— А ты не пойдзеш?
— Не.
— Чаму? — спыталася яна, заглядваючы мне ў вочы.
— Ды ну вас! — буркнуў я. — Не пайду, бо мне не падабаецца...
Відаць, у голасе маім было многа рашучасці, бо Зося больш ні пра што не спыталася і пайшла. Яна амаль бегла, і я паклікаў яе праз акно:
— Толькі ты, калі ласка, нічога там не кажы... Скажы, што я... што ў мяне пабольвае галава.
— Ну, ну, не бойся. Я табе не пашкоджу.
— Не забудзься, Зося, калі ты хоць трошкі любіш мяне.
Мы, вядома ж, сардэчна пацалаваліся.
Цяжка сёння адкапаць у памяці тыя пачуцці, што раздзіралі мяне пасля Зосінага адыходу. Як яна, тая Лёня, магла, як смела гаварыць са мной такім тонам?.. Праўда, настаўнікі, тым больш інспектар, абыходзіліся са мной даволі фамільярна, але ж гэта людзі старыя. Аднак сябры ў першым, цяпер ужо ў другім, класе адносіліся да мяне з павагай. А тут, у вёсцы, — паслухаць толькі, як гаварыў са мной бацька, як віталіся парабкі, колькі разоў пісар гаварыў мне: «Пане Казімір, можа, завіталі б да мяне, выкурыць люлечку?» А я яму: «Дзякую, пану, але не хачу прывыкаць». А ён: «Які вы шчаслівы, маючы такі характар... Вы не паддаліся б і гувернантцы...»
У адпаведнасці з абыходжаннем старэйшых я таксама быў сур'ёзны. То ж ніхто іншы, а сам ксёндз-пробашч казаў майму бацьку: «Глядзіце вы, шаноўны пане Ляснеўскі, што робіць з хлопца школа. Гэты Казя быў летась такі свавольнік, такі ветрагон, а сёння, шаноўны мой, гэта дзяржаўная галава, гэта Меттэрніх[3]...»
Так вось людзі мяне паважалі. І трэба ж здарыцца, каб нейкае казяня, што аніводнага класа не бачыла, асмельвалася сказаць мне: «Такое на пана вельмі падобна». Пан?.. Таксама ўжо лічыць сябе дарослай паненкай! Таму што ведае нейкага там Адася, дык ужо і нос задзірае. А што той Адась? Ён скончыў трэці клас, а я іду ў другі. Падумаеш — розніца! Калі будзе аслом, дык я свабодна даганю яго, нават пераганю. А яшчэ і кажа мне ісці па Зосю, нібы я лёкайчык у яе. Паглядзіш, ці паслухаю я цябе другі раз!.. Слова гонару, што калі яна зноў скажа мне штосьці падобнае, дык я проста... ну, пакладу рукі ў кішэні і адкажу: «Зашмат вы сабе дазваляеце!» А то і лепш яшчэ: «Лёнечка, бачу я, што ветлівасці вы не навучыліся...» Ці так нават: «Лёнечка, калі ты хочаш, каб я з табой гуляў...»
Я адчуваў, што належны адказ не прыходзіць, і гэта мяне яшчэ больш раздражняла. Відаць, я ажно з твару змяніўся, бо старая Вайцехова двойчы ўваходзіла ў пакой, гледзячы на мяне спадылба, і нарэшце спыталася:
— А мае ж вы людачкі, а чаго ж гэта Казя такі маркотны?.. Ці натварыў чаго, ці з панам што-небудзь?..
— Нічога са мной не здарылася.
— Бачу я, якое гэта нічога, ад мяне не схаваешся. Калі ўжо ты вычварыў што якое, дык ідзі лепш адразу да бацькі — прызнайся.
— Ды нічога я не зрабіў. Трохі стаміўся, і ўсё.
— Калі стаміўся, дык адпачні, з'еш чаго-небудзь. Я вось табе хлеба з мёдам.
Яна выйшла і праз хвіліну вярнулася з вялізнай лустай, з якое ажно капаў мёд.
— Ды не буду я есці, адчапіцеся вы!..
— Чаму гэта ты не будзеш? Бяры вось хутчэй, бо мёд па пальцах цячэ. Пад'еш, дык адразу павесялееш. Чалавека заўсёды штосьці бярэ, калі ён галодны, а як пад'есць — адразу галава праветрыцца... Ану, бяры ў руку!
Я павінен быў узяць, са страху, каб яна не закапала мне мёдам валасы або мундзір. Машынальна з'еў тую лусту, і сапраўды палягчэла на сэрцы. Падумалася, што я ўжо з Лёняй як-небудзь спраўлюся і што варта было б таксама пачаставаць беднага Валека, бо калі ён той мёд мог есці, ды, зрэшты, гэтага хлапчука я ўжо любіў.
Па маёй просьбе Вайцехова, бачачы, як памаглі яе лекі, адкроіла яшчэ большую лусту і мёду на яе таксама не пашкадавала. Я асцярожна ўзяў гэты паёк і пайшоў шукаць Валека.
Знайшоў я яго каля кухні. З ім гутарылі, смеючыся, два парабкі, якія толькі што прывезлі з лесу дровы.
— Калі цябе маці яшчэ раз наб'е, — гаварыў адзін, — дык ты вазьмі ды пайдзі ў свет. Пойдзеш?
— Але ж я не ведаю, як гэта — у свет, — адказаў Валек.
— Вазьмі боты на кіёк і абы толькі за лес. Там той свет ужо і пачнецца.
— Але ж у мяне ботаў няма.
— Дык вазьмі толькі кіёк. З кійком і без ботаў зойдзеш...
Убачыўшы мяне, хлопец уцёк у лапухі.
[3] Клеманс фон Меттэрніх (1773-1859) — аўстрыйскі князь, дзяржаўны дзеяч і дыпламат.