— Гэта татка? — спытаўся гарбунок.
— Я, сынок! — адказаў той нехта ахрыплым голасам. — Як маешся? Напэўна ж лепей!.. Так і павінна быць!.. Не апускай вушэй, сынок!..
— Татка... цёмна ў нас... — сказаў Юзя.
— Лухта гэта!.. А тут хто? — спытаўся ён, наткнуўшыся на мяне.
Прыйшлося аказацца:
— Гэта я...
— Ага, Лукашыха? Добра!.. Пераначуй сёння ў нас, а заўтра я табе пакажу... Я губернатар!.. Ром-ямайка!..
— Добрай ночы, татка!.. Добрай ночы!.. — шаптаў Юзя.
— Добрай ночы, дзіця маё, добрай ночы!.. — сказаў той і, схіліўшыся над ложкам, пацалаваў... мяне ў галаву.
Я адчуў, што пад пахай у яго была бутэлька.
— Выспіся, — сказаў ён, — а заўтра марш у школу!.. Раз-два, раз-два — марш!.. Ром-ямайка!.. — гаркнуў і падаўся ў суседні пакойчык.
Там цяжка сеў, відаць, на куфры, грукнуўся галавой аб сцяну, а праз момант пачулася раўнамернае булькатанне, як быццам хтосьці піў.
— Казя, — шапнуў гарбунок, — калі я ўжо буду там... прыйдзі хоць раз да мяне. Скажаш, што нам задалі...
У другім пакоі пачуўся крык:
— За здароўе пана губернатара!.. Віват!.. Я губернатар!.. Ром-ямайка!..
Юзя пачаў трасціся і гаварыць усё больш неспакойна:
— Так мяне ломіць!.. Ты, Казя, сеў на мяне?.. Казя!.. Ой, не трэба ўжо біць мяне!..
— Ром!.. Ром-ямайка! — чулася з суседняга пакоя. Зноў штосьці забулькатала, а потым бутэлька бразнулася аб падлогу.
Юзя прыцягнуў маю руку да вуснаў, схапіў зубамі за пальцы і — раптам пусціў. Ужо не дыхаў.
— Пане! — гукнуў я. — Пане, Юзя памёр!..
— Што ты там плявузгаеш? — мармытнуў ён адтуль.
Я ўсхапіўся з ложка і стаў у дзвярах, гледзячы ў цемру.
— Юзя памёр! — паўтарыў я, увесь калоцячыся.
Чалавек тузануўся на куфры і закрычаў:
— Пайшоў прэч адгэтуль, блазен!.. Я, яго бацька, лепш ведаю, памёр ён ці не!.. Віват губернатару!.. Ром-ямайка!..
Ахоплены жахам, я ўцёк.
Праз усю ноч я не мог заснуць, мяне калаціла, мучылі нейкія кашмары. Уранні мяне агледзеў гаспадар нашай кватэры, сказаў, што высокая тэмпература, што, напэўна, я заразіўся ад Юзя, і загадаў паставіць мне на паясніцы дваццаць крывасосных банек. Пасля яго лекаў наступіў, як сказаў гаспадар, такі крызіс, што я цэлы тыдзень ляжаў у ложку.
Я не быў на пахаванні Юзя, якога праводзіў увесь наш клас з настаўнікамі і ксяндзом. Мне расказалі, што ў яго была чорная труна, абабітая аксамітам, маленькая, як футарал для скрыпкі.
Бацька яго страшэнна плакаў, а на могілках схапіў труну і хацеў з ёю ўцякаць. Аднак, нягледзячы на гэта, Юзя пахавалі, а бацьку яго паліцыя вывела з могілак.
Калі я першы раз прыйшоў у школу, мне сказалі, што нехта ўсё дапытваецца пра мяне. І сапраўды, у адзінаццаць гадзін мяне выклікалі.