— Лайдак!.. Падпальшчык!.. Сапсаваў такі ключ! — адказаў бацька, а потым хутка дадаў: — На калені, зладзюга ты, перад паняй!..
Ён злёгку падштурхнуў мяне наперад.
— Хочаце забіць, дык забівайце, а я перад нікім не стану на калені! — адказаў я, не зводзячы вачэй з пані, якая зрабіла на мяне дзіўнае ўражанне.
— Ах, мая долечка!.. — зжахнулася, склаўшы рукі, Салюся.
— Супакойся, мой хлопчык, ніхто цябе тут не пакрыўдзіць, — сказала пані.
— Якраз ніхто... Як быццам я не ведаю, што вы мяне застрэліце... Так жа мне абяцаў арганіст! — запярэчыў я.
— Ах, мая долечка!.. — зноў зжахнулася ключніца.
— Старасць маю ганьбіць! — грымнуў бацька. — Скуру здзёр бы з нягодніка і соллю пасыпаў бы, каб пані графіня не ўзяла яго ў абарону.
Кухар, які стаяў у кутку тэрасы, ажно ссінеў ад смеху, прыкрыўшы рот рукою. Я не мог вытрымаць і паказаў яму язык.
Служба зашапацела здзіўлена, а бацька, схапіўшы мяне за плячо, гукнуў:
— Ты гэта што?.. Каля пані графіні — язык салапіць?..
— Я паказаў язык кухару, бо ён думаў, што застрэліць мяне, як старога буланага...
Пані графіня яшчэ больш пасумнела. Адгарнула з майго лба валасы, зблізку паглядзела ў вочы і сказала майму бацьку:
— Хто ведае, пане Ляснеўскі, што яшчэ будзе з гэтага дзіцяці?..
— Шыбенік! — адрэзаў заклапочаны бацька.
— Невядома, — не згадзілася пані, гладзячы мае шорсткія валасы. — Трэба было б у школу яго аддаць, а то здзічэе тут.
Потым яна, адыходзячы ў салон, сказала прыцішана:
— З гэтага матэрыялу будзе чалавек, пане Ляснеўскі... Трэба толькі яго вучыць.
— Будзе па вашай волі, пані графіня! — адказаў бацька, даўшы мне па карку.
Усе пайшлі з тэрасы, а я застаўся, нібы скамянеўшы на месцы, глядзеў на дзверы, у якіх знікла наша памешчыца. Толькі цяпер я з жалем падумаў, што дарма не стаў перад ёю на калені, а ў грудзях мяне штосьці душыла. Калі б яна загадала, я ахвотна лёг бы на пажарышчы хлеўчука і памаленьку спёкся б. Не за тое, што яна не загадала кухару застрэліць мяне або адлупцаваць, але за тое, што ў яе такі салодкі голас, такі журботны позірк.
Пачынаючы з гэтага дня, у мяне было менш свабоды. Пані графіня не хацела страціць у полымі рэшту сваіх будынкаў, бацьку было прыкра, што ён не змог разлічыцца са мной за спалены хляўчук, а мне самому трэба было рыхтавацца паступаць у школу. Вучылі мяне арганіст і вінакур, на змену. Была нават гаворка, што некаторыя прадметы будзе выкладаць гувернантка з палаца. Аднак калі тая дама, пазнаёміўшыся са мной, убачыла, што ў кішэнях маіх поўна нажоў, камення, шроту і пістонаў, так спалохалася, што сустракацца са мной другі раз не захацела.
— Я такім бандытам урокаў не даю, — сказала яна маёй сястры.
А я тады стаў ужо значна сур'ёзнейшы. Толькі аднойчы хацеў паспрабаваць павесіцца. Але трапіўся нейкі іншы занятак, дык я і не зрабіў самому сабе нічога дрэннага.
Нарэшце, у пачатку жніўня мяне завезлі ў школу.
Дзякуючы рэкамендацыйным лістам пані графіні экзамены я паздаваў зусім добра, пасля чаго бацька ўладзіў мяне на кватэру, дзе і харчаванне, і рэпетытар, і сямейная апека ды ўсё іншае за дзвесце злотых і пяць карцоў[1] натураплаты за год, а таксама справіў мне школьную форму.
Новая вопратка так спадабалася мне, што я не змог нацешыцца ёю за ўвесь дзень, устаў ціхутка ноччу, упоцемку надзеў мундзір з чырвоным каўняром, шапку з чырвоным аколышам і хацеў пасядзець так некалькі хвілін. Таму, аднак, што ноч была дажджлівая, з дзвярэй трохі цягнула, а я, не лічачы мундзіра і шапкі, быў без нічога, узяў ды задрамаў і праспаў да раніцы ў новай форме.
Такі спосаб начавання развесяліў маіх сябрукоў, але ў гаспадара нашай кватэры абудзіў падазрэнне, што дома ў яго завёўся незвычайны свавольнік. Гаспадар пабег у заезд, дзе спыніўся мой бацька, і сказаў яму, што ні за якія грошы не будзе трымаць мяне на кватэры, хіба што бацька дадасць яму пяць карцаў бульбы на год. Пасля доўгага торгу сышліся на трох карцах, бацька затое развітаўся са мной такім чынам, што я і не шкадаваў, калі ён паехаў, і не сумаваў па доме, дзе мне часцей даводзілася б адчуваць такую самую прыхільнасць.
Мая вучоба ў першым класе не вызначылася якімі-небудзь незвычайнымі падзеямі. Сёння, гледзячы на той час з гістарычнай адлегласці, як вядома, неабходнай для аб'ектыўнага погляду на рэчы, хачу прызнацца, што ў агульных рысах жыццё маё не надта змянілася. У школе трохі даўжэй сядзелася ў закрытым памяшканні, дома — часцей бегалася па вольнай прасторы. Я змяніў цывільную вопратку на школьную форму, а асобы, што працавалі над гарманічным развіццём маіх фізічных і духоўных здольнасцей, замест нагайкі карысталіся розгамі.
Вось і ўсё.
Як вядома, школа, дзе хлопцаў гуртам рыхтуюць да жыцця ў грамадстве, дае ім такія веды, якіх яны не набылі б, гадуючыся паасобку. У гэтым я пераканаўся на першым тыдні вучобы, калі навучыўся майстэрству «адціскаць тварог», для чаго патрэбна па меншай меры тры асобы, якіх не знойдзеш за межамі грамадства.
[1] Карэц — даўнейшая мера, каля 129-ці кілаграмаў.