— А што здарылася, тата? — спытаўся я, як чалавек дарослы, ажно спалохаўшыся свае смеласці.
Бацька неспадзявана адказаў нязлосна, з прыкметнай горыччу:
— Ёй ужо не патрэбен стары ўпаўнаважаны. Неўзабаве тут будзе новы пан, а ён і сам справіцца...
Ён раптам змоўк і, адвярнуўшыся, мармытнуў праз зубы:
— Праіграць у карты маёнтак...
Я пачаў здагадвацца, што, пакуль мяне не было, тут адбыліся вялікія змены. Само сабой, павітацца з памешчыцай я пайшоў. Прыняла яна мяне ласкава, а я заўважыў, што яе сумныя вочы сёння глядзяць зусім весела.
Вяртаючыся з палаца, я сустрэў на двары бацьку і сказаў яму, што пані графіня такая вясёлая, як ніколі раней. Круціцца, пляскае ў ладкі, зусім як яе пакаёўкі.
— Хэ! Кожная баба перад вяселлем у добрым гуморы, — сказаў бацька, нібыта сам сабе.
А тут да палаца пад'ехала лёгкая брычка, з яе саскочыў высокі мужчына з чорнай барадой і агністымі вачыма. Пані графіня, здаецца, выбегла на ганак, бо я заўважыў, што яна праз дзверы працягнула да барадача абедзве рукі.
Бацька ішоў перада мною, ціха смяяўся і мармытаў:
— Во, во!.. Усе бабы павар'яцелі!.. Пані ўздыхае па элеганце, а гувернантка па пісары... Для Салюсі застаўся я або ксёндз-пробашч... Во, во!..
Мне ішоў дванаццаты год, і я ўжо многа чуў пра каханне. Той сябар, што галіў вусы і тры гады сядзеў у першым класе, часта гаварыў нам пра свае пачуцці да адной паненкі, якую ён разы два на дзень сустракаў на вуліцы або бачыў праз фортачку. Зрэшты, я і сам чытаў некалькі цудоўных раманаў і добра памятаю, колькі пакут каштавалі мне іх героі.
Па гэтай прычыне бацькава недагаворванне зрабіла на мяне прыкрае ўражанне. Я адчуў сімпатыю да нашай пані, нават да гувернанткі, а да барадача і пісара — амаль варожасць. Ніколі б я гэтага ўголас не сказаў (нават выразна падумаць не смеў бы), аднак мне здавалася, што і наша пані, і гувернантка зрабілі б куды больш адпаведна, калі б уздыхалі па мне.
За некалькі наступных дзён я абабег вёску, парк, канюшні, ездзіў конна, плаваў у чоўне, але ж неўзабаве пачаў адчуваць, што мне сумна. Праўда, бацька ўсё часцей гутарыў са мной, як з дарослым чалавекам, пан вінакур запрашаў мяне на старку, а пісар навязваўся з сяброўствам, нават абяцаў расказаць пра пакуты з-за гувернанткі, аднак гэта мяне не цікавіла. І старку пана вінакура, і сакрэты пісара я аддаў бы за аднаго добрага сябра. Але, перабіраючы ў думках тых, з кім я закончыў першы клас, прыходзіў да пераканання, што ніводзін з іх не падышоў бы да майго цяперашняга настрою.
Часамі з глыбіняў мае душы выплываў сумны цень нябожчыка Юзя і расказваў мне рэчы невядомыя, і голас яго быў цішэйшы за подыхі летняга ветру. Тады мяне ахутвала расчуленасць і я тужыў, сам не ведаючы па чым... Калі я аднойчы, пад уплывам такіх адчуванняў, валачыўся па зарослых травой паркавых сцежках, дарогу мне перабегла сястра Зося і спыталася:
— Чаму ты з намі не гуляеш?
Мне зрабілася горача:
— З кім?
— Са мной і з Лёняй?
Застанецца вечнай загадкай, чаму ў той момант імя Лёні спалучылася ў мяне з прывідам Юзя і чаму я зачырванеўся так, што твар ажно пякло і на лбе выступіў пот.
— Ты што? Не хочаш з намі гуляць? — здзіўлена пыталася сястра. — На вялікдзень быў тут адзін вучань трэцяга класа і зусім не задаваўся, як ты. Цэлымі днямі з намі хадзіў.
І зноў я без прычыны адчуў нянавісць да таго трэцякласніка, якога ніколі не бачыў. І хоць не адчуваў я аніякай крыўды на Зосю, амаль што гыркнуў ёй:
— Не ведаю я твае Лёні.
— Як гэта — не ведаеш? Няўжо ты не памятаеш, як з-за яе цябе набіла тая гувернантка? Няўжо забыўся, як Лёня плакала і прасіла, каб табе не зрабілі нічога дрэннага, калі згарэў той... хлявок?..
Вядома ж, я памятаў усё, а найлепш самую Лёню; трэба, аднак, прызнацца, што Зосіна памятлівасць узлавала мяне. Мне здалося неадпаведным годнасці майго мундзіра тое, што вясковыя людзі, асабліва дзяўчаты-падлеткі, маюць такую добрую памяць.
Пад уплывам такіх пачуццяў я хамавата адказаў:
— Адчапіся ты... са сваёю Лёняй!..
І падаўся ў глыбіню парку, аднолькава нездаволены і недарэчнымі ўспамінамі сястры, і тым, што я не гуляю з дзяўчатамі. Зрэшты, і сам не ведаю, чаго я хацеў, але быў такі злосны, што калі мы дома сустрэліся з Зосяй, не хацелася з ёю гаварыць.
Засмучаная сястра старалася не пападацца мне на вочы, але тады я шукаў яе, адчуваючы, што мне чагосьці не хапае, што пытанне сумеснай гульні я вырашыў зусім фальшыва. Каб выправіць становішча, калі засмучаная Зося села цыраваць, я схапіў кнігу, якая трапілася пад руку, пагартаў яе трохі і кінуў на стол, як быццам сам сабе сказаўшы:
— Усе дзяўчаты дурныя!..