— Не дзіравая.
— Дык адкуль жа ў ёй вада?
— Дажджавая.
— Дажджавая?
Гутарка абарвалася. Аднак я ўжо смела глядзеў на Лёню, а яна, як сёння мне гэта бачыцца, не звяртала на мяне ўвагі. Больш таго — яна, не сыходзячы з месца, пачала скакаць цераз вяровачку, у прамежках гутарачы са мной.
— Чаму вы з намі не гуляеце?
— Я заняты.
— А што ж вы робіце?
— Вучуся.
— Дык на вакацыях ніхто ж не вучыцца.
— У нашым класе трэба вучыцца нават на вакацыях.
Лёня скокнула два разы цераз сваю вяровачку і сказала:
— Адась у чацвёртым класе, аднак на святах не вучыўся. Ах, вы ж не ведаеце Адася.
— А хто гэта вам сказаў, што не ведаю? — горда спытаўся я.
— Бо вы былі ў першым, а ён у трэцім...
Зноў два разы пераскочыла... Я думаў, што са мною здарыцца штосьці незвычайнае.
— Са мной сябравалі нават з чацвёртага, — адказаў я з раздражненнем.
— Усё адно, бо Адась вучыцца ў Варшаве, а вы... Дзе вы вучыцеся?.. Дзе?..
— У Седльцах, — ледзь адказаў я прыдушаным голасам.
— А я таксама паеду ў Варшаву, — сказала Лёня і дадала: — Можа, вы скажаце Зосі, што я ўжо тут...
І, не чакаючы, згадзіўся я ці не, пабегла, падскокваючы, у бок альтанкі.
Я быў ашаломлены, у галаве маёй проста не тоўпілася — як гэтае дзяўчо са мною абыходзіцца.
«Ды ну вас з вашымі гульнямі, — падумаў я, па-сапраўднаму ўзлаваны. — Гэтая Лёня няветлівая, нявыхаваная, проста смаркуха!..»
Аднак такое акрэсленне не перашкодзіла мне адразу ж выканаць яе загад. Дахаты пайшоў я вельмі хутка, можа, нават захутка, відаць, ад узбуджанасці.
Зося ўжо брала свой парасончык — выходзіла ў сад.
— Ну, ведаеш, — сказаў я, шпурляючы шапку ў куток, — пазнаёміўся я з тваёй Лёняй.
— І што? — з цікавасцю спыталася сястра.
— Нічога... так сабе! — адказаў я, не гледзячы ў яе вочы.
— Праўда ж, яна такая добрая, такая прыгожая?..
— А мне што да гэтага? Якраз прасіла, каб ты туды ішла.