекам зусім не спадабалася мне.
— Ты, Казічак, памыйся і ідзі дадому пераапрануцца, а мы тым часам пойдзем у альтанку, — сказала Зося, паднімаючы Лёню, якая ад празмернай весялосці была ледзь не ў істэрыцы.
Яны пайшлі. Засталіся мы з Валекам і пук гарлачыкаў на траве, якіх ніхто не падняў.
«Такая ўзнагарода за маю самаахвярнасць?» — падумаў я горка, адчуваючы ў вуснах гразь. Зняў шапку. Страхоцце — што з ёю зрабілася!.. Як ануча, што мыць падлогу, а казырок у адным месцы адлазіць. З мундзіра, з камізэлькі, з кашулі сцякае вада. У ботах — ажно хлюпае, як паварушышся. Я адчуваю, што з палатна на мне робіцца сукно, з сукна скура, а са скуры драўніна. А адтуль, дзе альтанка, чуваць Лёнін смех, — яна расказвае пра мяне гувернантцы.
Праз момант яны будуць тут. Я хачу памыцца, але, не дакончыўшы, уцякаю, бо яны ўжо ідуць!.. Ужо на алеі бачу іхнія сукенкі, чую поўны здзіўлення голас гувернанткі. Яны адрэзалі мне дарогу дахаты, я паварочваю ў іншы бок, да плота.
— Дзе ж ён? — крыкліва пытаецца гувернантка.
— Ён там, там!.. Яны абодва ўцякаюць! — адказвае Лёня.
Цяпер я заўважаю, што Валек бяжыць следам за мною. Дабягаю да плота, малы за мною. Лезу на жэрдзе, ён таксама. І калі мы абодва, тварам у твар, сядзім верхам на плоце, у кустах паказваюцца Лёня, Зося і гувернантка.
— Ах, і гэты прыяцель! — крычыць, смеючыся, Лёня.
Я саскочыў з плота і папёр полем да нашага флігеля, а Валек увесь час за мной. Яму, відаць, падабаецца гэтая аблава, бо ён раскрывае рот і бляе, што мае азначаць задавальненне.
Я спыніўся, страшэнна ўзлаваны.
— Дарагі мой, чаго ты хочаш ад мяне?.. Чаго ты за мной валочышся? — спытаўся я.
Валек вельмі здзівіўся.
— Адчапіся, пайшоў прэч ад мяне! — гаварыў я, сціскаючы кулакі. — Сораму мне нарабіў, усе з мяне смяюцца... Калі яшчэ раз прычэпішся, адлупцую...
Сказаўшы гэта, я пайшоў, а хлопец застаўся.