— У цябе ўжо ёсць друг?
— А навошта ён мне?
— Бачыш, калі б ты захацеў, дык я мог бы стаць тваім другам.
Я паглядзеў на яго зверху. Ён яшчэ больш разгубіўся і зноў спытаўся тонкім, прыглушаным галаском:
— Чаму ты не хочаш, каб я быў тваім другам?
— А навошта мне такі салапяка, як ты!..
Носік яго пасінеў больш, чым заўсёды. Юзя хацеў ужо адысціся, але звярнуўся да мяне яшчэ раз:
— Дык, можа, хочаш, каб я з табою сядзеў?.. Бачыш, я слухаю, калі новае задаюць, я мог бы рабіць за цябе прыклады... Я ўмею добра падказваць...
Гэтая аргументацыя здалася мне сур'ёзнай. Падумаўшы трохі, я прыняў гарбунка за сваю парту, а мой сусед згадзіўся, за пяць булак, уступіць яму сваё месца.
Пасля абеду Юзя перабраўся да мяне. Гэта быў мой найшчырэйшы памочнік, сябар і паклоннік. Ён вышукваў словы і рабіў пераклады, запісваў, што задаецца, насіў чарніліцу, пёры і алоўкі для нас абодвух. А як ён падказваў!.. За час вучобы ў школе многія мне падказвалі, некаторых нават ставілі за гэта на калені, аднак кожнаму з іх было вельмі далёка да Юзя. У падказванні гарбунок быў мастаком, умеў гаварыць са сціснутымі зубамі ды з такім жа пры гэтым нявінным выразам твару, што ніводзін з настаўнікаў нават і не падазраваў...
Кожны раз, калі я трапляў у карцэр, гарбунок крадком прыносіў мне хлеб і мяса са свайго абеду. Калі ж са мной здаралася нейкая большая непрыемнасць, ён са слязамі на вачах запэўняў сяброў у тым, што я ў крыўду не дамся.
— Ого! — гаварыў ён. — Казя дужы. Ён як схопіць таго дзядзьку за плечы, як гваздане яго аб зямлю, ого! Не бойцеся!..
І сапраўды, сябры мае не баяліся, толькі ён, бедалага, баяўся за нас абодвух.
Калі гарбунку на якім-небудзь уроку не трэба было быць уважлівым, ён гаварыў мне кампліменты:
— Божа мой! Каб гэта ж я быў такі дужы, як ты!.. Божа мой! Каб я быў такі здольны... Ведаеш, калі б ты толькі захацеў, дык і за месяц стаў бы першым вучнем...
Аднойчы, зусім нечакана, настаўнік нямецкай мовы выклікаў мяне да стала. Перапалоханы Юзя толькі паспеў падказаць мне, што да чацвёртага скланення адносяцца ўсе назоўнікі жаночага роду, напрыклад: die Frau — пані...
Я рвануўся з-за парты, выйшаў, стаў і з вялікай упэўненасцю паведаміў настаўніку, што да чацвёртага скланення адносяцца ўсе назоўнікі жаночага роду, напрыклад: die Frau — пані... Але на гэтым мае веды скончыліся.
Настаўнік зірнуў мне ў вочы, паківаў галавой і загадаў перакладаць. Я прачытаў па-нямецку гладка і гучна раз, потым яшчэ гладчэй — другі раз, аднак, калі пачаў і трэці раз чытаць тое самае, настаўнік сказаў мне ісці на месца.
Вяртаючыся да парты, я заўважыў, што Юзя вельмі ўважліва прыглядаецца да настаўнікавага алоўка — з выглядам вельмі разгубленым. Я машынальна спытаўся ў гарбунка:
— Не ведаеш, што ён мне паставіў?
— Адкуль мне ведаць... — уздыхнуў Юзя.
— А як табе здаецца?
— Я, — сказаў гарбунок, — даў бы табе пяцёрку, ну, няхай чацвёрку, але ён...
— А ён колькі паставіў? — настойваў я.
— Здаецца, кол... Ды гэта ж дурань, што ён там ведае... — адказаў Юзя тонам глыбокага пераканання.
Нягледзячы на сваю кволасць, хлопец ён быў працавіты і быстры. Звычайна я чытаў у класе раманы, а ён слухаў настаўнікаў і пасля пераказваў мне іх урокі.
Аднойчы я спытаўся ў яго, пра што гаварыў наш настаўнік заалогіі.
— Ты ведаеш, — адказаў гарбунок з таямнічым выглядам, — пра тое, што расліны падобныя да жывёлаў.
— Асёл ён, — адказаў я.
— Ну! — сказаў гарбунок. — Ён мае рацыю. Я ўжо трохі яго разумею.