Мне здалося, што афарызм гэты будзе вельмі мудры. Але адразу, як толькі дагаварыў яго, адчуў у ім штосьці нясмачнае. Стала шкада сястры і сорамна... Не кажучы больш нічога, я пацалаваў Зосю ў адну і ў другую шчаку і пайшоў у лес.
Божа, які я быў няшчасны ў той дзень!.. А гэта ж быў толькі пачатак маіх пакут.
Не хачу нічога ўтойваць. Усю ноч мне снілася Лёня, і з гэтага часу замест беднага гарбунка яна з'яўлялася ў маіх марах. Мне здавалася, што толькі яна магла б быць другам, які мне так даўно патрэбен. У думках я гаварыў з ёю так многа і так хораша, як пішацца ў раманах, а быў я такі ветлівы, як нейкі маркграф. А ў сапраўднасці мяне не хапала нават на тое, каб пайсці ў парк, калі там гулялі дзяўчаты, толькі з-за плота я прыслуховаўся да іх вясёлага смеху, што час ад часу перамяжаўся заўвагамі гувернанткі.
Добра памятаю тое месца, дзе выкідалі смецце з палаца, дзе раслі высокая крапіва і лапухі. Я доўга выстойваў там, каб пачуць некалькі невыразных фразаў, тупат чаравічкаў на сцежцы, каб убачыць мільганне сукенкі, калі мая Лёня скакала цераз вяровачку.
Праз момант усё ў парку змаўкала, і тады я адчуваў сонечную спякоту, чуў бясконцае гудзенне мухаў над сметнікам. Пасля зноў чуўся смех і тупат, праз шчыліну ў паркане бачыў я мільганне сукенак, а потым зноў заставаліся пошум дрэў, цвірканне птушак і назолы-мухі, што лезлі ледзь не ў рот.
Раптам з боку палаца пачуўся голас:
— Лёня!.. Зося!.. Ідзіце сюды!..
Гэта — гувернантка. Узненавідзеў бы я яе, калі б не ведаў, што ёй таксама сумна.
Аднойчы, набліжаючыся да паркана, я заўважыў, што тут яшчэ хтосьці ёсць. З узгорачка ўбачыў я ў лапухах шэры ад старасці саламяны капялюш, з якога вытыркалася бялявая чупрына, бо капялюш быў без дна.
Калі я ступіў некалькі крокаў у той бок, чупрына і капялюш узняліся над лопухам і паказаўся сямі-васьмігадовы хлапчук у доўгай бруднай кашулі, на шыі сцягнутай шнурком. Я загаварыў з ім, але хлапчук усхапіўся і ўцёк, з заечай хуткасцю, у поле. Чырвоны каўнер майго мундзіра і пасрабраныя гузікі наогул рабілі вялікае ўражанне на вясковых дзяцей.
Я памалу падаўся да сядзібы, а хлопец — адпаведна да паркана. Калі я схаваўся за будынкам, ён узлез на сметнік і ўтаропіўся ў тую самую шчыліну, праз якую і я глядзеў у сад. Не думаю, што ён там нешта бачыў, аднак усё цікаваў.
На другі дзень, калі я прыйшоў на свой пост, каб назіраць за гульнёю паненак, зноў заўважыў у лапухах шэры капялюш, над ім бялявую чупрыну, а пад абарваным полем — вочы, што ўтаропіліся ў мяне. Сонца здорава прыпякала, хлопец сарваў цішком вялікі ліст лопуху, накрыўшыся ім, як парасонам. Тады ўжо я не бачыў больш ні яго капелюша, ні валасоў, толькі шэрую кашулю, крыху расхрыстаную на грудзях.
Калі я пайшоў, хлопец зноў узбег на сметнік і зноў, як учора, пачаў цікаваць цераз шчыліну, відаць, думаючы, што я хоць на гэты раз не выглядзеў з парку ўсяго цікавага, што там было.
