Толькі цяпер я, нарэшце, адкрыў у самім сабе той сапраўдны талент, прырода якога ахоўвала мяне ад тэарэтычных пошукаў, а штурхала да калектыўнай дзейнасці. Я належаў да першакласных ігракоў у мячык, бываў камандзірам у бойках, наладжваў групавыя прагулы, дырыжыраваў у класе агульным тупатам ці бэканнем, чым мы, усе шэсцьдзесят хлапчукоў, займаліся сяды-тады для адпачынку. Затое, аказаўшыся сам-насам з граматычнымі правіламі, выключэннямі, скланеннямі і спражэннямі, якія, як вядома, з'яўляюцца асновай філасофскага мыслення, я раптам адчуваў у душы нейкую пустату, з глыбіняў якое выплывала санлівасць.
Калі я пры такой здольнасці выкручвацца ад вучобы мог на ўроках адказваць даволі складна, дык гэта толькі дзякуючы моцнаму зроку, які дазваляў мне чытаць з кніжкі, што ляжала на другой ці на трэцяй парце. Здаралася часамі, што я выдаваў зусім не тое, што было зададзена, і тады я хапаўся за стэрэатыпны спосаб апраўдання. Казаў, што добра не пачуў або — спалохаўся.
Наогул быў я вучнем будучыні, не толькі таму, што абуджаў нездаволенасць у старых руцінёраў, а карыстаўся сімпатыяй маладых, але і таму, што добрыя адзнакі па розных прадметах, а разам з гэтым і надзею перайсці ў наступны клас бачыў я толькі ў марах, якія значна апярэджвалі рэчаіснасць.
Мае адносіны з настаўнікамі былі розныя.
Настаўнік лацінскай мовы ставіў мне нягоршыя адзнакі таму, што я стараўся на ўроках гімнастыкі, якія вёў таксама ён. Ксёндз, выкладчык рэлігіі, наогул не ставіў мне адзнак, бо я засыпаў яго мноствам нялёгкіх пытанняў, на якія ў яго быў заўсёды той самы адказ: «Ляснеўскі, стань на калені!» Настаўнік малявання і каліграфіі хваліў мяне як мастак, але ганіў як каліграф; аднак таму, што ў разуменні ягоным майстэрства пісьма было найважнейшым школьным прадметам, у душы сваёй ён галасаваў за каліграфію і ставіў мне «калы» ці «двойкі».
Арыфметыку я разумеў зусім добра, бо выкладалася яна метадам нагляднага навучання — біццём па лапах за няўважлівасць. Настаўнік польскай мовы прарочыў мне выдатную кар'еру, бо я аднойчы нейкім цудам напісаў на яго імяніны верш — пахвалу ягонай суровасці. Адзнакі па іншых прадметах залежалі ад таго, наколькі добра падказвалі мне сябры і ці на той, што трэба, старонцы была раскрыта кніга на пярэдняй парце.
Найбольш блізкія адносіны былі ў мяне з інспектарам. Чалавек гэты так прызвычаіўся выпрошваць мяне на ўроках з класа і да сустрэч са мною пасля заняткаў, што аднойчы шчыра занепакоіўся, чаму гэта я за цэлы тыдзень ні разу не нагадаў яму пра сябе.
— Ляснеўскі! — гукнуў ён, аднойчы сустрэўшы мяне на вуліцы. — Ляснеўскі!.. Ты што — дахаты?..
— А я ж нічога не зрабіў.
— Дык што, сёння цябе не запісалі ў журнал?
— Далібог, не!
— І вывучыў усё?
— Але ж сёння мяне не выклікалі!..
Інспектар задумаўся.
— Штосьці тут не так! — шапнуў ён. — Ведаеш што, Ляснеўскі, ты тут хвілінку пачакай.
— Даражэнькі мой пане інспектар, дык я ж ні ў чым не вінаваты!.. Далібог! Ну далібог жа!..
— Ага — ты божышся, асёл?.. Пайшлі ж, калі так!.. Калі і праўда, што ты нічога не натварыў, дык на наступны раз залічыцца!..
Наогул у пана інспектара ў мяне быў адкрыты крэдыт, і гэта стварыла мне ў школе пэўную папулярнасць, тым больш грунтоўную, што яна ні ў кім не абуджала жадання канкурэнцыі.
