— Ну, Валек, — гаварыў каторы, — пацалуй Бурка ў хвост, дык дамо табе клёцак.
Хлопец дакладна выконваў загад, за што глытаў вялікія клёцкі, нават не жуючы іх.
— Ну, а цяпер дай маме па лабаціне, дык малака дамо...
— А каб вам рукі павыкручвала! — крычала пасудніца, а хлопец уцякаў за сваю ражку.
Часамі ён, задыханы, перапалоханы, ляцеў на двор і хаваўся ў густых кустах насупраць палаца. А калі абсыхалі слёзы — бачыў на ганку прыгожы столік, каля яго два крэселцы, а на іх Лёню і маю сястру, якіх пакаёўка абвязвала сурвэткамі, Салюся налівала ім суп, а пані графіня гаварыла:
— Дзьмухайце, дзеці, не паапякайцеся, не пааблівайцеся... А мо не соладка?..
Як толькі парабкі выходзілі на працу і ў кухні нікога не заставалася, пасудніца выходзіла на двор і гукала:
— Валек!.. Валек!.. Хадзі сюды!..
Хлопец па голасу пазнаваў, што можна больш не хавацца, і бег у кухню. Там яму маці давала лусту хлеба, драўляную лыжку і трохі баршча ў вялізнай глінянай місе, з якое ела шэсць чалавек. Ён сядзеў на падлозе, маці ставіла місу яму паміж ног і, паправіўшы на спіне кашулю, казала:
— А калі ты яшчэ раз пацалуеш сабачы хвост, дык я табе ўсе рэбры пералічу. Запомні!
І сама ішла мыць посуд.
Тут, нібы з-пад зямлі, вылазіў аднекуль дваровы сабака, садзіўся насупраць хлапчука. Спачатку клацаў зубамі на мухаў, пазяхаў, аблізваўся. Потым панюхаў той боршч раз і другі раз і асцярожна ткнуўся туды языком. А Валек — бац яму лыжкай па лбе! Сабака назад, зноў пазяхнуў і — зноў хлебтануў разоў колькі, на гэты раз смялей. Пасля ўжо малы мог яму, колькі хочаш, тропаць лыжкай па галаве, — сабаку, які сама заахвоціўся, ні за што не адцягнеш ад місы. Але і Валек уцяміў, што тут як каму пашанцуе, і чэрпаў, ажно задыхаўся, з аднаго берага, а сабака хлябтаў з другога.
Калі маці бывала ў добрым настроі, а Валек — пад рукой, тады яму перападала смачнага і з панскага стала.
— На вось, лізні і ты, — казала пасудніца, даючы яму крошкі пірожнага, вымазаную соўсам талерку, галаву якой-небудзь рыбіны, недагрызенае крылейка ці шклянку, на дне якой заставалася трохі кавы і распушчанага цукру. Калі ўжо ён высмакча ўсё са шклянкі або выліжа талерку, маці пытаецца:
— Ну, смачна?..
Валек браўся пад бакі, як парабкі рабілі гэта, пасля абеду, глыбока ўздыхаў і, ссунуўшы набакір стары капялюш, адказваў:
— Чалавек, дзякуй богу, падмацаваўся!.. Можна цяпер і на працу...
Выходзіў з кухні і прападаў на цэлага паўдня.
У сваіх гульнях ён пераймаў работу старэйшых. Калі было ворыва, ён даставаў з-за карыта пужку, вымаў з частаколу кіёк ці знаходзіў якую-небудзь карагу і пачынаў араць, — цэлымі гадзінамі ківаючыся на адным месцы і падганяючы сваіх валоў.
Калі лавілі рыбу і ён знаходзіў у смецці дзіравае сітка, з нястомнай цярплівасцю раз-поразу чэрпаў, плёхаўся ім у вадзе. А то садзіўся верхам на кійку і ехаў да калодзежа, паіць коней. Знайшоўшы каля аўчарні старыя паласяныя лапці, кідаў іх у ваду і нібы плаваў разам з чоўнам — разумеецца, толькі ў думках.
Словам — гуляў ён выдатна, толькі што не смяяўся ніколі. Да яго дзіцячага твару нібы назаўсёды прыліп выраз непарушнай сур'ёзнасці, якую часамі падмяняў толькі страх. У вялікіх вачах застыла вечнае здзіўленне, як у людзей, што доўгія гады глядзелі на штосьці зусім незвычайнае.
Валек умеў спрытна ўцякаць з дому на цэлыя дні. І ніхто з парабкаў не здзіўляўся, калі яго раніцой знаходзілі недзе ў стозе ці ў лесе пад дрэвам. Мог ён таксама стаць у чыстаполіцы, нібы шэры слупок, і, раскрыўшы рот, углядацца немаведама куды. Аднойчы я падпільнаваў яго на такім стаянні, а таму, што блізка было, дык і пачуў, як ён уздыхнуў. Не ведаю, чаму той уздых малое постаці вельмі ўразіў мяне. Я адчуў нейкую крыўду, невядома на каго, і я палюбіў тады Валека. Аднак, як толькі я крыху смялей хацеў падысці да яго, хлопец спахапіўся і шмыгануў у кусты.
У галаве маёй з'явілася асаблівая думка: бог, які ўвесь час глядзіць на такое дзіця, павінен мець сумную душу. Зразумеў я таксама, чаму ён на святых абразах заўсёды такі сур'ёзны і чаму ў касцёле трэба ціха размаўляць і хадзіць на пальчыках.
Такі вось несамавіты чалавечак быў прычынай таго, што я вырашыў больш не хавацца за парканам, а ісці ў парк, і паведаміў Зосі, што з гэтага часу буду гуляць з ёю і з Лёняй.
Сястра, вядома, была ад гэтага ў захапленні.
— Дык ты будзь у парку, — сказала яна, — калі мы выйдзем на праходку. Павітайся і з гувернанткай, якая заўсёды чытае кнігі ў альтанцы. Але не гавары з ёю доўга, бо яна не любіць, каб ёй перашкаджалі. А потым паглядзіш, як нам будзе весела!
У той самы дзень, калі абедалі, яна сказала мне з таямнічым выглядам:
— Прыходзь у тры гадзіны. Я ўжо сказала Лёні, што ты будзеш. Калі мы выйдзем з палаца, я закашляю...
Сястра пачала штосьці рабіць, а я, вядома, выйшаў, бо не любіў перашкаджаць у пакоі. Я ўжо быў на двары, калі за мной выбегла Зося.
— Казя! Казя!..