І тут я зразумеў, наколькі смешныя мае паводзіны. Здорава выглядала б гэта, калі б мой бацька ці пан вінакур, а то і сама Лёня ўбачыла, што я, вучань другога класа, у мундзіры, стаю каля паркана на сметніку, на змену з нейкім кандыдатам на пастуха, які невядома ці надзяваў калі-небудзь вымытую кашулю.
Сорамна стала. Няўжо ж я не маю права яўна заходзіць у сад, не туляючыся па закутках, як гэты, у парваным капелюшы?..
Сметнік і шчыліна ў паркане абрыдзелі мне, але адначасна стала цікава: хто ж ён, гэты хлапчук? Яго аднагодкі пасуць ужо гусей, а ён марнуе найпрыгажэйшую маладосць, аціраючыся па задворках, вывіжоўвае чужыя справы, а калі ў яго пытаюцца, дык не адказвае як след прыстойна, а ўцякае ад чужака, як трусік.
«Пачакай ты, — падумаў я, — мяне ты тут болей не ўбачыш, а вось цябе я выследжу, што ты за перац».
Я памятаў, што ў раманах, побач з героямі і гераінямі, бываюць такія загадкавыя незнаёмыя, якіх трэба асцерагацца і своечасова высякаць пад корань іх інтрыгі.
Дні за два, нікога не пытаючыся, я ўжо ведаў усё пра таямнічага чужака. Гэта не быў інтрыган. Гэта быў Валек, сын дваровай пасудніцы, якога ўсе ведалі, але ніхто ім не займаўся. Таму ў хлопца і было шмат свабоднага часу, якім ён, пра што ведаў і я, карыстаўся не вельмі прыемным для іншых чынам.
У Валека ніколі не было бацькі, за што ўсе дакучалі яго маці, жанчыне трошкі загарачай. На кепікі дваровых пасудніца адказвала крыкам і лаянкай, а таму што гэтага ёй, відаць, не хапала — рэшту злосці зганяла на Валеку.
Хлопец яшчэ поўзаў на чатырох, у кашульцы, вузлам завязанай на спіне (эфект такі, як быццам яе і зусім не было), а яго ўжо называлі знайдышам.
— Ты яго, можа, знайшоў? — пыталася тады маці, і пачынаўся крык: — А каб вас бог пакараў, каб вас!.. А каб вам рукі і ногі!.. А каб ты згінуў, шалудзька!..
Апошняе пажаданне датычылася Валека, якога яна тут жа кешкала нагой ніжэй таго вузла на кашулі. Малец, пакуль яшчэ быў дурны, адказваў на такі пачастунак горкім плачам. А ўжо калі набраўся розуму, што наступіла вельмі хутка, тады маўчаў, зашыўшыся пад тапчан, за вялікую ражку, з якое кормяць свіней. Відаць, баяўся, каб не ашпарылі варам, што ўжо аднойчы здарылася.
Бывала і так, што Валек праседжваў пад тапчаном цэлымі гадзінамі, пакуль дваровыя не сыходзіліся на абед ці на вячэру. Часамі, бачачы тую дзіцячую галаву, што вытыркнулася з-пад тапчана, і тыя вочы, поўныя слёз ад нядаўняе крыўды, што цікавалі, як гэта людзі клёцкі ядуць, парабкі пыталіся ў маці:
— А таму, што ў капусце знайшлі, не дасцё?
— А каб ён ужо нечага разам з табою здох! — агрызалася жанчына, і хоць як раз хацела накарміць малога, цяпер не давала яму.
— Нельга ж так, каб хлопец, хоць ён і знайдыш, з голаду здыхаў, — дакаралі яе жанчыны.
— Якраз вось і здохне, на злосць вам, калі ўжо вы такія добранькія!..
А таму, што яна сядзела задам да тапчана, на бітоне, Валеку пападала яе пятою ў зубы.
Тады парабкі, на злосць матцы, даставалі малога са схованкі і пачыналі карміць.