— Што гэта вы яму гаворыце? — спытаўся я ў парабкаў.
— Ат, пакепліваем сабе. Вядома ж, як з дурня.
Адчуваючы, што мёд паўзе ўжо тым часам па пальцах, я не стаў з імі больш гаварыць, пайшоў за Валекам. Ён стаяў у пустазеллі і глядзеў на мяне.
— Валек, — гукнуў я, — на табе хлеба з мёдам!
Ён не варухнуўся.
— Хадзі сюды... — сказаў я, ступіўшы некалькі крокаў наперад.
Хлопец кінуўся ўцякаць.
— Ох, і дурны ж ты!.. Бяры хлеб, я вось тут яго палажу...
Палажыўшы лусту на камені, я адышоўся. Але толькі тады, як я схаваўся за вугал кухні, хлапчук падышоў да каменя, пачаў асцярожна аглядаць той хлеб, а потым з'еў яго, наколькі мне здаецца, з апетытам.
Праз нейкую гадзіну, ідучы ў бок лесу, я заўважыў, што Валек ідзе за мною воддаль. Я спыніўся — і ён таксама. Калі ж я павярнуў дахаты, ён шыбануў з дарогі ў кусты. Але неўзабаве зноў трухцеў за мной.
У той дзень я даў яму хлеба яшчэ раз. Узяў з рукі, але яшчэ ўсё пабойваючыся, і адразу ўцёк. Аднак з таго часу ён пачаў хадзіць за мною заўсёды воддаль.
З самага ранку хлопец кружыў перад нашымі вокнамі, як птушка, якой спрыяльная рука пасыпае зярнят. Увечары садзіўся перад кухняй і глядзеў на нашы вокны. І толькі як гасла святло, ён ішоў спаць на посцілцы за печчу, дзе над галавой яго не змаўкалі цвыркуны.
Некалькі дзён пасля першай сустрэчы з Лёняй, паддаўшыся Зосіным угаворам, я пайшоў з ёю ў парк.
— Ты ведаеш, — запэўнівала мяне сястра, — што Лёня вельмі табой зацікавілася. Увесь час гаворыць пра цябе, злуецца, што ты тады не вярнуўся, дапытваецца, калі ты прыйдзеш.
Нічога дзіўнага, што я паддаўся, тым больш што і самога мяне цягнула да Лёні. Здавалася, што толькі тады закончыцца мая туга, выкліканая Юзевай смерцю, калі я пачну хадзіць з Лёняй пад ручку і весці сур'ёзныя гутаркі. А пра што іменна? — гэтага я дагэтуль не ведаю. Я адчуваў толькі, што хочацца хораша гаварыць, шмат гаварыць і мець аднаго толькі слухача — Лёню.
Ад думкі пра такія праходкі ўдваіх штосьці ў грудзях маіх іграла, як арфы, мігацела, як сонца ў кроплях расы. Аднак рэчаіснасць не заўсёды адпавядае летуценням. Бо як толькі сястра прывяла мяне на сустрэчу з Лёняй, я звярнуўся да яе з намерам распачаць нашу ідэальную гутарку так:
— Ці любіце вы лавіць рыбу?
У гэты момант дзяўчаты ўзяліся пад рукі, пачалі шаптацца, бегаць па алеі і смяяцца, як ашалелыя. Аслупянеўшы, я круціў у руках вудачку, з-за якое ледзь не атрымаў ад сівага каня капытам за тое, што рваў з яго хваста валасенне.
Я ўжо хацеў пакрыўджана адысціся, але дзяўчаты вярнуліся і Зося сказала:
— Лёня просіць цябе, каб вы адно аднаму гаварылі па імені.
Я пакланіўся моўчкі, заклапочана, а яны зноў засмяяліся і пабеглі ў бок сажалкі.
— Вы ведаеце... — пачала Лёня, але адразу ж паправілася: — Ты ведаеш, Зося, што мама рашуча не дазваляе нам плаваць у чоўне. Я сказала, што нас будзе вазіць твой брат, аднак мама...
Яна даўгавата шаптала штосьці Зосі на вуха, і я адразу здагадаўся, пра што. Мама, напэўна ж, баіцца, каб я не патапіў дзяўчат — я, такі плывец, вучань другога класа!..
Мне стала сорамна. Лёня заўважыла гэта і раптам сказала:
— А вы нам...
Зноў паправіла сама еябе:
— Папрасі, Зося, брата, каб ён нарваў нам белых гарлачыкаў. Яны такія прыгожыя, а я ніколі іх у руках не трымала.
Я адразу павесялеў. Цяпер можна і паказаць, што я ўмею.
У сажалцы расло шмат гарлачыкаў, аднак не каля берага, а трохі далей. Я выламаў прут і ўвайшоў у човен, які захістаўся.
У гарлачыкаў калівы нібы пружыняць. Зачэпіш дубцом — наблізяцца, а потым зноў адплываюць. Я выламаў даўжэйшы дубец, з нейкім нібы кручком на канцы. На гэты раз пашанцавала. Моцна падчэплены гарлачык падплыў вось-вось... Я працягнуў левую руку — яшчэ далекавата. Укленчыў на самым носе лодкі, перахіліўся і ўжо хацеў ірвануць тую лілію, ды раптам — ба-бух у ваду! Дубец мой вываліўся з рукі, а гарлачык — адплыўся.