Я выйшаў — за дзвярыма стаяў бацька нябожчыка Юзя. Твар яго быў бледна-фіялетавы, а нос шэры, як попел. Ён быў зусім цвярозы, толькі дрыжалі галава і рукі.
Чалавек гэты ўзяў мяне пад падбародак і доўга ўглядаўся ў вочы, а потым раптам сказаў:
— Ты абараніў Юзя, калі з яго ў класе здзекаваліся?..
«Звар'яцеў гэты стары, ці што?» — падумаў я, але нічога не адказаў.
Ён абняў мяне аберуч за шыю і некалькі разоў пацалаваў у галаву.
— Хай цябе бог блаславіць! — шапнуў. — Хай цябе бог!..
Пусціў маю галаву і зноў спытаўся:
— Ты быў пры яго смерці?.. Скажы мне праўду, ён вельмі пакутаваў?..
Ды тут ён раптам адступіўся і хутка сказаў:
— Ці не... нічога ты мне не кажы!.. О, ніхто не ведае, які я няшчасны!..
З вачэй яго пацяклі слёзы. Схапіўся аберуч за галаву, павярнуўся ад мяне і пабег да лесвіцы, крычучы:
— Бедны я!.. Бедны!.. Бедны!..
Ён так моцна крычаў, што на калідор павыходзілі настаўнікі. Паглядзелі ўслед яму, паківалі галовамі і загадалі мне вярнуцца ў клас.
Пад вечар нейкі пасыльны прынёс мне дахаты велікаваты куфэрак і лісток, дзе было напісана:
«Ад беднага Юзя — на памяць».
У куфэрку было многа цудоўных кніжак, што засталіся пасля нябожчыка Юзя, а сярод іх: «Кніга свету», «Гісторыя Цэзара» Канцю, «Дон-Кіхот», «Дрэздэнская галерэя» і шмат іншых. Кнігі гэтыя разбудзілі ва мне вялікае жаданне чытаць сур'ёзныя рэчы.
Добра ўжо развяснілася, калі я выбраўся першы раз наведаць Юзеву магілу. Яна была маленькая і гарбатая, як ён сам. Нехта абсадзіў яе зялёнымі галінкамі. Крокаў са тры далей у траве я знайшоў некалькі бутэлек з надпісам: «Ром-Ямайка». Я праседзеў з гадзіну, але не сказаў Юзю, што нам задалі, бо і сам не ведаў, а ён не спытаўся.
Праз тыдзень я зноў прыйшоў на могілкі. Зноў убачыў галінкі, толькі што паўтыканыя ў магілу, а ў траве — зноў знайшоў некалькі цэлых і пабітых бутэлек.
У пачатку мая па горадзе разышлася незвычайная вестка. Раніцай каля Юзевай магілы знайшлі труп яго бацькі. Побач з ім ляжала на палавіну апарожненая бутэлька з надпісам: «Ром-Ямайка».
Дактары сказалі, што чалавек памёр ад анеўрызму.
Здарэнні гэтыя падзейнічалі на мяне па-асабліваму. З таго часу мне было цяжка сярод сяброў, напрыкралі іх шумныя забавы. Я паглыбляўся ў чытанне кніг, што засталіся пасля Юзя, або цішком уцякаў за горад, у зарослыя кустамі яры, і, валочачыся там, разважаў богведама пра што. Часта ўзнікала пытанне, чаму так марна загінуў Юзя і чаму бацька яго быў такі самотны, што так гарнуўся да сынавай магілы. Я адчуваў, што найбольшае няшчасце — акінутасць, і зразумеў, чаму бедны гарбунок шукаў сябра.
Мне таксама патрэбен быў сябар. Але ў класе чамусьці ніхто не падабаўся мне. Я прыгадаў сястру. Не!.. Сястра не заменіць друга.
Аднакласнікі гаварылі пра мяне, што я адзічэў, а гаспадар нашай кватэры ўжо зусім не сумняваўся, што я буду вялікім злачынцам.
На ўрачыстым заканчэнні школьнага года інспектар паведаміў усяму свету, што я перайшоў у другі клас. Здарэнне гэтае напоўніла маю душу радасным здзіўленнем. Раптам пачало здавацца, што хоць наша школа і мае яшчэ наступныя класы, ніводзін з іх не такі дасканалы, як другі. Я пераконваў сяброў, што вучні астатніх класаў, ад трэцяга да сёмага ўключна, паўтараюць толькі тое, што засвоілі ў другім, а ў душы пабойваўся, каб настаўнікі не спахапіліся пасля вакацыяў, што пераведзены я памылкова, і не вярнулі мяне ў першы клас.
Аднак на наступны дзень я ў пэўнай меры асвоіўся са сваім шчасцем, а калі ўжо ехаў дахаты на вакацыі, то ўсю дарогу пераконваў возчыка, што ў нашым класе адзін я пераведзены ў другі заслужана, з найлепшымі адзнакамі. Я прыводзіў яму такія неабвержныя доказы, што ён пачаў пазяхаць. Тады я змоўк і спалохана ўпэўніўся, што вельмі сумняваюся і сам.
Назаўтра, пад'язджаючы да нашага дома, я ў дарозе яшчэ сустрэў сястру Зосю, што выбегла насустрач мне. Я адразу паведаміў, што ўжо другакласнік і што мой сябар Юзя памёр, бо на яго наехалі. А яна сказала, што сумавала па мне, што ў яе курыцы дзесяць куранят, што да пані графіні па два разы на тыдзень прыязджае з візітам нейкі пан, што ў іх гувернантка, закаханая ў пісара, і што нябожчык Юзя яе — значыцца, Зосю — не цікавіць, бо ён жа быў гарбаты. Хоць, вядома, і шкада яго.
Гаворачы гэта, яна старалася выглядаць дарослай паннай.
Бацьку я ўбачыў апоўдні. Ён павітаўся са мной вельмі цёпла і сказаў, што дасць мне на вакацыі каня і дазволіць страляць з вялікага пісталета. А потым дадаў:
— Ідзі цяпер у палац і павітайся з паняй графіняй. Зрэшты...
Тут ён махнуў рукой.