Я пачаў смяяцца і сказаў:
— Калі ўжо ты такі разумны, дык скажы: чым вярба падобная да каровы?
Хлопец задумаўся і паволі пачаў:
— Бачыш... карова расце, і вярба таксама расце...
— А далей што?
— Бачыш... карова корміцца, і вярба корміцца сокамі з зямлі...
— А далей што?
— Карова жаночага роду, ну, і вярба таксама жаночага.
— Але ж карова махае хвастом! — сказаў я.
— А вярба махае галінамі! — адказаў ён.
Такая сума доказаў падарвала маю веру ў наяўнасць розніцы паміж жывёламі і раслінамі. Сам гэты погляд спадабаўся мне, і з таго часу я пачаў любіць заалогію, выкладзеную ў падручніку Пісулеўскага. Дзякуючы вывадам гарбунка па гэтым прадмеце ў мяне пачалі з'яўляцца пяцёркі.
Аднойчы Юзя не прыйшоў у школу, а назаўтра перад абедам мне сказалі, што мяне нехта кліча. Я выбег на калідор трохі ўстрывожаны, як звычайна ў такіх выпадках, але замест інспектара ўбачыў дзябёлага мужчыну з барвовым тварам, фіялетавым носам і чырвонымі вачыма.
— Гэта ты, хлопча, Ляснеўскі?
— Я.
Ён пераступіў з нагі на нагу, нібы пахіснуўшыся, і сказаў:
— Зайдзі ты да майго сына Юзя, ну, да гарбатага, ведаеш? Ён хворы, яго надоечы трохі пераехалі...
Ён зноў пахіснуўся, неяк дзіка зірнуў на мяне і пайшоў, гучна тупаючы па падлозе. Мяне — як варам аблілі. Здавалася, што лепш бы ўжо мяне пераехалі, а не беднага гарбунка — такога добрага і кволага...
На вялікім перапынку я не пайшоў дахаты абедаць, а пабег да Юзя.
Яны з бацькам жылі на ўскраіне горада ў двух пакоіках аднапавярховага дома. Увайшоўшы, я застаў гарбунка на кароткім ложку. Юзя быў адзін, зусім адзін. Цяжка дыхаў і дрыжаў ад холаду, бо печ не напалена. Зрэнкі яго так расшырыліся, што вочы былі амаль чорныя. У пакоі — сыравата, са столі ападалі кроплі з адліжнага снегу.
Схіліўшыся над ложкам, я спытаўся:
— Што з табой, Юзя?
Ён ажывіўся, раскрыў рот, нібы ва ўсмешцы, аднак — толькі застагнаў. Узяў мяне за руку высахлымі ручанятамі і пачаў гаварыць:
— Я, відаць, памру... Але баюся так вось... адзін... І таму я папрасіў, каб ты прыйшоў... Гэта... ведаеш... нядоўга, а мне будзе трохі весялей...
Яшчэ ніколі я не бачыў Юзя такім, як сёння. Здавалася, што з калекі вырастае волат.
Ён пачаў глуха енчыць і кашляць, ажно на вуснах выступіла ружовая пена. Потым заплюшчыў вочы і цяжка дыхаў, а часам і не дыхаў зусім. Калі б я не адчуваў поціску яго гарачых ручанят, дык і падумаў бы, што ён памёр.
Так мы сядзелі гадзіну, дзве, тры — моўчкі. Я амаль страціў уладу над сваімі думкамі. Юзя адказваў рэдка і з вялікім намаганнем. Ён сказаў, што на яго наехаў ззаду нейкі воз, што вельмі забалела ў паясніцы, але цяпер ужо не баліць, што бацька ўчора прагнаў служанку, а сёння пайшоў шукаць іншую...
Пасля, не адпускаючы маёй рукі, ён папрасіў, каб я памаліўся. Калі ж я зрабіў гэта і пачаў песню-малітву «Як толькі ўстане ранішняя зара», Юзя перапыніў мяне:
— Не гэтую... Лепш «Усе нашы дзённыя справы»... Бо я ўжо заўтра, відаць, не прачнуся...
Сонца зайшло, насунулася нейкая шэрая ноч, бо за хмарамі свяціў месяц. У кватэры не было свечкі, зрэшты, я і не думаў запальваць яе. Юзя быў усё больш ды больш неспакойны, трызніў і толькі час ад часу прытомнеў.
Позна было ўжо, калі ад вуліцы моцна грукнула брамка. Нехта прайшоў па двары і, свішчучы, адчыніў дзверы нашага пакоя.