— Што там ужо?
— Калі я кашляну, дык ты будзеш ведаць, што гэта азначае? — урачыста спыталася яна.
— Разумеецца.
Яна вярнулася ў пакой, але і праз акно яшчэ закрычала:
— Я кашляну! Не забудзься!
Куды ж я мог ісці, як не ў парк, хоць да прызначанага тэрміну было яшчэ добрыя паўтары гадзіны? Я быў такі задуманы, што не ведаю, ці ў той дзень у садзе, заўсёды поўным птушынага гоману, аказалася хоць адна якая птушка. Абышоўшы сад разы са два навокал, я сеў у човен, прывязаны да берага, і, не могучы плысці, хоць пакалыхваўся ў ім з нуды.
Думаў ды планаваў, як гэта аднавіць наша знаёмства з Лёняй. Найлепш, відаць, так. Калі Зося кашляне, я выйду са спушчанай галавой з бакавое сцежкі на галоўную алею. Тады Зося скажа:
«Глядзі, Лёня, гэта мой брат, пан Казімір Ляснеўскі, вучань другога класа, друг таго няшчаснага Юзя, пра якога я табе гаварыла».
Лёня зробіць кніксен, а я, зняўшы шапку, скажу:
«Даўно ўжо я меў намер...» Не, так дрэнна!.. «Даўно ўжо я, пані, хацеў аднавіць...» О не!.. Лепш будзе так: «Даўно ўжо я хацеў засведчыць пані маю пашану».
Тады Лёня спытаецца:
«Ці даўно пан у нашых мясцінах?..» Не, яна скажа не так, а вось як: «Мне прыемна пазнаёміцца з панам, столькі пачуўшы пра вас ад Зосі...» А потым?.. Потым вось так: «Пану тут, мусіць, сумна ў нашай аколіцы?.. Пан прывык да вялікага горада». А я адкажу: «Я сумаваў, пакуль не ведаў, пані, вас...»
У гэты момант пад вадой мігнуўся велікаваты шчупак... Гэтая рэчаіснасць развеяла мары. Тут, у сажалцы, такая рыба, а я — без вуды!..
Я ўсхапіўся з лодкі, каб кінуцца дахаты, пашукаць кручкоў, і ледзь не штурхануў Лёню, якая якраз збіралася скакаць цераз чырвоную вяровачку.
Рыба, кручкі, план урачыстага знаёмства — усё адразу ж перамяшалася ў маёй галаве. Вось табе — шчупак!.. Я нават забыўся пакланіцца Лёні, яшчэ горш — забыўся гаварыць. Але што гэта быў за шчупак!..
Лёня, прыгожанькая шатэнка з выразна акрэсленымі вуснамі, якія штохвілінна мянялі свой абрыс, зірнула на мяне зверху і, адкінуўшы назад пышныя локаны, без усякіх уступаў спыталася:
— Ці гэта праўда, што пан прабіў дзірку ў нашым чоўне?
— Я?..
— Так мне сказаў садоўнік, а цяпер мама не дазваляе нам плаваць, загадала човен прывязаць да берага, а вёслы пахаваць.
— Але, дальбог жа, я не прабіваў ніякай дзіркі! — апраўдваўся я, як перад інспектарам.
— Ці толькі праўда гэта? — спыталася Лёня, быстра гледзячы мне ў вочы. — Бо такое на пана вельмі падобна...
Тон паненкі не спадабаўся мне. Чорт вазьмі! — найдужэйшы хлопец з нашага класа не пасмеў бы так гаварыць са мною.
— Калі я гавару, што не, дык гэта ўжо напэўна не! — сказаў я, моцна націскаючы на адпаведныя словы.
— Ну, дык тады садоўнік зманіў, — сказала Лёня, сцяўшы бровы.
— Добра зрабіў, — адказаў я, — бо паненкі не ўмеюць плаваць у чоўне.
— А пан умее?
— Я ўмею і ў чоўне, і рукамі, і на спіне, і стоячы.
— А пан нас будзе вазіць?
— Калі ваша мама дазволіць, дык буду.
— Тады паглядзіце, ці лодка і сапраўды не дзіравая.