У ліку некалькіх дзесяткаў першакласнікаў, адзін з якіх ужо галіў вусы сапраўднай брытвай, трое цэлымі днямі гулялі пад партай у карты, а іншыя былі здаровыя, як кантаністы[2], быў калека — Юзя. Хлопчык маленькі на свае гады, гарбаты, благі, з сінім носікам, бледнымі вачыма і гладкімі валасамі. Быў ён такі кволы, што ў дарозе са школы дахаты павінен быў адпачываць, і такі баязлівы, што, калі яго выклікалі адказваць урок, нямеў са страху. Ніколі ён ні з кім не біўся, толькі іншых прасіў, каб яго не білі. Калі яму аднойчы «далі ляшча» па сухой, як кіёчак, руцэ — самлеў, аднак, апрытомнеўшы, не паскардзіўся.
Ён не быў сірата, але бацька прагнаў маці, а Юзя пакінуў сабе, сам захацеў кіраваць яго вучобай. Сам хацеў праводзіць сына ў школу, разам з ім праходжвацца, падвучваць яго, аднак не рабіў усяго гэтага з-за недахопу часу, які ў яго дзіўна хутка знікаў у Мошкі Ліпы, што гандляваў гарэлкай і аўсяным півам.
Такім чынам у Юзя не было аніякай апекі, а мне часамі здавалася, што на такога мальца нават і бог з неба глядзіць неахвотна.
А грошы ў Юзя ўсё-такі бывалі, па шэсць і па дзесяць грошаў на дзень. За іх ён павінен быў у перапынку купляць сабе дзве булачкі і сасіску. Але таму, што ўсе з яго здзекаваліся і трэба было неяк страхавацца, ён купляў пяць булачак і раздаваў іх найдужэйшым сябрам, каб мець у іх ласку.
Гэты падатак не вельмі яму дапамагаў, бо апроч пяці падкупленых было разоў тры болей тых, каго ён не мог падкупіць. Дакучалі яму няспынна. Той ушчыкне, той тузане за валасы, іншы чым-небудзь уколе, яшчэ іншы дасць лузгана, а ўжо найменш адважны назаве гарбатым.
Юзя толькі пасмейваўся на гэтыя жарцікі, часамі прасіўся: «Годзе ўжо!..», а то і зусім нічога не гаварыў — абапрэцца на сваіх худых руках і плача.
Сябры крычалі тады: «Зірніце, як горб трасецца!..» і дакучалі яму яшчэ горш.
Я спачатку не звяртаў на гарбатага ўвагі, бо ён здаваўся мне размазнёй. Але аднойчы той наш здаравяк, што ўжо галіўся, сеў перад Юзем і пачаў даваць яму пстрычкі то ў адно, то ў другое вуха. Гарбун плакаў наўзрыд, а клас ажно тросся ад рогату. Тады мяне штосьці кальнула ў сэрца. Я выхапіў свой нож-складанчык, пырнуў таго дубіну ў руку, да самай касці, і закрычаў, што я зраблю так кожнаму, хто Юзя зачэпіць!..
У здаравілы пайшла кроў, ён збялеў як сцяна, і здавалася, што самлее. Увесь клас раптам перастаў рагатаць, а потым пачуўся крык: «Так яму, няхай не лезе да калекі!..» Тут увайшоў настаўнік, пачуў, што я параніў сябра нажом, і ўжо хацеў паклікаць інспектара і дзядзьку з розгамі, аднак сябры пачалі прасіць за мяне, нават і сам паранены здаравіла. Дык мы пацалаваліся, спачатку я са здаравілам, пасля ён з Юзем, тады Юзя са мной, — гэтым і абышлося.
На працягу ўсяго ўрока гарбунок усё паварочваўся да мяне і ўсміхаўся, відаць, таму, што за ўвесь гэты час ніхто не даў яму лузгана. У перапынку таксама ніхто яму не дакучаў, а некаторыя сказалі, што будуць Юзя абараняць. Ён ім дзякаваў, але падбег да мяне і хацеў мне даць булку з маслам. Я не ўзяў, ён засаромеўся, а потым ціха сказаў:
— Ведаеш, Ляснеўскі, што, — скажу я табе адзін сакрэт.
— Гавары, — сказаў я, — толькі хутка.
[2] Кантаніст — салдацкі сын, выхаванец ніжэйшай вайсковай школы.